4 красавіка – Вялікдзень (каталіцкая Пасха)

Лента новостей Тема недели

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Умілаваныя браты і сёстры!

«Хрыстос Уваскрос!» – гэтыя радасныя і поўныя таямнічасці словы адкрываюць усім нам Божую праўду пра сэнс жыцця і смерці. 

Падзея Уваскрасення Езуса Хрыста стала цэнтральнай з усяго таго, што ўчыніў Бог. Усе Яго дзеянні, пачынаючы ад стварэння свету, былі дзеля гэтага дня — моманту Уваскрасення Хрыста. Падобна таму, як падчас стварэння свету Бог аддзяліў святло ад цемры, так дзякуючы таямніцы Уваскрасення жыццё аддзялілася ад смерці. Уваскрасенне Езуса Хрыста — гэта Яго перамога над грахом, злом і смерцю, якая споўнілася ў імя бязмежнай любові Бога да чалавека, гэта фундамент нашай веры, бо калі б Хрыстос не уваскрос, то марнай была б наша вера, пісаў святы апостал Павел.

У гэты Вялікі Дзень пасылаем вам, браты і сёстры, шчырыя пажаданні любові, спакою, радасці ў кожным доме, атуляем сваёй малітвай хворых, самотных, вязняў, няхай Уваскрэслы Хрыстос будзе для вас падтрымкай і крыніцай надзеі!

Няхай гэтая Пасхальная  праўда, якая стала фундаментам хрысціянскай веры, ажыўляе нашу надзею ў прысутнасць Езуса Хрыста сёння сярод нас.

Няхай радаснае «Алілуя!» гучыць у нашых сэрцах і душах, няхай збаўчая Пасха ідзе па зямлі, няхай закране кожнага чалавека, няхай адорыць яго новым жыццём ва ўваскрэслым Хрысце!

З благаслаўленнем, святары Бераставіцкага дэканата



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *