Прадавец Алена Дулінская дорыць усмешку пакупнікам

Лента новостей

IMG_1908Цудоўная краіна дзя­цінства заўсёды побач з намі. Жывыя малюнкі паступовага разумення свету захоўваюцца ў памяці назаўсёды. І менавіта гульня была тым выдатным інструментам, які даваў дзецям магчымасць пераўвасобіцца, адчуць сябе дарослым чалавекам. Хто з нас не гуляў “у магазін”? Адчуць сябе прадаўцом або пакупніком было вельмі цікава.

Памятаю, “грашамі” для нас з маленькай сяброўкай на дзедаўскім хутары было звычайнае лісце з дрэва, пад якім стаяла лава, на якой мы размяшчалі “тавары”, але як цікава было выбіраць пакупку, разлічвацца. З маёй унучкай мы цяпер гуляем па-іншаму, яна выразае “грошы” з паперы і малюе там лічбы, і мы вельмі любім гуляць у кніжны магазін, але нязменнымі застаюцца той жывы інтарэс да гульні і непасрэдная радасць у дзіцяці ад яе. Вось і наша зямлячка Алена Дулінская, прадавец 4 разраду магазіна “Універсам” у г. п. Вялікая Бераставіца (на здымку) таксама адзначыла, што займальныя дзіцячыя гульні “ў прадаўца” вельмі шмат паспрыялі выбару прафесіі. А напісаць пра гэтую дзяўчыну мне захацелася праз некалькі месяцаў яе працы ў магазіне, і заўважыла яе не толькі я, але і многія, хто пастаянна бывае там.
Магазіны райспажыўтава­рыства і прадстаўнікоў прадпрымальніцкай “кагорты” адрозніваюцца. У кожным свая спецыфіка. У “дзяржаўных” больш стабільнасці, у прыватніка — значная доля рызыкі. Прадаўцы зараз ветлівыя ва ўсіх магазінах, рэдка мы сутыкаемся з недобразычлівымі адносінамі. Але і ўсмешку нам дораць нячаста, як гэта прынята на Захадзе, ці нават і на Усходзе. Вядома, захоўваць добры настрой пры нялёгкай працы няпроста, і хлеб прадаўца ў прадуктовых магазінах па-сапраўднаму нялёгкі. Але Алена звяртае на сябе ўвагу своеасаблівым адметным талентам да гэтай прафесіі. Колькі разоў даводзілася заўважаць, як ўвішная дзяўчына хуткім крокам падыходзіць да прылаўка, як толькі здалёк ўбачыць пакупніка, усміхнецца яму. Нават калі пераборлівая гаспадыня, напрыклад, выбірае мяса, і кожны іншы кавалак ёй здаецца лепшым, а ўрэшце яна спыняецца на самым першым, хто-небудзь можа і страціў бы цярпенне, ды толькі не Алена. Яна радуецца, што жанчына застаецца задаволеная, ад душы дорыць шчырую добрую ўсмешку, і тая адказвае тым жа. Ад такога падыходу на справы выйграюць абодва бакі – настрой паляпшаецца і ў пакупніка, і ў прадаўца. А нязменная ветлівасць прыемнай абаяльнай дзяўчыны прымушае ўспомніць крылаты выраз вялікага Мігеля Сервантэса, аўтара бессмяротнага “Дон Кіхота”: “Нішто не даецца чалавеку так танна, і не цэніцца так дорага, як ветлівасць”. Каб усе мы пра гэта пастаянна памяталі, свет быў бы значна лепшым.
Час зараз няпросты. Вядома, і пакупнікі бываюць розныя, са сваімі характарамі, асабліва тыя, хто набывае алкаголь. Алена шчыра прызнаецца, што здараюцца кур’ёзныя выпадкі, калі аматару спіртнога не хапае грошай на бутэльку і “вінаватым” застаецца прадавец. Але і з такімі людзьмі ўмее дзяўчына абысціся па-добраму, не змяніўшы свайму пастаяннаму залатому “ветліваму правілу”, не пашкадуе і добрай усмешкі, каб суцішыць канфлікт у самым яго “зародку”.
Маладзенькая дзяўчына яшчэ толькі нядаўна закончыла гандлёвы каледж у Гродне, працуе першы год. У полі зроку прадаўца і прывабны выгляд магазіна, і зручны расклад тавараў. Цікавяць пакупнікоў акцыі, калі зніжаюцца цэны. Ва “Універсаме” ёсць свой пакупнік, які аддае перавагу менавіта гэтаму магазіну, і нездарма. Стараюцца разам з Аленай і іншыя маладыя прадаўцы, тут іх цэлы “кветнік”. Падабаецца людзям, напрыклад, і тое, што тут пастаянна можна купіць недарагую і добрай якасці агародніну – моркву, буракі, бульбу, капуста як на падбор. Вялых караняплодаў тут не ўбачыш, за таварным выглядам іх сочаць.
Дзяўчыне падабаецца працаваць у гэтым магазіне, але яна жадае павышаць свой узровень, вучыцца далей, збіраецца паступаць на эканаміста ў Мінск або Гомель. “Азы” эканомікі ёй ужо даводзілася вывучаць у каледжы, і навука яе зацікавіла.
Апошняе маё пытанне было на асабістую тэму:
— А замуж пакуль што не збіраецеся?
— Прапаноўвалі ўжо, але не, не збіраюся. Хачу паступаць, вучыцца далей.
А без жаніхоў такая цудоўная дзяўчына не застанецца…
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *