НЕКАЛЬКІ ЦІКАВЫХ ФАКТАЎ З ГІСТОРЫІ БЕРАСТАВІЦЫ

Актуально Из истории земли Берестовицкой Культура

Гісторыя трэцяя. Прапаную ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Бераставіцы, правесці своеасаблівы эксперымент. Вазьміце ў руку фотаздымак з выяваю ўжо не існуючага палаца Касакоўскіх у Бераставіцы і ўважліва паглядзіце на яго. Пры жаданні гэты здымак без цяжкасці можна адшукаць у інтэрнэце. Фотаздымак палаца неаднаразова публікаваўся і ў раённай газеце, ёсць ён і ў кнізе “Памяць”. Потым ўважліва прыглядзіцеся да новага бераставіцкага касцёла Перамянення Пана, пабудаванага ў стылі неаготыкі, і паспрабуйце знайсці паміж дзвюма пабудовамі падабенства. Раней мы ніколі не звярталі на гэта ўвагі. А падабенства тут відавочнае. Касцельная вежа-званіца вельмі падобна да большай вежы графскага палаца. Нагадаю, што палац Касакоўскіх меў дзве вежы. Большая з іх узвышалася над будынкам і яе заўсёды было відаць здалёку. І ў першым, і ў другім выпадку мы бачым востраканечнае завяршэнне даху ўверсе, а пад ім ніжэй — паверх з трыма выцягнутымі стральчатымі вокнамі, а яшчэ ніжэй – аднолькавы ярус з вузкім акном. Усё – адзін да аднаго. Цікава, што палац Касакоўскіх быў пабудаваны ў 1901 годзе, а касцёл толькі праз 11 гадоў –у 1912. Адзначу, што храм узводзіўся ў тыя часы на сродкі Касакоўскіх і на зямлі, якая ім належала. Па папярэдняй задумцы фундатараў Марыі і Юзэфа Касакоўскіх касцёл павінен быў знешне нагадваць большую вежу мураванага графскага палаца і ў выніку скласці адну з гарманічна злучаных частак усяго графскага сядзібнага комплексу. Усё гэта і было ўлічана архітэктарам падчас выканання будаўнічых работ. Пазней ад палаца да новага храма высадзілі прамую, як струна, грабавую алею. Яна была настолькі роўнай, што калі паглядзець ад палаца праз алею на касцёл, то былі бачныя яго дзверы. Па алеі графская сям’я любіла пяшком хадзіць на імшу. Асабліва частым наведвальнікам касцёла была набожная графіня Марыя Касакоўская. Яна бывала тут амаль што-дня. Справа ад уваходу ў храм пры дзвярах сакрысціі графіня мела ўласную лавачку. Парафіяне гэта ведалі і ніколі яе не займалі. Кажуць, што ўладальніца маёнтка не прапусціла ў касцёле аніводнай імшы.

Гісторыя чацвёртая. Вядома, што новы бераставіцкі касцёл названы ў гонар Перамянення Пана (па-руску “Преображения Господнего”). Але чаму ён названы менавіта так, а не іначай? Паспрабуем знайсці адказ на гэтае пытанне.
Для гэтага перанясёмся ў Варшаву. У гістарычнай частцы польскай сталіцы (Старэ Място, Старувка) на вуліцы Мядовай ёсць касцёл, які таксама названы ў гонар Перамянення Пана. Узведзены ён яшчэ ў 1683-1694 гадах па ініцыятыве караля і выдатнага палкаводца Яна III Сабескага, паслядоўніка Яна Караля Хадкевіча ў барацьбе з туркамі ў гонар яго перамогі пад Венай. Пасля смерці сэрца Сабескага ў саркафагу пахавалі менавіта ў гэтым касцёле ў спецыяльна адведзенай каралеўскай капліцы. Некалі над гэтым варшаўскім храмам апекаваліся манахі каталіцкага ордэна капуцынаў. Таму людзі да гэтага часу яго так і называюць касцёлам капуцынаў.
Што ж аб’ядноўвае бераставіцкую і варшаўскую святыні акрамя агульнай назвы? Якое дачыненне варшаўскі касцёл мае да гісторыі нашага мястэчка?
Дакладней будзе тут сказаць, што ён перш за ўсё мае дачыненне да роду Касакоўскіх, уладальнікаў Бераставіцы. Справа ў тым, што ў падземных крыптах храма знаходзіцца вялікая колькасць пахаванняў. Гэта фактычна цэлы могільнік пад адным касцёлам. Там спачываюць астанкі прадстаўнікоў польскай арыстакратыі, інтэлігенцыі, дзеячаў культуры пераважна ХIХ стагоддзя. Сярод іх і першы ўладальнік Бераста-віцы па лініі роду Касакоўскіх, палкоўнік Юзэф Дамінік Касакоўскі (1771-1840), удзельнік напалеонаўскай вайны з Расіяй на баку Францыі.
Спачывае тут таксама яго сын Станіслаў Шчэнсны (1795-1872), вядомы грамадскі дзеяч, мастак, літаратар і калекцыянер, ініцыятар смелых сацыяльных рэформаў у сялянскім асяроддзі ў сваіх уладаннях, у тым ліку і ў Бераста-віцы. Дарэчы, гэтага ўладальніка Бераставіцы хавалі ў Варшаве з усімі ўшанаваннямі, адпаведнымі займаемаму ім некалі становішчу ў грамадстве. На жалобным набажэнстве ў Касцёле Святога Крыжа на вуліцы Кракаўскае Прадмесце сабралася вялікая колькасць духавенства, высокапастаўленых асоб, ваенных чыноў, інтэлігенцыі і проста вернікаў. Пры труне стаяў нават сам Яго Вялікасць граф Берг, Намеснік Каралеўства Польскага. Потым уся жалобная працэсія рушыла вуліцамі горада. Труну з целам нябожчыка ўсю дарогу да касцёла капуцынаў (месца спачынку) на плячах несла верная прыслуга.
Звязаны з касцёлам капуцынаў і лёс графа Станіслава Казіміра Касакоўскага (1837-1905), геральдыка, гісторыка і таленавітага фатографа, які таксама валодаў нашым мястэчкам. 4 ліпеня 1858 г. ён браў у касцёле шлюб з Аляксандрай Хадкевіч (першай жонкай, маці Юзэфа Касакоўскага). На адной з унутраных яго сцен пазней была замацавана нават памятная дошка, якая нагадвала аб заўчаснай смерці Аляксандры Хадкевіч. Вядома, што ў касцёле капуцынаў пахаваны акрамя гэтага і іншыя прадстаўнікі графскага роду Касакоўскіх.
Ёсць вялікая верагоднасць, што ўсе гэтыя абставіны ў выніку і паў-плывалі на рашэнне бераставіцкага фундатара пры выбары ім назвы храма. Юзэф Касакоўскі пажадаў, каб касцёл у Бераставіцы насіў такую самую назву, як і варшаўскі касцёл Перамянення Пана.

Гісторыя пятая. Сёння, напэўна, мала хто ведае, што ў нашым мястэчку да Другой сусветнай вайны акрамя двух касцёлаў, двух капліц на могілках і царквы існавала яшчэ і каплічка-помнік Святому Яну Непамуцэну (Непамуку). Некалі ў сваіх гістарычных артыкулах я ўзгадваў, што ў Бераставіцы адна з вуліц насіла назву Святога Яна (Свентаяньская). Сёння гэта частка вуліцы Чырвонаармейскай да скрыжавання з Партызанскай. Вось на гэтай самай развілцы, недалёка ад будынкаў сучаснага РАУС і пошты, і знаходзілася каплічка. Яна стаяла перадам да вуліцы Свентаяньскай і Рынка.
Ян Непамуцэн – каталіцкі святы, пакутнік. Нарадзіўся каля 1350 года ў чэшскай мясцовасці Непамук. З’яўляўся пражскім архіепіскапам. У 1393 годзе быў схоплены і пасаджаны ў турму па загаду караля Вацлава IV за тое, што адмовіўся раскрыць каралю таямніцу споведзі яго жонкі. Святара доўга катавалі, вырвалі яму язык, а пасля знявечанае цела ў мяшку кінулі з Карлава моста ў раку Влтаву, што цячэ праз Прагу. Згодна з паданнем, на тым месцы, дзе цела пагрузілася ў ваду, з чорнай глыбіні прабіліся пяць промняў святла. Таямнічае свячэнне над паверхняй вады стварыла вянок з пяці зорак. Таму ў будучым на выявах святога над яго галавой заўсёды было кальцо (німб) з пяці зорак. З часам культ Яна Непамуцэна пашырыўся за межамі Чэхіі, у тым ліку і на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Святы лічыцца нябесным заступнікам усіх тых, хто спавядаецца, а таксама абаронцам людзей ад навадненняў і іншых прыродных катаклізмаў. Яго фігуры часта ставіліся каля мастоў праз раку, на скрыжаваннях і развілках дарог.
Вышыня бераставіцкай каплічкі-помніка Святому Яну складала каля 2-2,5 метраў. Выканана яна была з бетоннай масы. Фігура была замацавана на квадратным пастаменце. Вакол яе ўзвышаліся чатыры калоны, якія над галавой святога сыходзіліся ў адну кропку, ствараючы такім чынам дзве своеасаблівыя перакрыжаваныя аркі (скляпенні). Тэрыторыя вакол помніка была абнесена невысокім драўляным плотам з веснічкамі, а па яе вуглах раслі дрэвы акацыі. Штогод на каталіцкае свята Божага Цела доўгая працэсія, якая з крыжам і харугвамі ішла вуліцамі мястэчка, заўсёды на нейкі час спынялася ля каплічкі і праводзіла тут літургічныя абрады.
Сяргей ЛУШЧЫК,
г.Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *