Павысіліся надбаўкі да закупачных цэн на малако

Лента новостей Сельское хозяйство

cb54146284a3У краіне дзейнічае Праграма развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян у 2011 – 2015 гадах. Дзяржава зацікаўлена ва ўмацаванні такога важнага рэзерву павелічэння выпуску сельскагаспадарчай прадукцыі. І хаця з кожным годам падсобных асабістых гаспадарак становіцца ўсё менш, што звязана з урбанізацыяй і набліжэннем вясковых умоў да гарадскіх, неабходна захоўваць нашы добрыя традыцыі. Некалі не лічыўся ў вёсцы гаспадаром чалавек, які не трымаў добрую карову, а то і некалькі, а таксама свіней, курэй, не садзіў бульбу і агарод. Дапамагаючы дарослым па гаспадарцы, вучыліся на іх добрым прыкладзе і дзеці. І хаця зараз вяскоўцы, асабліва маладыя гавораць, што ўсё можна набыць у магазінах у аграгарадках, смак малака ад сваёй кароўкі усё ж непараўнальны з тым, што прадаецца ў поліэтыленавых пакунках.
А каб падтрымаць сельскіх вытворцаў, нядаўна былі павышаны надбаўкі да закупачных цэн на сельгаспрадукцыю. Надбаўка за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту да закупачных цэн за 1 кілаграм малака базіснай тлустасці, якое закупляецца ў насельніцтва і пастаўляецца арганізацыям для наступнай пера­працоўкі, складае 370 рублёў. За 1 кілаграм маладняку буйной рагатай жывёлы жывой вагой да 100 кілаграмаў, які закупляецца арганізацыямі для дарошчвання і адкорму, складае 3750 рублёў.
Часам у некаторых гаспадароў узнікае пытанне: “Чаму за літр малака ад маёй кароўкі мне плацяць амаль удвая менш, чым каштуе літр малака ў магазіне?” Спецыялісты тлумачаць гэта прыкладна так: “Трэба ўлічваць выдаткі на збор малака, дастаўку на перапрацоўчае прадпрыемства, перапрацоўку, зноў дастаўку гатовай прадукцыі ў магазін, гандлёвую надбаўку і іншае.” Зразумела, калі ўявіць, што пры гэтым яшчэ заняты на ўсіх этапах шляху малака з вясковага падворка да прылаўкаў розных магазінаў такі шэраг людзей, карціна становіцца больш зразумелай.
У нашым раёне з гадамі таксама меншае падворкаў, дзе трымаюць рагуль. Такая карціна паўсюдна па краіне. Але ёсць на Бераставіччыне і добрыя прыклады ўдалага гаспадарання. Напрыклад, у СВК імя Варанецкага ў мінулым годзе здаваў малако ад уласных кароў 31 чалавек. Андрэй Маціеўскі ад чатырох кароў здаў 23 тоны 631 кілаграм малака, Валянціна Абуховіч ад трох – 19 тон 457 кілаграмаў, Анатоль Курстак ад трох – 16 тон 379 кілаграмаў, Ганна Кулікоўская ад дзвюх – 10 тон 759 кілаграмаў. Важкі ўклад унеслі і іншыя мясцовыя гаспадарлівыя людзі.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *