Падстаўляюць плячо маладыя

Лента новостей

Пра моладзь у людзей ёсць самыя розныя і процілеглыя меркаванні. Шмат юнакоў і дзяўчат шукаюць шчасця ў горадзе. Не ўсе з іх прывучаны працаваць на зямлі, хаця карані многіх у вёсцы. Але ўсё ж ёсць і такая моладзь, якою можна ганарыцца, многія юнакі і дзяўчаты выбіраюць вёску. Яны знаходзяць тут і каханне, і справу па душы, будуюць сваё самастойнае жыццё. Вельмі прыемна, што яны ўносяць свой важкі ўклад і ва ўборку ўраджаю. У кожнай гаспадарцы ёсць маладыя людзі, пра якіх сапраўды можна сказаць: “молада – не зелена”. І яны заслугоўваюць павагі, таму што ў аграрным сектары не бывае лёгкага хлеба.
У раённым спаборніцтве сярод маладых на жніве з 23 па 31 ліпеня лепшых паказчыкаў дасягнулі браты Аляксандр і Віктар Яўсейчыкі з СВК “Макараўцы”. Яны намалацілі 466 тон збожжа. Працуе маладзёжны экіпаж на камбайне “КЗС -1218”. Хлопцы мясцовыя. Аляксандр закончыў ліцэй, працуе ў гаспадарцы механізатарам. На жніве першы сезон, але паказаў ужо сябе з самага лепшага боку. Віктар на жніве часова, але, верагодна, такі вопыт яму спатрэбіцца. Усе камбайнеры “ўцягваюцца” ў такі канвеер, і акрамя таго, што могуць добра зарабіць, адчуваюць сапраўднае задавальненне ад такой патрэбнай для ўсёй краіны працы. Цяжка застацца раўнадушным да маляўнічай роднай прыроды, залатога поля і цяжкага калосся…
А ў СВК “Пархімаўцы” свае перадавікі. Малады вадзіцель Віктар Сазон таксама перамог у раённым спаборніцтве і з 23 па 31 ліпеня перавёз 937 тон збожжа на машыне “МАЗ 555142”. Прафесійную адукацыю хлопец атрымаў у ліцэі. На жніве ў гэтай гаспадарцы першы сезон, раней працаваў у ДП “Бераставіцкая сельгастэхніка”.
Пераможцы ўзнагароджаны Падзячнымі пісьмамі Бераставіцкага раённага камітэта ГА “БРСМ” і каштоўнымі падарункамі. Уручаны ім таксама і чырвоныя сцяжкі.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *