Пераможца краязнаўчай анлайн-віктарыны “Знакамітыя асобы роднага краю” — Павел Буры з Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы

Лента новостей

img_8040З 20 па 30 кастрычніка на сайце “Бе­раставіцкай газеты” праходзіла краязнаўчая анлайн-віктарына “Знакамітыя асобы роднага краю”, арганізаваная рэдакцыяй газеты сумесна з аддзеламі адукацыі, спорту і турызму і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. На распрацаваныя супрацоўнікамі раённай бібліятэкі пытанні, якія датычыліся вядомых людзей, звязаных з гісторыяй Бераставіччыны,за невялікі прамежак часу паспрабавалі адказаць больш за сто ўдзельнікаў анлайн-віктарыны.
І толькі адзін з іх – вучань 10 класа Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы Павел Буры паказаў максімальны вынік і адказаў правільна на ўсе пытанні пра знакамітых землякоў.
9 лістапада арганізатары віктарыны наведалі ўстанову адукацыі, у якой вучыцца Павел, каб павіншаваць яго з перамогай і ўручыць заслужаныя ўзнагароды.
На лінейцы, у прысутнасці вучняў Канюхоўскага ясляў-сада-СШ метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Кудлаш узнагародзіла Паўла Бурага Дыпломам I ступені і ўручыла памятныя сувеніры. Ад галоўнага рэдактара “Бераставіцкай газеты” Зінаіды Самковай юнак атрымаў сертыфікат на бясплатную падпіску на раённую газету на першы квартал 2017 года, а яшчэ адным падарункам для яго стаў фотаальбом “Вялікая Бераставіца і ваколіцы”, які прывезла загадчык аддзела па рабоце з моладдзю Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вераніка Грахоўская.
У размове са мной Павел расказаў, што ён даўно цікавіцца гісторыяй роднага краю, таму і вырашыў праверыць свае веды праз удзел у віктарыне.
— Пытанні віктарыны былі даволі складанымі, — заўважыў юнак, — над некаторымі з іх прыйшлося добра падумаць і нават звярнуцца да раённай кнігі “Памяць”. Але тым больш цікавым стаў удзел у гэтым выпрабаванні і тым больш радаснай перамога.
Улічваючы цікавасць нашых чытачоў да віктарыны “Знакамітыя асобы роднага краю”, мы пакідаем яе на сайце “Бераставіцкай газеты” ў раздзеле “Анлайн-гульня”, праўда, цяпер ужо без рэгістрацыі ўдзельнікаў і без вызначэння пераможцаў. Кожны жадаючы можа яшчэ раз паспрабаваць адказаць на пытанні віктарыны і праверыць свае веды па гісторыі роднага краю і ўспомніць вядомых людзей Бераставіччыны.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *