Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

Актуально Лента новостей

C:0H5=:>Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 красавіка прыняў удзел у сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Кіраўнік дзяржавы звярнуўся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. На мерапрыемства былі запрошаны вышэйшыя службовыя асобы краіны, члены ўрада, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, буйнейшых прадпрыемстваў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, сродкаў масавай інфармацыі.

Беларусь застаецца астраўком міру,
спакою і парадку
У сітуацыі ў свеце, якая імкліва змяняецца, Беларусь застаецца астраўком міру, спакою і парадку. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.
«Трэба прызнаць, што сітуацыя ў свеце апошнім часам змяняецца больш імкліва, чым мы маглі сабе ўявіць. Ну хто мог уявіць, што ў суседняй з намі Украіне будуць падаць бомбы і рвацца снарады? Што ў Еўропе зноў запахне вялікай вайной і градус напружання паміж вялікімі дзяржавамі вырасце да ўзроўню халоднай вайны? І гэта ўжо ніхто не ўтойвае, у тым ліку і ў гэтых вялікіх дзяржавах», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Наша заслуга ў тым, што Беларусь застаецца астраўком міру, спакою і парадку», — падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем заўважыў, што «нехта забыў урокі Вялікай Айчыннай вайны», сямідзесяцігоддзе заканчэння якой будзе адзначацца праз некалькі дзён. «Гэтыя ўрокі мог забыць хто хочаце, але толькі не беларусы. Тая вайна каштавала нам мільёны жыццяў, і таму, нягле­дзячы на час, мы цвёрда ведаем і помнім — няма на зямлі нічога даражэйшага, чым мір», — адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы пад­крэсліў, што сёння перад народам стаіць задача зберагчы найвялікшыя каштоўнасці — мір, парадак і незалежнасць Беларусі.
«Дзякуй богу, што сёння лёс нашай краіны вырашаецца не на франтах, не на плошчах. Наша будучыня вызначаецца ў іншай, мірнай сферы — у эканоміцы. Але менавіта тут нам даводзіцца весці бой з вельмі неспрыяльнымі знешнімі ўмовамі, а таксама з уласнымі лянотай, памылковымі думкамі, безадказнасцю і непрафесіяналізмам», — лічыць беларускі лідар.
На думку Прэзідэнта, ад добрасумленнай працы кожнага, ад дакладнасці і правільнасці рашэнняў улады сёння залежыць вельмі многае. «Не першы раз кажу: менавіта ў эканоміцы гарантыя нашай незалежнасці, залог міру і фундамент будучыні. І менавіта эканоміка сёння перажывае не лепшыя часы», — адзначыў ён.

Аб эканоміцы
У Беларусі да канца года
будуць прыняты важныя рашэнні ў эканоміцы для новых фактараў росту
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прычыны складанай сітуацыі ў эканоміцы відавочныя — гэта санкцыі супраць галоўнага партнёра Беларусі, спад цэн на нафту, дэвальвацыя расійскага рубля, звужэнне расійскага рынку. Усё гэта прывяло да натуральнага і рэзкага зніжэння збыту прадукцыі на рынках ключавых партнёраў Беларусі — Расіі, Украіны і Казахстана, усёй постсавецкай прасторы.
«Няма продажаў — няма выручкі ў прадпрыемстваў. У выніку менш валюты, падаткаў, грошай у бюджэце. Адсюль немагчымасць павышаць зарплату, скарачаецца занятасць людзей. Гэтыя знешнія фактары нам непадуладныя. Мы жывём у глабальным свеце, і ў нас адкрытая эканоміка, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Праблемы суседзяў неадкладна становяцца нашымі ўласнымі. І гэта аб’ектыўны бок крызісных з’яў».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за апошнія дваццаць гадоў сусветная эканоміка радыкальна змянілася і на змену індустрыяльнай эканоміцы ідзе эканоміка ведаў і паслуг.
Ён нагадаў, што яна ўжо стала асновай у найбольш развітых дзяржавах свету, такіх як ЗША, краіны Еўрасаюза, Японія, Ізраіль, «азіяцкія тыгры», курс на яе будаўніцтва ўзяў і Кітай, які па праву мае статус «фабрыкі свету». «Перад намі стаіць такая ж задача. І, відаць, трэба прызнаць, што мы спазняемся з яе вырашэннем», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць, што ёсць і яшчэ адна прычына праблем: якасць і прадукцыйнасць працы, якія не заўсёды канкурэнтныя.
Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што гэта толькі схематычнае абазначэнне прычын цяперашняй сітуацыі, аднак, на яго думку, яно вельмі неабходна, таму што яснае разуменне вытокаў праблем дае магчымасць хутчэй знайсці шляхі іх вырашэння.
«Даючы дакладныя адказы на самыя вострыя пытанні людзей, сёння мала сказаць: мы ўтрымаем курс, стрымаем цэны і захаваем рабочыя месцы. Значна важней паказаць, як мы гэта зробім», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт лічыць спрыяльнымі канкурэнтныя ўмовы
ў беларускай эканоміцы
«Чаму мы ныем, стогнем і плачамся? У нас што, вайна сёння ідзе? Мы рэсурсы атрымліваем па самай высокай цане? Я не хачу прыводзіць разлікі, колькі мы эканомім толькі на прыродным газе ў сувязі са спадам цаны на нафту. У нас нармальная сітуацыя і нармальныя ўмовы. Але трэба напружыцца і вырашаць праблемы. Не можаш вырашаць — ідзі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сітуацыю, калі былыя кіраўнікі спрабуюць вярнуцца на работу ў дзяржаўныя органы ў тыя сферы, дзе яны некампетэнтныя. «У такіх выпадках ёсць свабодныя прадпрыемствы. Вось табе прадпрыемства — ідзі і працуй, давай вынік», — сказаў Прэзідэнт.

Зніжэнне інфляцыі —
прыярытэтная задача
«Макраэканамічная стабільнасць — гэта залог нармальнага бізнесу. Зніжэнне інфляцыі для нас — прыярытэтная задача. Насельніцтва непакоіць менавіта рост цэн», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, асноўны шлях стабілізацыі цэн — скарачэнне сабекошту прадукцыі і паслуг, скарачэнне затрат з абавязковым захаваннем дасягнутага ўзроўню дабрабыту насельніцтва.
«Значыць, прадпрыемствам давядзецца зніжаць затраты не за кошт заработнай платы людзей, якую мы сёння на асобных прадпрыемствах несвоечасова плацім», — канстатаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што высокая інфляцыя сведчыць аб неэфектыўнасці выкарыстання грошай. «Яны павінны даваць аддачу. Тады і працэнтныя стаўкі будуць нізкімі, і крэдыты даступнымі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт даручыў ураду і Нацыянальнаму банку ўжо ў гэтым годзе выпрацаваць канкрэтную антыінфляцыйную праграму.

Рост цэн — вынік недахопу канкурэнцыі
«Трэба прызнаць, рост цэн — гэта вынік недахопу канкурэнцыі. Дзяржава павінна развіваць добрасумленную канкурэнцыю. На жаль, наша антыманапольная служба слабая, аморфная. Трэба падумаць, як нам узмацніць антыманапольную работу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Ёсць прапанова ўзмацніць антыманапольную службу. Добра, давайце гэта зробім. Але калі вы думаеце, што замест 100 чалавек будзе 500 і яны вырашаць праблему, то гэта пусты гук. Сёння трэба выпрацаваць сістэму», — заўважыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, антыманапольная служба павінна каардынаваць і рэгуляваць працэсы, падказваць, але не ўмешвацца ў дзейнасць старшынь аблвыканкамаў і іншых.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка даручыў дасканала выверыць і выбудаваць новую тарыфную палітыку ў сферы натуральных манаполій — у энергетыцы, чыгуначнай, авіяцыйнай, жыллёва-камунальнай галінах.

Аляксандр Лукашэнка
патрабуе не дапускаць
неабгрунтаванага росту цэн
«Мы ж самі пастаянна ўзнімаем цэны, маючы на ўвазе, што і па ЖКГ народ не даплачвае, і аб’еўся народ — вельмі нізкія цэны на прадукты харчавання, і энергетыка бедная, церпіць, трэба ўзняць цэны, даходы прадпрыемствам нафтаперапрацоўкі і іншым, яны, бачыце, мадэрнізуюцца, зарплата нізкая. Гэтага больш быць не павінна», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што практычна ўсе цэны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы.
Гэта стала відавочным у канцы 2014-га — пачатку бягучага года. «Калі нам трэба было стрымаць тых, хто зарваўся, то мы не стваралі ніякіх структур, не пылілі ў сродках масавай інфармацыі, мы ціха і спакойна ўзялі пад кантроль цэны. Калі мы ўбачылі, што нельга залішне іх пераціскаць, то па нейкіх пазіцыях адпусцілі», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён прывёў у прыклад кошт свініны, які не толькі не вырас, але нават знізіўся.
«Цэны залежаць ад нас. І нам трэба раз і назаўсёды прыняць рашэнне — калі мы не можам сёння павысіць зарплату, то і не трэба яе павышаць. У нас яе ніхто не просіць павысіць. Але вы не забірайце другой рукой з кішэні народа грошы. Гэта значыць не павышайце цэны там, дзе можам кантраляваць, — на ЖКП, цяпло, святло», — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, такі падыход неабходна захаваць як мінімум да канца года і паглядзець, якой будзе сітуацыя да 1 студзеня 2016 года.

Аб сацыяльнай палітыцы
У Беларусі не будуць адступаць ад правіла прамой, шчырай
размовы ўлады і народа
«Мы заўсёды ішлі гэтым шляхам — шляхам прамой, шчырай размовы ўлады і народа. І ў далейшым не будзем адступаць ад гэтага правіла», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў краіне не так даўно «супакоілі» сітуацыю на валютным рынку. Аднак тэмпы росту эканомікі скараціліся, многія прадпрыемствы загружаны прадукцыяй, якая не мае збыту.
Паводле слоў Прэзідэнта, у СМІ, у грамадстве ўсё часцей абмяркоўваюцца вострыя пытанні. У прыватнасці, чаму засталіся нявыкананымі тыя абяцанні па сярэдняй зарплаце ў краіне, якія ўлада публічна давала людзям, чаму буксуе прамысловасць, нягледзячы на значную дапамогу дзяржавы і пастаянную ўвагу на ўсіх узроўнях улады. «Але, галоўнае, людзі чакаюць адказу на ключавое пытанне: што будзе далей? Што будзе з курсам рубля і цэнамі? Што будзе з рабочымі месцамі як на дзяржпрадпрыемствах, так і ў прыватным сектары? Што новага прапануе ўлада ў адказ на відавочныя крызісныя з’явы ў нашай эканоміцы і ў эканоміцы нашых суседзяў?» — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Гэта складаныя і часта непрыемныя пытанні, прызнаў Аляксандр Лукашэнка. «Лягчэй за ўсё было б адысці ад іх і зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Але па-сапраўднаму моцная палітыка заўсёды заснавана на шчырасці. Сумленнае прызнанне праблемы — гэта палавіна яе вырашэння», — лічыць беларускі лідар.

Галоўнае для органаў улады — рэалізацыя прынцыпу
сацыяльнай справядлівасці
«Асноўная мэта сацыяльнай палітыкі дзяржавы — дабрабыт народа, павышэнне ўзроўню і якасці яго жыцця. Клопат аб людзях розных пакаленняў, рэалізацыя прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, увага да чалавека — гэта галоўнае для органаў улады», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
«Часам і я грашу гэтым, але ўрад вельмі тонка гэта адчуў. І ўсе гавораць: у нас народ разбалаваны. Так, крыху недзе разбалавалі народ. Але ж гэта трэба паставіць сабе ў заслугу, што падтрымліваем народ, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. —
Мэта нашай дзяржавы і любой улады ў любой дзяржаве — гэта народ. Усё дзеля чалавека».
«Заўтра ўсе будзем на пенсіі, не будзе чорных партфеляў, чорных аўтамабіляў і г.д і да т.п. Рана ці позна мы станем звычайнымі простымі людзьмі, — дадаў беларускі лідар. — Трэба памятаць аб гэтым і ствараць нармальную дзяржаву для народа».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на цяперашнія няпростыя ўмовы, бюджэт 2015 года, як і ў папярэднія гады, захоўвае сацыяльную накіраванасць. Гэта важны фактар забеспячэння згоды ў грамадстве і стабільнасці дзяржавы.
Ён адзначыў, што Беларусь уваходзіць у групу краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця. І за апошні час узнялася ў адпаведным сусветным рэйтынгу з 58-га на 53-е месца сярод амаль 200 дзяржаў. Аднак нельга спыняцца на дасягнутым, падкрэсліў Прэзідэнт.

Праблема сацыяльнага ўтрыманства павінна
вырашацца прадумана
Што датычыцца сацыяльнага ўтры­манства, то тут трэба падыходзіць прадумана, з улікам усіх узнікаючых пытанняў, падкрэсліў Прэзідэнт. Большасць грамадзян выконвае свой канстытуцыйны абавязак, працуе і плаціць падаткі. «У нас як улады няма ніякіх прэтэнзій да такіх людзей. Аднак некаторая частка працаздольных людзей не прымае ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў. Пры гэтым сацыяльнымі дабротамі карыстаюцца ўсе на аднолькавых правах. З пункту гледжання большасці людзей такі падыход несправядлівы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«У мэтах забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку грамадзян удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў па маім даручэнні распрацаваны і прыняты дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што ў адрас дэкрэта гучыць шмат крытыкі. «Баюся, мы штосьці недапрацавалі. Я ўжо даручыў Адміністрацыі і прашу распрацоўшчыкаў (дэкрэта. — Заўвага БелТА): унікніце ў кожную заўвагу, нават калі іх выказваюць нейкія шарлатаны ад палітыкі. Вывучайце, паглядзіце, каб мы не пакрыўдзілі нармальнага чалавека, — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. — Мы не павінны дапусціць ніводнай памылкі. Інакш добрую справу пахаваем».

Аб рабоце парламента
Лукашэнка: праблемы трэба абмяркоўваць у парламенце, а не на плошчы
«Беларускі парламент з’яўляецца галоўнай пляцоўкай для дыялогу, на якой прадстаўнікі розных слаёў грамадства могуць абмеркаваць актуальныя для краіны пытанні», — сказаў Прэзідэнт. Звяртаючыся да старшынь абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, Аляксандр Лукашэнка заклікаў запрашаць у парламент людзей з рознымі пунктамі гледжання. «Абмяркоўвайце праблемы, выпрацоўвайце тыя або іншыя рашэнні, уносьце прапановы. Я заўсёды гатовы выслухаць вас», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт дадаў, што ў цэлым парламентарыям неабходна больш актыўна ўзаемадзейнічаць з дзяржорганамі, грамадскімі аб’яднаннямі і бізнес-супольнасцю.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі назапашаны даволі вялікі вопыт парламенцкай дыпламатыі, які таксама трэба выкарыстоўваць. «У апошнія гады дэпутатамі ўнесены значны ўклад у развіццё міжнароднага супрацоўніцтва і міжнароднага заканадаўства, умацаванне інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Прадстаўнікі ад нашай краіны прымаюць удзел у пасяджэннях міждзяржаўных структур. Парламентарыі часта накіроўваюцца ў камандзіроўкі. Хацелася б, каб ад гэтых паездак была рэальная аддача», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
«Наш парламент сфарміраваўся як сталы і прадстаўнічы орган, які займае сваё дастойнае месца ў сістэме ўлады», — таксама адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што ў наступным годзе Нацыянальнаму сходу споўніцца 20 гадоў. За гэты час, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, удалося стварыць устойлівы прававы фундамент беларускага грамадства і сфарміраваць нацыянальную сістэму заканадаўства. «У той жа час агульнасусветныя сацыяльна-эканамічныя працэсы і роля ў гэтых працэсах Беларусі ставяць перад дэпутацкім корпусам на сучасным этапе шэраг новых задач», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неабходна пастаянна працаваць над павышэннем якасці падрыхтоўкі законапраектаў і дакладнасцю прагнозаў наступстваў іх прыняцця. «Не раз гаварылася ў гэтай зале аб прастаце і зразумеласці законапраектаў. У прыватнасці, мною неаднаразова даваліся даручэнні аб спрашчэнні ўмоў і парадку падаткаабкладання. Дзякуючы праведзеным падатковым рэформам за апошнія 10 гадоў у адпаведным рэйтынгу Сусветнага банка нам давялося ўзняцца з апошняга, амаль 200-га месца, на 60-е. Аднак мы так і не змаглі ўвайсці ў трыццатку лепшых», — сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што адказнасць за вырашэнне адпаведных пытанняў ляжыць у першую чаргу на ўрадзе, але і парламент не павінен быць пабочным наглядальнікам. «Гэта ваша агульная задача», — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Перш чым прымаць закон, неабходна падлічыць: а да якіх наступстваў гэта прывядзе. А ў нас, на жаль, вельмі часта бывае наадварот. Спачатку вырашаем нешта змяніць, але потым разумеем, што гэта было лішнім і прынесла больш шкоды, чым карысці».

Аб знешняй палітыцы
Беларусь займае паслядоўную міратворчую пазіцыю
Менавіта таму Беларусь стала найбольш прыдатнай пляцоўкай для нядаўніх перагавораў па Украіне. «Актыўнасць у адносінах да мірнага ўрэгулявання ва Украіне садзейнічае далейшаму ўмацаванню міжнародных пазіцый Беларусі. Але, самае галоўнае, што і амерыканцы, і еўрапейцы прызналі (з імі шмат сустракаўся я, наш міністр замежных спраў), што Беларусь сёння адыгрывае адну з важнейшых функцый у рэгіёне па забеспячэнні бяспекі. Гэта праўда, справядліва», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Нам прынцыпова важна ўмацоўваць у нашых партнёраў усведамленне, што прадказальная і стабільная Беларусь — гэта каштоўнасць для ўсяго свету», — заявіў Прэзідэнт.

Лукашэнка лічыць рэальным збліжэнне ЕС і ЕАЭС
«Нягледзячы на цяперашняе абвастрэнне геапалітычнай абстаноўкі, лічу, што наша ідэя інтэграцыі інтэграцый па-ранейшаму актуальная і перспектыўная. У рэшце рэшт мы прыйдзем да рэальнага збліжэння Еўрасаюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, да пабудовы Вялікай Еўропы ад Атлантыкі да Ціхага акіяна. Ажыццяўленню гэтай ідэі садзейнічае старшынства Беларусі ў ЕАЭС», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што заснаванне паўнацэннай арга­нізацыі рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю, адкрывае перспектывы прынцыпова новага ўзроўню ўзаемадзеяння з сусветнымі эканамічнымі аб’яднаннямі. «Наша агульная задача — пазбегнуць новых раздзяляльных ліній у Еўропе, выкарыстоўваць патэнцыял канструктыўнага ўзаемадзеяння на карысць нашых народаў», — дадаў ён.

Беларусь заўсёды будзе
поплеч з Расіяй
«І Еўрасаюз, і ЗША мяне разумеюць, калі я ім гавару: вы павінны ведаць, калі, не дай бог, што здарыцца, Беларусь будзе плячо ў плячо з Расіяй. Гэта наш саюзнік. Прыводжу прыклад: помніце, як у Іраку бамбілі? Нібыта знайшлі ядзерную зброю і павесілі Садама Хусэйна. Увесь свет ведаў, што гэта несправядліва, няправільна робяць Злучаныя Штаты Амерыкі. Але ўся Еўропа і натаўскія краіны выстраіліся адзін за адным і падтрымлівалі Амерыку, таму што яны саюзнікі. Усе павінны ведаць: мы былі з Расіяй разам і заўсёды будзем. І ніякіх пустых размоў у сувязі з Крымам, аб нібыта нейкім крэне Беларусі і паваротах кудысьці, не павінна быць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў Прэзідэнт, у Расіі ёсць сілы, якія «вельмі хочуць абмежаваць уплыў беларускай мадэлі развіцця і таго ж Лукашэнкі на працэсы, што адбываюцца ў РФ». «Такіх людзей нямала, і яны пачынаюць нас ціснуць па ўсіх напрамках. Не звяртайце на гэта ўвагі, гэта пройдзе. Некаторыя пачынаюць пад’юджваць: маўляў, Лукашэнкі не будзе 9 мая ў Маскве на парадзе, ён нібыта, каб дагадзіць Захаду, так зробіць з прыцэлам пад прэзідэнцкія выбары. Якое глупства! Мы з кіраўніцтвам Расіі выразна дамовіліся: у свеце засталося дзве краіны, якія свята шануюць Вялікую Перамогу. Мы дамовіліся: у Беларусі свой парад і ўрачыстыя мерапрыемствы, таму Прэзідэнт павінен быць 9 мая ў краіне са сваім народам. І замяніць яго ў гэтым ніхто не можа, галоўнакамандуючы павінен прымаць парад. У Маскву мы прыедзем 8 мая і як мае быць адзначым свята Перамогі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Расія як была, так і застаецца нашым галоўным стратэгічным партнёрам. «Супрацоўніцтва з ёю развіваецца паступальна, дынамічна. Беларуска-расійскія адносіны ў рамках Саюзнай дзяржавы знаходзяцца сёння на высокім якасным узроўні — на тым узроўні, якога мы не дасягнулі ні ў якім іншым інтэграцыйным аб’яднанні. Стварэнне сумеснай канкурэнтаздольнай прадукцыі за кошт аб’яднання прамысловага, фінансавага і маркетынгавага патэнцыялаў умацуе нашы пазіцыі на міжнародных рынках і дасць магчымасць дастойна канкурыраваць з трэцімі краінамі. Расія да гэтага гатова», — сказаў Прэзідэнт.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *