Подзвігу народа — жыць у памяці пакаленняў

Лента новостей

58Вельмі дарагой цаной здабыты незалежнасць нашай краіны, наша мірнае жыццё.  Кожны трэці  жыхар Беларусі не вярнуўся з франтоў, быў закатаваны ў канцлагерах,  загінуў у тыле.  Бераставіччына таксама страціла ў гады ваеннага ліхалецця нямала сваіх  жыхароў.  Мы памятаем  пра іх,  схіляем галовы перад іх салдацкім і чалавечым подзвігам. Мы  шчыра ўдзячны ўсім тым, хто  з перамогай вярнуўся дамоў. Нізкі паклон былым франтавікам і работнікам тылу, вязням канцэнтрацыйных лагераў, турмаў і ўсім тым, хто перанёс страшэнныя цяжкасці той жудаснай вайны.

Напярэдадні Дня Незалеж­насці я гутару са старшынёй раённага савета ветэранаў Аленай Сілковай.
– Дзень Незалежнасці – гэта свята нашай свабоды. І свята, якое дазваляе літаральна кожнаму з нас рэалізаваць і свае жыццёвыя планы, і творчыя магчымасці, – кажа Алена Іосіфаўна. – Я штодня сустракаюся і гутару з членамі нашай ветэранскай арганізацыі. Пры гэтым часта думаю: якое гэта шчасце, што мы ўсё яшчэ маем цудоўную магчымасць слухаць успаміны пра вайну з вуснаў саміх яе ўдзельнікаў. На вялікі жаль, такіх паважаных сучаснікаў становіцца сярод нас усё менш… Сёння ў раёне пражываюць дваццаць два ўдзельнікі вайны, двое з якіх зусім нядаўна пераехалі на пастаяннае месца жыхарства да сваіх дзяцей з іншых абласцей. А непасрэдных удзельнікаў баёў сярод нас сёння ўсяго васямнаццаць чалавек. І – сорак сем пажылых землякоў з ліку тых, хто прымусова парабкаваў у час вайны ў Германіі і на тэрыторыі іншых краін, акупіраваных фашыстамі.
— Алена Іосіфаўна, хацелася б закрануць у нашай размове такую важную, на мой погляд, тэму, як сувязь пакаленняў, ушанаванне маладымі памяці пра тых, хто ваяваў. Нездарма, пэўна ж, год слаўнага юбілею Вялікай Перамогі з’яўляецца ў нашай краіне і Годам моладзі…
– Так. Менавіта моладзь працягвае справу сваіх бацькоў і сваіх дзядоў. Яна – будучае любой краіны. І мы, дарослыя, абавязаны зрабіць усё, каб памяць пра подзвіг старэйшага пакалення захоўвалася праз вякі. Патрыятычнаму выхаванню школьнікаў, падлеткаў і моладзі ў раёне надаецца вялікая ўвага, у тым ліку і членамі нашай арганізацыі. Нягледзячы на тое, што вайна ўсё далей адыходзіць у гісторыю, цікавасць да подзвігу дзядоў і прадзедаў у маладога пакалення не змяншаецца. Вучні ўстаноў адукацыі і навучэнцы ліцэя даглядаюць помнікі загінуўшым на франтах землякоў, вядуць пошукавую работу, сустракаюцца з ветэранамі і дапамагаюць ім. Вельмі імпануе тое, што дзеці стараюцца паболей ведаць пра Вялікую Айчынную як увогуле, так і пра ўдзел у ёй сваіх землякоў, у першую чаргу сваіх блізкіх сваякоў.
– Наколькі ведаю, нашы вучні і ліцэісты ўдзельнічаюць у конкурсах і віктарынах на ваенную тэматыку.
– І, заўважу з вялікай прыемнасцю, займаюць прызавыя месцы ў вобласці. У сёлетні юбілейны год Вялікай Перамогі праводзілася абласная віктарына “Гераічнаму подзвігу жыць у вяках”. Мэта яе – увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, прапаганда гераічных подзвігаў байцоў і камандзіраў, стымуляванне цікавасці навучэнцаў да вывучэння гісторыі, паглыбленне ведаў аб фактарах Перамогі, патрыятычнае выхаванне моладзі. Хачу зазначыць, што ў абласную камісію паступіла 48 калектыўных і індывідуальных работ. І, забягаючы наперад, зазначу, што нашы школьнікі былі адзначаны там сярод лепшых. А ў арганізацыйны камітэт па падвядзенні вынікаў раённага этапу гэтай віктарыны былі прадстаўлены работы з дванаццаці ўстаноў адукацыі.
– Што ўлічвалася пры аналізе адказаў і ў каго яны былі найбольш грунтоўныя?
– Улічвалася правільнасць і якасць афармлення адказаў, і, вядома ж, тое, наколькі поўна раскрыта тэма Вялікай Айчыннай вайны.
У намінацыі “Калектыўная работа першае месца занялі малабераставіцкія школьнікі, другое – вялікабераставіцкія, а трэцяе – макараўскія. У намінацыі “Індывідуальная работа” першынство было прысуджана зноў жа вучням Малабераставіцкай сярэдняй школы, другое – старадварэцкім школьнікам і трэцяе – канюхоўскім.
– Наколькі разумею, у вобласць была накіравана ка­лек­тыўная работа мала­бераставіцкіх школьнікаў?
–Так. І заняла там яна другое месца. Дзесяцікласнікі Ігар Анісеня, Мая Міхальчык, Катажына Глябовіч, Руслан Хлебнікаў і Таццяна Шмыга ўзнагароджаны кампакт-дыскам з запісам кінафільма “Брэсцкая крэпасць”. Дарэчы, вучні гэтай школы займаюць прызавыя месцы ўжо другі год запар.
– Перамога ў такой ганаровай віктарыне – гэта прызнанне заслуг і мясцовых настаўнікаў?
– Вядома. У Мала­бера­ставіцкай школе вельмі многа робіцца па патрыятычным выхаванні дзяцей, на высокім узроўні пастаўлена музейная работа. І школьнікі прымаюць у ёй непасрэдны і самы актыўны ўдзел.
Марыя Драпеза

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *