Паспрыяў росквіту мястэчка Бераставіца

Из истории земли Берестовицкой Культура

878Да 300-годдзя з дня нараджэння Е.А. Мнішка (1715 – 1778), дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, уладальніка Вялікай Бераставіцы.

Ежы Аўгуст Вандалін – прадстаўнік польскага магнацкага роду Мнішкаў з уласным гербам “Сяміпер’е” пакінуў у Вялікай Бераставіцы значную спадчыну, якая стала падмуркам у станаўленні Бераставіцы як мястэчка з гандлёвым і рэлігійным цэнтрам на заходняй ускраіне ВКЛ.
Нарадзіўся Ежы Аўгуст у Дрэздэне ў 1715 годзе, быў старэйшым сынам Юзафа Вандаліна Мнішка (1670 – 1747), маршалка вялікага кароннага і кашталяна Кракаўскага і яго другой жонкі Канстанцыі Тарла. Ежы Аўгуст атрымаў хатняе выхаванне, з 1726 года яго настаўнікам стаў ксёндз ордэна піяраў Дыметрыуш Кола, вядомы гісторык, аўтар трактата па геральдыцы (1747). Бацька клапаціўся аб кар’еры свайго сына, павёў яго на дзяржаўную службу, у 1729 годзе перадаў Ежы Аўгусту стараства санацкае.
Служба на першай пасадзе лоўчага кароннага ў 1732-1736 гг. прынесла Ежы Аўгусту Ордэн Белага Арла — вышэйшай узнагароды Рэчы Паспалітай. У 1736 годзе ён бярэ шлюб з Біхільдай Шэмбек, дачкой канцлера Яна Шэмбека, падарожнічае па Заходняй Еўропе (Дрэздэн, Прага, Вена, Рым). Вяртаецца з жонкай у Гданьск, дзе будуе маёнтак. Потым пад наглядам бацькі Юзафа Мнішка кар’ера сына рашуча пайшла ўгару. Ежы Аўгуст атрымлівае пасады падкаморнага ВКЛ у 1736-1742 гг., маршалка надворнага кароннага ў 1742 годзе, генеральнага старасты вялікапольскага ў 1757 годзе. Але кар’ерны рост не спрыяў сямейнаму шчасцю Е.А.Мнішка. На 24 годзе жыцця памірае бяздзетная жонка Біхільда. Праз два гады, у 1750 годзе, Ежы Аўгусту пашанцавала прасіць рукі графіні Марыі Амеліі Бруль (1736 – 1772), дачкі першага міністра Саксоніі Генрыха Бруля. Пасля доўгіх роздумаў бацькі згадзіліся. Марыя Амалія нарадзіла Ежы Мнішку доўгачаканае дзіця – дзяўчынку Юзафіну (1752 – 1798), будучую ўладальніцу Бераставіцы (у 1774 годзе).
У палітычным жыцці Е.А. Мнішак падтрымліваў караля Аўгуста ІІІ, адчуваў апеку яго міністра графа Генрыха Бруля. У 1745 годзе Ежы Аўгуст заручыўся падтрымкай імператрыцы Лізаветы Пятроўны, за што атрымаў Ордэн Святога Андрэя Першазванага. Змагаўся супраць уплыву партыі Чартарыйскіх пры каралеўскім двары. Е.А.Мнішак быў праціўнікам абрання Станіслава Аўгуста на польскі трон. Але пацярпеў паражэнне і ў знак пратэсту пакінуў дзяржслужбу ў канцы 1767 года. Жыў у сваёй рэзідэнцыі ў Дуклі (Падкарпацкае ваяводства, Польшча).
У 1773 годзе Ежы Аўгуст згадзіўся выконваць абавязкі кашталяна кракаўскага. Ён вёў мецанацкую дзейнасць, узнаўляў касцёлы і палацы ў Варшаве і Гданьску, Дэмбліне і Дуклі. Напрыклад, у 1755 годзе для жыхароў вёскі Беска Санацкага павету ён будуе касцёл Узвіжання Святога Крыжа – помнік драўлянага дойлідства Польшчы, які захаваўся да нашых дзён. Ежы Аўгуст валодае шматлікімі стараствамі як на тэрыторыі Польшчы, так і сучаснай Беларусі – гэта Крычаўскае на Магілёўшчыне, Бераставіцкае на Гродзеншчыне. Як уладальнік Вялікай Бераставіцы Ежы Аўгуст спрыяў росквіту гэтага мястэчка. Ён завяршыў будаўніцтва мураванага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі, распачатае яго бацькам у 1742 годзе замест згарэлага драўлянага. Сёлета гэты помнік архітэктуры позняга барока адзначае 400-годдзе з часу заснавання (1615). Пры касцёльным двары адкрыў Е.А. Мнішак швейную майстэрню па вырабу рэлігійнага адзення, упрыгожанага вышыўкай з шаўковых нітак і тасьмы, якія прывозіліся з радзівілаўскіх мануфактур. Прыкладам можа быць рэлігійнае адзенне (арнат канца ХVІІІ ст.), выстаўленае ў музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы (на фота).
Ежы Аўгуст Вандалін стаў ініцыятарам надання Вялікай Бераставіцы Магдэбургскага права ў 1754 годзе, абраў тэматыку месніцкага герба “Вавёрка”. І, нарэшце, фундаваў будаўніцтва ў мястэчку ратушы з гандлёвымі радамі па праекту нямецкага архітэктара Я.Г. Клема 5457(каля 1710-1777). Так Бераставіца стала гандлёвым месцам, праз якое праходзілі гандлёвыя шляхі з Гродна да Свіслачы, з Беластока да Ваўкавыска праз Крынкі.
У сваёй любімай рэзідэнцыі ў Дуклі Ежы Аўгуст перабудаваў стары замак у новы прыгожы палац з тэатрам і паркам. Там заснаваў масонскую ложу, аднавіў кляштар бернардынаў, фінансаваў яркія набажэнствы ў гонар Св. Яна Непамука і выставіў шмат фігур гэтага святога ў сваіх уладаннях. У свой час была капліца са статуяй Св. Яна Непамука і ў Вялікай Бераставіцы.
Памёр Ежы Аўгуст Мнішак 15 кастрычніка 1778 года ў Дуклі, дзе і пахаваны ў парафіяльным касцёле Св. Марыі Магдалены побач з каханай жонкай Марыяй Бруль.
Андрэй Втарушын,
настаўнік Бераставіцкай ДШМ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *