“Няхай усё добрае, што пачалося ў гэтым годзе, не заканчваецца…”

Лента новостей Общество

Ці верыце вы ў лёс, які часамі можа павярнуць усё наша жыццё ў нечаканы бок? Хтосьці скептычна ўсміхнецца і скажа, што чалавек сам будуе сваё жыццё, а Ірына Вайцюк шчыра верыць, што менавіта лёс прывёў яе на Бераставіччыну, каб яна магла знайсці тут сваё шчасце. Яшчэ не цэлых тры гады назад яна і не думала, што з ахвотай застанецца ў Бераставіцкім раёне, адпрацаваўшы два гады абавязковага размеркавання.
Сама Ірына – гарадская дзяўчына, родам з Магілёва. Так здарылася, што пасля заканчэння Аршанскага механіка-эканамічнага каледжа яна была накіравана на працу ў РУСП “Масаляны” юрысконсультам. Самае дзіўнае, што гэта месца першапачаткова было прызначана зусім іншай дзяўчыне-аднакурсніцы, але яна як сірата карысталася льготай і не захацела сюды ехаць. У Ірыны не было такога права адмовіцца, хоць і яна таксама была вельмі засмучана і не хацела ехаць далёка ад дому, ды яшчэ ў вёску. Дзяўчына з усмешкай успамінае, як старалася ад гэтага размеркавання вызваліцца, былі задзейнічаны і бацькі, і знаёмыя, але нічога не атрымалася… на шчасце. Бо цяпер Ірына баіцца нават і падумаць, што магла б не прыехаць на Бераставіччыну і не сустрэць свой лёс, свайго Андрэя.
У Масалянах маладога спецыяліста прынялі вельмі добра, кіраўніцтва падтрымала, выдзеліла добраўпарадкаванае жыллё, заработная плата таксама задавальняла. Ірына адзначае, што яна як бы трапіла ў іншы свет, так кантрастна адрозніваецца жыццё ў заходніх раёнах Беларусі ад Мгілёўскай вобласці. Тут зусім іншыя адносіны да жыцця, людзі намнога багацейшыя, але ў той жа час больш прагматычныя, не такія простыя і адкрытыя, як у Магілёве.
Але тым не менш, усе, з кім сутыкнулася дзяўчына з першых дзён знаходжання ў раёне, аказаліся прыязнымі і добразычлівымі, падтрымлівалі і словам, і справай. Лёгка працавалася і ў новым калектыве.
А яшчэ практычна адразу адбылося і знаёмства, якое закранула сэрца і аказалася лёсавызначальным.
Андрэй Вайцюк сам з Масалян, а працаваў на Айцоўскім спіртзаводзе, аднойчы па дарозе падвёз незнаёмую дзяўчыну, якая ішла пад дажджом без парасона, уся прамоклая. Ужо тады ў машыне Ірына, а гэта была менавіта яна, спадабалася хлопцу, але ўсё ў іх пачыналася не адразу, паступова. Іх першыя сустрэчы былі вельмі рамантычнымі, і сёння маладыя людзі ўспамінаюць аб іх з асаблівай цеплынёй і пяшчотай. Спачатку яны толькі перазвоньваліся, а калі нарэшце дамовіліся сустрэцца, Ірына нечакана захварэла. І калі, не дачакаўшыся, Андрэй патэлефанаваў і спытаў, чаму яна не прыйшла на сустрэчу, адразу нават і не паверыў, што яна хворая. А потым прымчаўся ў бальніцу з кветкамі. Так адбылася іх першая сустрэча. Можа, не зусім у рамантычных абставінах, але тую ружу, якую атрымала Ірына ў бальніцы, яна і сёння захоўвае засушанай у сваёй шкатулцы.
Андрэй пакарыў яе сваім абаяннем, дабрынёй, уважлівымі адносінамі і выхаванасцю. Іх гісторыя кахання прыгожая і рамантычная. Маладыя людзі не спяша-ліся. Тры месяцы яны наогул не афішавалі свае адносіны, спрабавалі прыгледзецца адзін да аднаго, разабрацца ў сваіх пачуццях. А потым служба Андрэя ў арміі дала магчымасць выпрабаваць каханне расстаннем. Яны мелі два гады, каб зразумець, што гэта лёс, што яны не могуць не быць разам.
Пажаніліся маладыя людзі ў жніўні гэтага года і цяпер вельмі шчаслівыя.
Ірына таксама перайшла працаваць на Айцоўскі спітрзавод, яна інжынер па стандартызацыі і сертыфікацыі. Завочна атрымоўвае вышэйшую адукацыю ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава.
Дастаткова паспяхова складваецца і кар’ерны рост у Андрэя: ён ужо працуе вядучым інжынерам-хімікам, у вытворчай лабараторыі сочыць за якасцю спірту ад пачатковай стадыі да канечнага этапу. Кіраўніцтва прадпрыемства садзейнічае павышэнню прафесійнага ўзроўню сваіх работнікаў, пастаянна адпраўляе на курсы павышэння кваліфікацыі, Андрэй пабываў нават на курсах у Кіеве.
Працаваць у адным калектыве мужу і жонцы трохі складана, трэба ўмець аддзяляць вытворчыя адносіны ад сямейных. Ірына жартуе, што раней яны спяшаліся расказаць адзін аднаму, што ў кожнага адбылося на працы за дзень, а цяпер усё і так вядома.
Але акрамя працы не застаюцца ў баку ад грамадскага жыцця: актыўна ўдзельнічаюць у рабоце “Клуба дзелавых людзей”, які аб’ядноўвае маладых спецыялістаў раёна, Ірына яшчэ і член маладзёжнага атрада аховы правапарадку.
Маладой сям’і выдзелілі службовую кватэру ў Вялікай Бераставіцы, умовамі працы яны задаволены. У Ірыны ёсць кватэра ў Магілёве, але ехаць у горад маладыя людзі не збіраюцца. Працоўнае месца – гэта вельмі важны фактар у жыцці кожнага чалавека, а знайсці добрую працу цяпер даволі складана нават у горадзе. А тут, на сваім прадпрыемстве, ёсць перспектывы.
Год адыходзячы выдаўся вельмі добрым для маладых людзей, насычаным прыемнымі падзеямі. У першую чаргу — гэта вяселле, стварэнне сям’і, якая аб’яднала закаханыя сэрцы, новая праца ў Ірыны, павышэнне на пасадзе ў Андрэя.
Я спытала, якое жаданне яны загадаюць у навагоднюю ноч пад бой курантаў. Практычна ў адзін голас Ірына і Андрэй адказалі, што хацелі б, каб усё тое добрае, што пачалося ў гэтым годзе, не заканчвалася. А яшчэ адна мара – пабудаваць свой уласны дом, каб ужо наступны Новы год сустракаць перад камінам, які абавязкова будзе ў іх доме.

Ірына Міклаш



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *