Нясвіжскія Радзівілы палявалі ў бераставіцкіх лясах

Актуально Из истории земли Берестовицкой Культура

Не з’яўляецца сакрэтам, што ўладальнікі Вялікай Бераставіцы Касакоўскія былі даволі заможнымі людзьмі. У сваіх сядзібах у пачатку 20-га стагоддзя, апрача вялізных збораў карцін, рэдкіх кніг, дарагой мэблі, сталовага посуду і іншых рарытэтаў, графы мелі шыкоўныя калекцыі брычак. Пачатак гэтай незвычайнай справе быў пакладзены яшчэ пры Станіславе Шчэнсным у другой палове 19-га стагоддзя. У склад калекцыі ўваходзілі як класічныя адна-двухмесныя брычкі, так і доўгія шматмесныя фурманкі тыпу “дыліжанс” на 12 і больш асоб, зробленыя вядомымі ў тыя часы майстрамі. Падчас забаваў, якія нярэдка адбываліся ў маёнтках Вайткушкі і Вялікая Бераставіца гасцей каталі на гэтых брычках па навакольных лясах, паркавых алеях, паміж шматлікіх сажалак, ставаў і каналаў. У Бераставіцы любімым маршрутам для конных прагулак былі алеі ў накірунку ляснога фальварку Пеляжын (Паляжыно) і вёскі Эймінаўцы. Для гэтага Касакоўскія ў сваіх уладаннях трымалі цэлы штат фурманоў, якіх набіралі з мясцовых сялян. Фурманы мелі адпаведную форму адзення – доўгія сурдуты з двума радамі гузікаў спераду і фуражкі. У асобных выпадках яны апраналі белую парадную форму і нават белыя пальчаткі. Коней падганялі доўгімі пугамі. У графскіх стайнях утрымлівалася і даглядалася належным чынам адпаведная колькасць коней розных парод і масці . Былі тут і нізкарослыя коні, верхам на якіх каталі малых дзяцей, а ў 1904 г. у маёнтак Вайткушкі дзеля дзіцячых забаваў у Варшаве купілі нават пародзістага асла.
Касакоўскія заснавалі таксама славутую калекцыю разнастайнай рыцарскай і агнястрэльнай зброі і амуніцыі, у тым ліку і паляўнічай. Дакладна вядома, што граф Станіслаў Казімір Касакоўскі і яго сын Міхал Станіслаў з‘яўляліся заядлымі аматарамі паляванняў. Любоў да зброі перадалася ад Станіслава Казіміра нават да яго ўнука Станіслава Юзэфа – апошняга ўладальніка вялікабераставіцкага маёнтка. У адным з гродзенскіх архіваў ёсць шэраг цікавых дакументаў аб штогадовай ( у міжваенны перыяд 20-га ст.) перарэгістрацыі маладым графам Станіславам Юзэфам Касакоўскім (“Стасікам”, як яго называлі блізкія) сваёй зброі ў мясцовым пастарунку паліцыі. З гэтых дакументаў вядома, што малады граф у 1926 годзе, акрамя іншых ”ствалоў”, меў паляўнічую стрэльбу (дубальтоўку) калібрам 12 мм, рэгістрацыйны нумар1934484, замежныя рэвальвер сістэмы “Flower” (№ 406401) і аўтаматычны рэвальвер 7,65 мм (№177141).
Менавіта пры Станіславе Казіміры быў закладзены падмурак прыяцельскіх адносін Касакоўскіх з нясвіжскімі Радзівіламі. Прадстаўнікі славутага радзівілаўскага дому нярэдка гасцявалі ў Касакоўскіх. Пры гэтым часта выязджалі на сумесныя паляванні ў навакольныя лясы. Праходзілі яны ў класічных традыцыях таго часу – з вялікай колькасцю паляўнічых сабак і з дапамогай егераў. Завяршэнне кожнага такога палявання гучна адзначалася.
На здымках: Касакоўскія і іх госці Храпавіцкія сядзяць у шматмеснай фурманцы. У аднамеснай брычцы – Катажына Лэмпіцкая (народжаная Касакоўская). Побач з брычкай у сваім любімым белым капелюшы стаіць яе родны брат Станіслаў Казімір Касакоўскі. Ліпень, 1900 г.
Сумеснае паляванне Касакоўскіх з князем Канстанцінам Радзівілам. Першы справа Станіслаў Казімір Касакоўскі. Другі злева – яго сын Міхал Станіслаў (1883-1962), будучы ўладальнік вялікага маёнтка Нідокі ў Вілкамірскім павеце. Лістапад, 1899 г.
Сяргей Лушчык, г.Гродна



1 комментарий по теме “Нясвіжскія Радзівілы палявалі ў бераставіцкіх лясах

  1. малады граф у 1926 годзе, акрамя іншых ”ствалоў”, меў паляўнічую стрэльбу (дубальтоўку) калібрам 12 мм

    Наверное это не важно, но хочу поправить, двухстволка как гладкоствольное ружье, её калибр измеряется не в миллиметрах. Просто пишется 12 калибр. Калибр гладкоствольных ружей определяется количеством круглых пуль которые можно отлить для данного ствола с одного фунта свинца. То есть чем меньше цифра калибра тем больший диаметр ствола.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *