Праз спорт – да правапарадку

Лента новостей

Спартыўныя мерапрыемствы пад дэвізам “Спорт, здароўе, закон” распачаліся 21 мая на базе Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Арганізатарамі іх выступілі аддзел па справах моладзі і аддзел унутраных спраў райвыканкама, камісія па справах непаўналетніх і кіраўніцтва прафесійных ліцэяў.

Як расказаў начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Віталь Болдак, арганізатары спадзяюцца, што спартыўныя мерапрыемствы, у якіх прымуць удзел навучэнцы ліцэяў і супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, будуць спрыяць не толькі прапагандзе здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі, але і прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў. Праз прыцягненне да пастаянных заняткаў спортам падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх ці маюць схільнасць да здзяйснення правапарушэнняў, можна будзе пазбегнуць шэрагу супрацьзаконных учынкаў, упэўнены Віталь Уладзіміравіч. І намнога лепш, калі падлеткі будуць сустракацца з супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў як сваімі сапернікамі на спартыўных пляцоўках, чым як прадстаўнікамі органаў правапарадку пры прыцягненні да адказнасці за злачынствы і правапарушэнні.
Каманды навучэнцаў Бераста­віцкага і Малабераставіцкага ліцэяў памераюцца сіламі з камандай супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў райвыканкама ў спаборніцтвах па валейболе, баскетболе і міні-футболе.
21 мая каманды ліцэяў ужо згулялі паміж сабой у валейбол і баскетбол, дарэчы, мацнейшымі ў абедзвюх гульнях аказаліся бераставіцкія ліцеісты. А 28 мая да спаборніцтваў далучыцца каманда супрацоўнікаў РАУС, якая пакажа свае сілы ў гэтых гульнях, а таксама і ў міні-футболе.

Ірына Міклаш, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *