Памяць жыве ў сэрцах нашчадкаў

Лента новостей

З кожным годам усё менш становіцца сведкаў тых гіста­рычных падзей, якія адбы­ва­ліся ў ліпені 1944 года на Бераста­віччыне. Але памяць аб гэтым навекі застанецца ў сэрцах нашчадкаў. У гэтыя ліпеньскія дні жыхары Бераставіччыны аддаюць даніну павагі тым, хто змагаўся і аддаў сваё жыццё за нашу незалежнасць. Напярэдадні дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прадстаўнікі працоўных калектываў раённага цэнтра ўсклалі жывыя кветкі да помнікаў воіну-вызваліцелю ў цэнтры гарадскога пасёлка, смуткуючай маці па вуліцы Леніна і да брацкай магілы на вуліцы Чкалава.
Роўна праз тры гады з пачатку Вялікай Айчыннай вайны пачалася Беларуская наступальная аперацыя пад кодавай назвай “Баграціён”, у ходзе якой была вызвалена ўся тэрыторыя рэспублікі, у тым ліку і Бераставіччына. Доўгачаканае вызваленне прыйшло на бераставіцкую зямлю дзякуючы рашучым дзеянням войскаў 2-га Беларускага фронту. Як сведчаць матэрыялы з раённай кнігі “Памяць”, за 12 дзён пасля вызвалення Мінска войскі 2-га Беларускага фронту з баямі прайшлі да 270 кіламетраў, фарсіравалі рэкі Моўчадзь, Шчару і Нёман, вызвалілі Навагрудак і выйшлі на подступы да Ваўкавыска – важнага пункта абароны праціўніка, які прыкрываў шлях на Беласток. 14 ліпеня пасля цяжкіх вулічных баёў савецкія войскі авалодалі горадам Ваўкавыскам, што мела выключна важнае значэнне для далейшых наступальных дзеянняў.
І вось 15 ліпеня воіны 120-й гвардзейскай стралковай ды­візіі фарсіравалі раку Рось і, пераадолеўшы за суткі звыш 30 кіламетраў, падышлі да Вялікай Бераставіцы. Гітлераўцы здолелі падцягнуць да таго часу рэзервы і ўпарта абараняліся. Некалькі разоў савецкія воіны кідаліся ў атаку і кожны раз пад моцным агнём праціўніка былі вымушаны адыходзіць, несучы вялікія страты. У крытычны момант бою падняўся маёр Лебядзінскі і павёў за сабой гвардзейцаў, якія ў жорсткай атацы 16 ліпеня выбілі гітлераўцаў з гарадскога пасёлка. У тым баі маёр Лебядзінскі загінуў, ён пахаваны ў брацкай магіле ў Вялікай Бераставіцы.
Жорсткія баі за вызваленне Бераставіцкага раёна ішлі і на працягу наступнага дня. Праціўнік сканцэнтраваў свае сілы на заходнім беразе ракі Свіслач. Але хутка і тут яго супраціўленне было зломлена, а пераможнае шэсце савецкіх войскаў працягвалася.
На тэрыторыі раёна пачало ўсталёўвацца мірнае жыццё. Літаральна праз некалькі дзён пасля вызвалення была выда­дзена пастанова Крынкаўскага раённага Савета і райкама партыі (у той час наш раён называўся Крынкаўскім) аб аднаўленні дзейнасці органаў савецкай улады. Неадкладна прадпісвалася дакументам узнавіць і запусціць у дзеянне хлебапякарні, лазні, рынкі, млыны. Матэрыяльны урон, які нанеслі акупанты эканоміцы раёна, быў вялікі. Былі разбураны або разграблены тры спіртзаводы, масласырзавод, электрастанцыя, тры млыны, чыгуначная станцыя, 1479 пабудоў, 27 мастоў і ўсе камунальна-бытавыя прадпрыемствы. У грашовым вылічэнні матэрыяльны ўрон у цэлым па раёне склаў тады больш за 95 мільёнаў рублёў.
Сяргей Хілюта,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *