Першы адкрыты раённы фестываль паэзіі “Масалянскія салаўі— 2011” прайшоў на Бераставіччыне

Актуально Лента новостей

…У душы кожнага чалавека ёсць клапан, які адкрываецца толькі паэзіяй, — некалі сказаў вядомы рускі класік М.В.Гогаль. І гэта сапраўды так. У чарговы раз гэта пацвердзілася ў час правядзення адкрытага раённага фестывалю паэзіі “Масалянскія салаўі”, які праходзіў у Масалянах – адным з найпрыгажэйшых куткоў Гродзеншчыны. Масаляны нездарма былі выбраны месцам правядзення фестывалю, бо тут усё навокал створана для натхнення — і палац, пабудаваны ў эпоху рамантызму, і загадкавая каплічка над возерам, і пейзажны парк. І, думаецца, зусім невыпадкова тут калыска паэтычнага таленту члена Саюза пісьменнікаў СССР Івана Антонавіча Леткі. І менавіта таму, першы фестываль быў прысвечаны памяці нашага таленавітага земляка.

У мінулую суботу Масаляны ўпершыню сустракалі столькіх гасцей — аматараў паэзіі, песні, мастацтва. Сюды былі запрошаны старшыня праўлення Гродзенскага аддзялення саюза Беларусі Л.А.Кебіч, начальнік аддзела адукацыі аблвыканкама А.І.Сягоднік, сястра паэта Алена Антонаўна Касцяневіч, члены літаратурных аб’яднанняў “Надзея” з г.Гродна начале з І.Ф.Пятровай, “Зоры над Зальвянкай” з Зэльвенскага раёна начале з В.М.Семянякам, паэт, мастак, краязнаўца Міхась Вераціла з Ваўкавыскага раёна, творчае аб’яднанне пры Бераставіцкім Доме культуры начале з метадыстам па захаванні культурнай гістарычнай спадчыны М.І.Пацэнкам, прадстаўнікі працоўных калектываў раёна і многія іншыя. Арганізавалі мерапрыемства аддзелы адукацыі, культуры, па справах моладзі райвыканкама пры фінансавай падтрымцы РУСП “Масаляны”.
Гасцей і ўдзельнікаў фестывалю шчыра сустракалі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Т.М.Аксаміт, педагагічны калектыў Масалянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, дзеці. Для іх былі наладжаны пазнаваўчыя і цікавыя прэзентацыя “Па старонках Масалянскага краю” і экскурсія ў Масалянскую капліцу, якія правёў настаўнік гісторыі, краязнаўца з Вялікаэйсмантаўскай СШ Л.Р.Калеснік. У фае сельскага Дома культуры былі наладжаны выстава карцін Бераставіцкай мастачкі В.К.Шышпаронак і вугалок літаратурных твораў І.А.Леткі, школьнікаў.
Адкрываючы раённы фестываль паэзіі, з прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта С.Я.Чыкун. Сяргей Ягоравіч выказаў надзею, што гэтае свята, якое сабрала нераўнадушных людзей, аб’яднаных любоўю да прыгожага, стане на бераставіцкай зямлі традыцыйным. Ён падзякаваў арганізатарам мерапрыемства і ўручыў кіраўнікам літаратурных аб’яднанняў і адміністрацыі Масалянскай СШ фотатальбомы “Вялікая Бераставіца і ваколіцы”, якія нядаўна былі выдадзены райвыканкамам.
Пачалася пітаратурна-музычная кампазіцыя “Запрашаем у свет паэзіі” са знаёмства з жыццёвым і творчым шляхам нашага земляка І.А.Леткі, які нарадзіўся ў 1935 годзе ў чвараку каля панскага бровара, асірацелы ў самым ранннім дзяцінстве, гадаваўся старэйшымі сёстрамі ў вялікай сям’і Леткаў, дзе было 9 дзяцей. У 1954 годзе быў адным з лепшых сярод 32-х выпускнікоў першага выпуску Масалянскай сярэдняй школы. Вучнем Іван Летка вельмі любіў чытаць творы Купалы, Коласа, Пушкіна, Лермантава. Асабліва моцны ўплыў аказаў на фарміраванне характару і жыццёвых перакананняў дырэктар школы і настаўнік роднай мовы і літаратуры У.В.Хомчык. Іван з задавальненнем прымаў удзел у пастаноўках драматычнага гуртка пад кіраўніцтвам Уладзіміра Васільевіча. Унікальна адораны як акцёр, музыка, мастак, ён увесь час шукаў сябе, усё часцей пісаў вершы. Многія з іх прысвечаны роднаму краю, куды паэт штогод прыязджаў з Масквы. Пра сябе ён пісаў:
Нарадзіўся я ўлетку
З лёгкім прозвішчам Летка.
А ўвосень падрос,
Нібы грыб, паміж лоз.
Ад марозу зімою
Дбайны бусел замовіў,
вясны цёплыя ліўні
Сок для моцы далі мне.
Першыя вершы Івана Леткі былі надрукаваны ў часопісе “Полымя” ў 1960-м годзе, у 1962-м Іван паступае на завочнае аддзяленне літаратурнага інстытута і паспяхова заканчвае яго ў 1967-м. У гэтым жа годзе выходзіць яго першы зборнік “Тры крокі ад сонца”. Як заўсёды, думкі паэта з роднай мовай, з Радзімай. А затым адзін за адным выходзяць яшчэ тры зборнікі. У 1979 годзе Летка прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР.
Яго паважалі і шанавалі людзі.Ён умеў моцна і верна сябраваць. Яго сябрамі былі Анатоль Вялюгін, Рыгор Барадулін, Міхась Васілёк, Данута Бічэль-Загнетава, Алег Лойка, Юрка Голуб. Многія з іх прыязджалі на сустрэчу з Іванам Леткам у час яго штогадовых прыездаў на Радзіму. Гэтыя сустрэчы ў Масалянах заўсёды былі доўгачаканымі і радаснымі.
Вітаю вас, мае сябры!
І шлю вам нізкія паклоны!
Сябрам юнацкае пары
Цягну шурпатыя далоні.
Што вам сказаць?
Як вас абняць?
Шчакой калючаю прыткнуцца.
Куды гады мае імкнуцца?
Стрымаць? Не трэба іх трымаць!
Гады, гады, дзе іх падзеў
Я ў мінулым незваротным?
Расталі недзе у вадзе
На струйных рэчках каля Гродна.
Мой успамін, мае сябры!
Сустрэчам радуюся з вамі,
Дзе абдымаюць каранямі
Мяне адвечныя бары.
Як адзначыла сястра паэта А.А.Касцяновіч, выступаючы на фестывалі, да славы ён не імкнуўся. Ён быў шмат граннай асобай, шчодра надзеленай ад прыроды разнастайнымі здольнасцямі: іграў на некалькіх музычных інструментах, хораша спяваў, меў немалы акцёрскі талент, выдатна маляваў, быў сапраўдным майстрам трапнага народнага слова.
У 1999 годзе паэт, у лёсе якога перапляліся лёсы Паўлюка Багрыма і Максіма Багдановіча, пайшоў з жыцця. Землякі помняць пра свайго паэта: вучні школы сабралі матэрыял аб яго жыцці і творчасці, у сельскай бібліятэцы аформлены куток паэта. Так Іван Летка вярнуўся на радзіму, куды заўсёды імкнулася яго сэрца.
Паэтычную эстафету ад свайго слыннага земляка падхапілі вучні Масалянскай школы, дзе вось ужо шмат гадоў працуе паэтычнае аб’яднанне “Яблынька” і штогод папаўняецца скарбонка першых паэтычных спроб. Вядома, не ўсе вучні становяцца філолагамі і паэтамі, аднак густ да мастацкага слова, цікавасць да паэзіі застаецца на ўсё жыццё. Сярод ганаровых гасцей фестывалю была і член літаратурнага аб’яднання “Надзея”, выпускніца Маслянскай школы Вольга Агапонава.
На свята паэзіі былі таксама запрошаны з усіх школ раёна юныя прыхільнікі вершаванага слова. А іх першыя паэтычныя зборнікі прадстаўлены на выставе. Магчыма, камусьці з іх суджана ўзысці яркай зоркай на небасхіле роднага пісьменства, а на фестывалі адбыўся іх першы публічны дэбют.
З натхненнем пра вясну чыталі свае вершы юныя паэты Назар Клімко, Алеся Занеўская і Арцём Тапарыўскі з Вялікабераставіцкай школы, а таксама вучаніца Масалянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Алена Максімік. У выкананні Дзіяны Цыдзік з Кватарскага дзіцячага сада-базавай школы, Лізы Данько і Каці Сідаровіч з гімназіі п.Пагранічны, Маргарыты Абярган з Вялікабераставіцкай СШ гучалі вершы аб радзіме і прыродзе роднага краю. Вучні Малабераставіцкай СШ Дзяніс Сіцько і Кірыл Панасевіч прачыталі вершы пра самага дарагога чалавека на свеце — маці. Вершы сябрам, аднакласнікам, настаўнікам, школе прысвяцілі Насця Касіна з Канюхоўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, Насця Касьян з Пархімаўскай БШ і Ян Пясецкі з Паплаўскага дзіцячага сада-базавай школы. Пра першае каханне прагучаў верш вучаніцы Макараўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Наталлі Панкевіч.
Парадавалі сваімі вершамі слухачоў і госці — члены літаратурных аб’яднанняў ”Надзея” і “Зоры над Зальвянкай”—за плячыма якіх вялікі жыцццёвы вопыт, паэтычныя публікацыі ў мясцовых і рэспубліканскіх выданнях, агульныя і ўласныя зборнікі вершаў. Вершы некаторых паэтаў ужо вядомы бераставічанам, бо друкаваліся ў раённай газеце. Гэта верш “Бераставіца” В.М.Семянякі, які быў напісаны ў 1999 г. у час наведвання Пагранічнай школы. Знаёмыя чытачы “раёнкі” і з творчасцю нашай зямлячкі С.І.Літвінчык – родам яна з Клепачоў, а зараз жыве і працуе на зэльвеншчыне. Але, як зазначыла паэтэса: “Бераставіца заўсёды пануе ў маіх успамінах і прысутнічае ў многіх вершах”. Адзін з такіх вершаў прагучаў і зараз :
Жыццё адарвала, пагнала па свеце.
І я паляцела, куды паляцеў вецер,
Ды не магу пра цябу я забыцца –
Бераставіца, Бераставіца.
Я часта ў снах на радзіме бываю,
Сілы, падтрымкі, апоры шукаю.
Знаю, напоіш гаючай вадзіцай –
Бераставіца, Бераставіца …
Дарэчы, вершы гэтых аўтараў таксама ўвайшлі ў буклет, прысвечаны 500-годдзю Вялікай Бераставіцы.
Пранікнёна, ад душы гучалі паэтычныя радкі ў выкананні Міхася Верацілы.
Гучнымі апладысментамі віталі слухачы выступленне на масалянскай сцэне літаратурнага аб’яднання з Вялікай Бераставіцы. Яго кіраўнік М.І.Пацэнка нагадаў пра сустрэчы з Іванам Леткам, якія адбываліся ў студэнцкія гады. Мікалай Іванавіч падзяліўся сваім захапленнем ад яго цудоўнага голасу, калі той браў у аднаго са студэнтаў акардыён і спяваў песні пра Нёман, Гродна…
М.І.Пацэнка паведаміў, што раней літаратурнае аб’яднанне існавала пры раённай газеце “Знамя саветаў” (1953-1954 гг.), куды ездзілі з Масалян Іван Летка, а з Верхаўлян — Сяргей Габрусевіч (зараз працуе выкладчыкам ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы). Са сваімі вершамі занаёмілі прасутных бераставіцкія паэты В.К.Шышпаронак, С.В.Пракопік, А.І.Лагада. Дарэчы, Ала Іванаўна праспяваля яшчэ і цудоўную песню «Дзякуй, рабіна», словы да якой напіса сама.
Бурныя авацыі гасцей выклікала выступленне ініцыятара фестывалю, нашай зямлячкі Галіны Жывіцы, вершы якой таксама неаднаразова друкаваліся на старонках “Бераставіцкай газеты”.
Галіна Уладзіміра адзначыла, што даўно вядома, наколькі магутна ўздзейнічае сіла паэзіі на пачуцці чалавека. Часам чатыры радкі таленавітага аўтара могуць замяніць старонку тэксту прозы. У наш складаны і нялёгкі час паэты павінны згуртавацца, каб разам супрацьстаяць абыякавасці, цынізму, каб разам выхоўваць сілай паэтычнага слова ў моладзі высокую духоўнасць, прыгажосць чалавечых пачуццяў, уменне бачыць хараство жыцця і радавацца яму.
Шмат добрых, цёплых слоў было сказана ў адрас арганізатараў раённага фестывалю паэзіі “Масалянскія салаўі — 2011”. Усе выступаючыя сышліся на адным – такія творчыя сустрэчы вельмі патрэбныя. Яны дазваляюць і дарослым, і дзецям далучыцца да паэтычнага слова ў сяброўскай атмасферы. Наогул жа, як адзначыў М.І.Пацэнка, фестываль атрымаўся не раённым, а міжраённым і праведзены быў на высокім узроўні.
Святочную атмасферу ў час фестывалю стваралі таксама і музычныя нумары ў выкананні Андрэя Аруткіна, Уладзіміра Макара, Вадзіма Антоненкі, трыа “Капелла” і інш.
Зінаіда Самкова, фота аўтара



Теги:

1 комментарий по теме “Першы адкрыты раённы фестываль паэзіі “Масалянскія салаўі— 2011” прайшоў на Бераставіччыне

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *