Падпісана пагадненне паміж гмінай Супрасль і Бераставіцкім раёнам

Актуально Лента новостей Общество Тема недели

У нядзелю, 28 мая, дэлегацыя Бераставіцкага раёна ў складзе старшыні райвыканкама Антона Кулісевіча, намесніка старшыні Сяргея Чыкуна і старшыні Бераставіцкага аб’яднання  прафсаюзаў  Уладзіміра Мышка з афіцыйным візітам наведала г. Супрасль Польскай Рэспублікі.

Прадстаўнікі нашага раёна прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню горада Супрасль. У гэты ж дзень бургамістрам гміны Супрасль Радаславам Дабравольскім і старшынёй Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта Антонам Кулісевічам было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж гмінай Супрасль і Бераставіцкім раёнам.

На падставе дадзенага Пагаднення супрацоўніцтва паміж бакамі будзе ўсталёўвацца і развівацца ў такіх галінах, як: ахова і зберажэнне Спадчыны з улікам яе народнай, культурнай і рэлігійнай разнастайнасці, у тым ліку – культурных традыцый, звязаных з родам Хадкевічаў; усталявання здаровага ладу жыцця; развіцця інфраструктуры і гаспадаркі; супрацоўніцтва ў навуцы, асвеце і адукацыі; спорту і турызму; ажыццяўлення ўзаемных візітаў дзяцей і моладзі; аховы навакольнага асяроддзя.

Супрацоўніцтва будзе заключацца ў рэалізацыі сумесных праектаў, фінансаваных з датацыйных сродкаў Еўрапейскага Саюза, што выдзяляюцца на рэалізацыю Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва.

Як адзначыў намеснік старшыні райваканкама Сяргей Чыкун, на сённяшні дзень у распрацоўцы ўжо знаходзяцца два праекты па трансгранічнаму супрацоўніцтву, якія прайшлі першы этап узгаднення. Адзін праект датычыцца будаўніцтва прыбудоўкі да музея Вавёркі,  у якой на першым  паверсе плануецца размясціць выставачную залу, а на другім – канферэнц-залу. Другі праект прадугледжвае выдзяленне сродкаў на добраўпарадкаванне набярэжнай вакол возера з будаўніцтвам новага пешаходнага моста і пракладкай пешаходнай дарожкі ў накірунку новага мікрараёна.

Зінаіда Самкова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *