Падзячныя лісты і прызы — лепшым барцам Бераставіччыны

Актуально Лента новостей

Традыцыйнае ўзнагароджанне юных чэмпіёнаў і прызёраў рэспубліканскіх спаборніцтваў адбылося ў панядзелак, 6 снежня, у кабінеце начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Таццяны Міхайлаўны Аксаміт. Сёлета такіх высокіх званняў дасягнулі пяцёра выхаванцаў аддзялення вольнай барацьбы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы аддзела адукацыі—Аксана Каспярчук, Павел Вербель, Вераніка Эйсмант, Аляксандр Іядкоўскі і Яна Дырында.
Начальнік аддзела адукацыі Таццяна Міхайлаўна Аксаміт звярнулася да юных барцоў з прывітальным словам. Яна пажадала спартсменам далейшых яркіх дасягненняў, волі да перамогі і падкрэсліла, што яны—гонар нашага раёна, а для равеснікаў — яны прыклад актыўных, моцных духам і загартаваных фізічна маладых людзей, якія вядуць здаровы лад жыцця.
Пераадолення новых спартыўных вяршыняў пажадала юным барцам і начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама, старшыня Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага Фонду міру, Алена Віктараўна Ігнатовіч. Дарэчы, менавіта гэтая арганізацыя выдзеліла грошы на набыццё памятных прызоў для спартсменаў, а падтрымка таленавітай моладзі лічыцца адным з галоўных напрамкаў дзейнасці яе.
Не засталіся ў баку ад дабрачыннай справы і спонсары. Індывідуальны прадпрымальнік з райцэнтра Юрый Іванавіч Пятручак — сам былы выхаванец аддзялення вольнай барацьбы ДЮСШ аддзела адукацыі — набыў мабільныя тэлефоны для Аксаны Каспярчук і Веранікі Эйсмант, дзвюх дзяўчынак, якія паказалі сёлета найлепшыя вынікі.
А цяпер, што датычыцца дасягненняў, якія прадэманстравалі сёлета віноўнікі ўрачыстасці. “Раёнка” на працягу года інфармавала чытачоў аб удзеле нашых спартсменаў у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Нагадаем яшчэ раз адметныя для юных барцоў перамогі. Найбольш папоўніла сёлета сваю “капілку” ўзнагарод Аксана Каспярчук — выхаванка трэнера Вадзіма Віктаравіча Кулеша, а з верасня – навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Аксана стала лідарам на Першынстве Рэспублікі Беларусь сярод ДЮСШ і СДЮШАР у Гомелі і на летняй Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў у Магілёве, а таксама апынулася на другой пазіцыі ў сваёй вагавой катэгорыі на Спартакіядзе дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Рэспублікі Беларусь па вольнай барацьбе ў Бабруйску. Павел Вербель, выхаванец трэнера Ігара Уладзіміравіча Нячэпы, прывёз 2-е месца з Першынства краіны ў праграме Алімпійскіх дзён моладзі, а з Першынства РБ сярод ДЮСШ і СДЮШАР у Гомелі—3-е месца. Другое і трэцяе месцы заняла ў вышэйпералічаных чэмпіянатах у Гомелі і Бабруйску выхаванка трэнера Валерыя Іванавіча Балінскага Вераніка Эйсмант. Трэцімі ў Гомелі і ў Бабруйску сталі Аляксандр Іядкоўскі — выхаванец Ігара Уладзіміравіча Нячэпы, а цяпер — навучэнец вучылішча алімпійскага рэзерву і Яна Дырында, выхаванка трэнера Вадзіма Віктаравіча Кулеша.
Віншуем юных спартсменаў з высокімі дасягненнямі і жадаем ім новых перамог!

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Теги:

1 комментарий по теме “Падзячныя лісты і прызы — лепшым барцам Бераставіччыны

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *