Новы год на парозе: што рыхтуюць установы культуры Бераставіччыны?

Культура Лента новостей Общество

Запрашае рэзiдэнцыя Бераст-Зюзi
i Спадарынi Завiрухi

Рэзiдэнцыя Бераст-Зюзi i Спадарынi Завiрухi 18 снежня расчыніць свае дзверы для юных бераставічан, якія з нецярпеннем чакаюць навагодніх і калядных святаў, захапляльных сустрэч з міфічнымі казачнымі персанажамі.
Падрыхтаваная работнікамі Бераста­віцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці анімацыйная праграма “Чароўнае люстэрка, ці Неверагодныя прыгоды з Зюзяй” будзе праводзіцца для арганізаваных груп па папярэдніх заяўках.
Дзяцей чакаюць забавы ў незвычайным фармаце з гаспадарамі сядзібы, квэст-гульня, вясёлыя конкурсы, майстар-класы, салодкія пачастункі і, канешне ж, навагодняя атмасфера і святочны настрой.
У музейным пакоі рэзідэнцыі размесціцца экспазіцыя раённай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнай творчасці «Самаробны цуд».


Рэзідэнцыя Бераст-Зюзі будзе прымаць юных гасцей па 16 студзеня.

Віншаванне
ад Дзеда Мароза

У Бераставіцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці традыцыйна на платнай аснове бацькі могуць заказаць на дом візіт і віншаванне Дзеда Мароза і Снягуркі. Праўда, з-за каронавіруса рэкамендавана арганізаваць такую святочную сустрэчу па-за кватэрай на свежым паветры. Званіце па тэл. 2-20-03.

Выстава “Навагодні сувенір-2021”


У Доме рамёстваў распачала работу традыцыйная навагодняя выстава самаробных вырабаў з прыроднага матэрыялу.

Сімвал года – бык, а таксама анёлкі, фігуркі жывёл, разнастайныя падвескі і цацкі на ёлку, навагоднія магніцікі знайшлі сваё ўвасабленне ў гліне, тэкстылі, саломцы. Кожны раз майстры Дома рамёстваў прыдумваюць штосьці новае і цікавае. Дамавічкі, званочкі, ёлкі з саломкі, пернікавыя домікі і імбірныя чалавечкі з гліны, кампазіцыі з шышак, ёлкі з моху, драўляныя спілы з навагоднім малюнкам і іншыя ўпрыгожанні – усе вырабы прыгожыя і паслужаць цудоўным арыгінальным падарункам на Новы год.

Выстава дзейнічае па адрасе: вул. Леніна, д. 6, у буднія дні – з 9 да 17 гадзін.

Майстар-класы
ў музеі Вавёркі

Музей Вавёркі з 21 снежня распачынае індывідуальныя майстар-класы па вырабу калядных цацак і ўпрыгожанняў. Навучыцца нескладаным прыёмам работы з прыродным матэрыялам, самастойна зрабіць выраб ручной работы навагодняй і каляднай тэматыкі можна будзе ў групах да трох чалавек на працягу месяца.

На Ратушнай плошчы

28 снежня ў 11.00 на Ратушнай плош­чы адбудзецца тэатралізаванае прадстаўленне «Цуды пад Новы год» у рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».
31 снежня каля галоўнай ёлкі раёна адбудзецца традыцыйная шоу-праграма, прысвечаная сустрэчы Новага года.

Ліст да беларускага
Дзеда Мароза

карта-схема

Ліст да Дзеда Мароза – для дзіцяці абавязковы рытуал перад Новым годам. Кожны можа напісаць ліст беларускаму Дзеду Марозу, у тым ліку і электронны. Можна выкарыстаць гатовыя шаблоны з сайта нацыянальнага парка “Белавежская пушча”, дзе размешчана рэзідэнцыя Дзеда Мароза, можна напісаць ліст онлайн, а можна і самастойна на звычайнай паперы і ў звычайным канверце. Ведаць трэба толькі паштовы адрас Дзеда Мароза: Рэзідэнцыя Дзеда Мароза, 225063, аг. Камянюкі, Камянецкі раён, Брэсцкая воб­ласць, Белавежская пушча, Беларусь.
Дарэчы, з беларускім Дзедам Марозам можна пагутарыць праз скайп, паведамляе сайт «Белавежскай Пушчы». Паслуга платная. Для гэтага трэба даслаць заяўку на электронную пошту нацпарка, у якой неабходна ўказаць імя суразмоўцы, лагін у скайпе, жаданую дату і час сувязі. У абраны вамі дзень Дзед Мароз патэлефануе па скайпе. Таксама можна заказаць пераднавагодняе скайп-віншаванне ад Дзеда Мароза.


У планах ўсё ж могуць адбыцца пэўныя карэкціроўкі. Сачыце за анонсамі.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *