Памятаюць пра загінуўшых землякоў у Бераставічанах

Лента новостей

16 ліпеня мы адзначаем Дзень вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэты дзень застанецца ў гісторыі Бераставіччыны як самая памятная і дарагая дата. Мы ніколі не забудзем, якім цяжкім быў шлях да Перамогі. І ў дзень вызвалення перш за ўсё ўспомнім тых, хто не вярнуўся з вайны, хто загінуў, абараняючы родную зямлю. Памяць пра землякоў, якія склалі галовы ў час ваеннага ліхалецця, жыве ў нашых сэрцах і ўвекавечана ў помніках.

Да аднаго з іх – у вёсцы Бераставічаны – прыйшлі мясцовыя жыхары, каб аддаць даніну павагі і ўскласці кветкі загінуўшым (на здымку). Хтосьці з іх быў яшчэ дзіцём у гады акупацыі, кагосьці яшчэ і ўвогуле не было на свеце. Аднак вайна прайшла па лёсах амаль кожнага з іх. У Зоі Мікітаўны Дылец загінуў бацька, у Аляксандра Пятровіча Дзешкі брат Міхаіл вярнуўся з вайны інвалідам. Як і бацька Соф’і Антонаўны і Міраіды Антонаўны Дзешка, якія нарадзіліся ў Бераставічанах і прыязджаюць у родную вёску на лета. Свёкар Веры Іванаўны Акуліч Мікалай Рыгоравіч таксама ваяваў і быў паранены на фронце.
Соф’я Антонаўна Дзешка ўспамінае:
— Я была зусім маленькая ў 1944-м. Аднак у памяці паўстае такая карціна. Напярэдадні прыходу савецкіх войскаў у Бераставічаны, мы, малыя, – мо з пяцёра нас было– гулялі ў двары Міхаіла Нікана – “фэльшара”, як казалі ў вёсцы. Раптам на падворку з’явіўся конны немец. Мы аслупянелі ад страху. Але немец нічога нам не зрабіў, толькі сказаў на ломанай руска-польскай мове, што заўтра прыйдуць у вёску савецкія салдаты. І напрасткі праз агароды і рачулку хутка паскакаў далей.
Аляксандр Пятровіч Дзешка:
— Па дарозе праз нашу вёску немцы адступалі можа з месяц. А ў той апошні дзень – памятаю, гэта была субота – два немцы на конях ехалі па вёсцы і казалі: заўтра ўжо будуць вашы. І сапраўды. У нядзелю спачатку мы ўбачылі разведчыкаў, а потым тут – дарога была ваеннага прызначэння– ішлі і савецкія войскі. Радасці нашай не было канца. Не перадаць таго шчасця, якое нам прынесла доўгачаканая перамога.
Святлана ГАНЧАРОВА,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *