Кожны малады чалавек у свой час задумваецца аб тым, якую прафесію выбраць, як рэалізаваць сябе ў самастойным жыцці.
Педагагічны калектыў Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы работу па прафесійным самавызначэнні будуе зыходзячы з арыентацыі сваіх выпускнікоў на неабходныя, запатрабаваныя ў бліжэйшым вытворчым і сельскагаспадарчым асяроддзі прафесіі. Вялікую ўвагу мы надаем выхаванню ў дзяцей павагі да зямлі і сельскагаспадарчай працы, што садзейнічае замацаванню нашых выпускнікоў на сваёй роднай зямлі.
Вучні прымаюць удзел у жыцці свайго раёна, вёскі, дапамагаюць ветэранам працы. Працоўныя акцыі, аперацыі, дэсанты, якія арганізуюцца па ініцыятыве органаў вучнёўскага самакіравання пад кіраўніцтвам педагогаў, замацоўваюць ў навучэнцаў пачуццё адказнасці за свой край, сваю вёску, школу.
Ва ўстанове адукацыі праводзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі розных арганізацый раёна: РАНС, РАУС, Бераставіцкай ЦРБ, Макараўскай амбулаторыі, пад час якіх навучэнцы знаёмяцца з рознымі прафесіямі. Асаблівая ўвага надаецца ўзаемадзеянню ўстановы адукацыі з КСУП “Макараўцы”. Хлопчыкі і дзяўчынкі адпраўляюцца на экскурсіі на мехдвары, на малочна-таварныя комплексы, зернасклады, магазіны. Праводзяцца сустрэчы з людзьмі розных сельскагаспадарчых прафесій. Частым госцем ва ўстанове з’яўляецца намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Макараўцы” А.М.Капіца. Адным з відаў прафарыентацыйнай работы з’яўляюцца экскурсіі на вытворчыя сельскагаспадарчыя аб’екты. Асноўная мэта такіх экскурсій – даць агульнае ўяўленне аб сучаснай вытворчасці, прывіць павагу да людзей, якія працуюць у сельскай гаспадарцы.
Вось і нядаўна вучні 8 – 10 класаў пабывалі на малочна-таварным комплексе “777 – Канюхі”, дзе пазнаёміліся з умовамі і спецыфікай працы, асаблівасцямі вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, даведаліся, якія спецыялісты працуюць на прадпрыемстве. Ветэрынарны урач КСУП “Макараўцы” Міхаіл Мікалаевіч Жук паказаў асноўныя памяшканні комплексу, растлумачыў працэс дойкі кароў на сучаснай ферме. А яшчэ ўразіла дзяцей тое, што пры даенні кароў і дыягностыцы стану здароўя жывёл выкарыстоўваецца камп’ютар. Напэўна, кожны з прысутных пераканаўся ў тым, што працаваць у сельскай гаспадарцы цяжка, але ганарова, бо карміць хлебам, малаком людзей – годная прафесія.
Спадзяемся, што нашы выпускнікі і далей будуць вяртацца ў сваю гаспадарку пасля заканчэння навучальных устаноў. Нездарма кажуць: “Дзе нарадзіўся там і прыгадзіўся”.
Алена Будніцкая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы