“Паклон табе, мой беларускі край!” Урачысты мітынг да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь прайшоў у Вялікай Бераставіцы (+ відэа)

Актуально День Независимости Лента новостей Общество

Святочныя мерапрыемствы да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на Бераставіччыне пачаліся з усебеларускай малітвы «За Беларусь», якая прайшла ў рамках ранішніх богаслужэнняў у храмах Бераставіцкага раёна.

А затым прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, а таксама моладзь, жыхары і госці Вялікай Бераставіцы прынялі ўдзел ва ўрачыстым мітынгу “Паклон табе, мой беларускі край!”, які адбыўся ля помніка воіну-вызваліцелю на Ратушнай плошчы.

Ганаровае права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена лепшым па прафесіі – настаўніку музыкі Страдварэцкага ясляў-сада-базавай школы Марыне Высоцкай і электрамеханіку Бераставіцкага участка электрасувязі Андрэю Дарашкевічу.

Са словамі віншаванняў з Днём Незалежнасці да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч.

— Сёння наша краіна адзначае галоўнае свята дзяржавы, — адзначыў Антон Станіслававіч, — у гэты дзень мы звяртаемся да гістарычнай памяці і аддаем даніну глыбокай павагі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за мужнасць і гераізм, а таксама выказваем словы ўдзячнасці за сумленную працу землякам у пасляваенны час. Мы разам пабудавалі суверэную дзяржаву і нясём адказнасць за яе будучыню.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў Антон Кулісевіч выказаў землякам пажаданні моцнага здароўя, радасці, аптымізму, сонечнага настрою, спакою і дабрабыту ў кожным доме і мірнага неба над нашай Бацькаўшчынай.

У памяць аб тых, хто змагаўся за наша мірнае жыццё і нашу незалежнаць, прагрымелі залпы святочнага салюту, а ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання.

Да ўдзельнікаў мітынгу звярнулася таксама дырэктар Масалянскага ясляў-сада-пачатковай школы Галіна Козел, якая заклікала ўсіх у Год народнага адзінства пакінуць спрэчкі і разнагалоссі, каб зберагчы незалежнасць сваёй краіны.

Затым прадстаўнікі арганізацый,устаноў і прадпрыемстваў раёна    ўсклалі кветкі да помніка Воіну-вызваліцелю і Вечнага агню, аддаўшы даніну памяці загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Па добрай традыцыі на святочным мітынгу ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на Бераставіччыне адбываецца ўшанаванне землякоў,  лепшых па прафесіі людзей.

За асаблівыя заслугі ў сацыяльна-эканамічным развіцці і актыўную грамадскую дзейнасць Антон Кулісевіч уручыў пасведчанне і нагрудны знак «Ганаровы грамадзянін Бераставіцкага раёна» Івану Захарчуку.

Сертыфікат аб занясенні на Дошку гонару Гродзенскай вобласці атрымаў дырэктару РСУП «Алекшыцы» Валерый Паўлюкевіч, «Чалавек года Гродненшчыны» па выніках 2020 года.

Сертыфікаты аб занясенні на раённую Дошку гонару былі ўручаны таксама шэрагу лепшых працаўнікоў устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў Бераставіцкага раёна.

Завяршыўся ўрачысты мітынг прыгожай музычна-харэаграфічнай кампазіцыяй у выкананні бераставіцкіх артыстаў, праз якую яны выказалі шчырае пачуццё любові да Радзімы, якое аб’ядноўвае ўсіх беларусаў.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара

Відэа Віктара Фрыдэля



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *