Недапушчальнасць абортаў у каталіцкай сям’і. Ці так гэта?

Лента новостей

Сапраўды! Ці пытанне, якое вынесена ў загаловак, праўдзівае? Ці Каталіцкі Касцёл вынайшаў свае ўласныя правілы і ўсталяваў свае законы ў гэтым дачыненні? Вядома, не, таму што недапушчальнасць забойства зачатых дзяцей (а аборт — гэта забойства ненароджанага дзіцяці) не вынікае з вучэння Каталіцкага Касцёла, а з натуральнага закону, і датычыць усіх людзей, незалежна ад веры. Аб гэтым павінен памятаць кожны чалавек!
Кожны хрысціянін ведае 10 Божых Запаведзяў, а пятая запаведзь гучыць: “Не забі!”
Сам Бог выказаў гэтыя словы (параўнай: Зых. 20, 13; Мц. 5, 21-22). Чалавечае жыццё святое, толькі Бог з’яўляецца яго Уладаром ад самага пачатку да канца. Ніхто, ні пры якіх абставінах не можа даць сабе права на непасрэднае забойства нявіннай чалавечай істоты. Мы можам прачытаць у Катэхізісе Каталіцкага Касцёла: “2270. Чалавечае жыццё ад самага зачацця павінна шанавацца і ахоўвацца ў абсалютны спосаб. Ужо з першага моманту існавання чалавек павінен мець прызнаныя правы асобы, сярод якіх ёсць непарушнае права кожнай нявіннай істоты на жыццё… 2271 Касцёл з самага пачатку сцвярджаў, што маральным злом з’яўляецца кожнае перарыванне цяжарнасці. Аборт, незалежна ад мэты або прычынаў, глыбока супярэчыць маральнаму закону.”
Па праблемах абортаў выказваліся і вялікія аўтарытэты. Благаславёны Ян Павел II, Папа Рымскі, у энцыкліцы “Евангелле Жыцця, ці Аб каштоўнасці і недатыкальнасці чалавечага жыцця” пісаў, у прыватнасці: “Ад моманту апладнення яйцаклеткі пачынаецца жыццё, якое не з’яўляецца жыццём бацькі альбо маці, а жыццём новай чалавечай істоты, якая развіваецца самастойна. Яна ніколі не стане чалавекам, калі не з’яўляецца ім да гэтага моманту. Гэтую відавочную ісціну, заўсёды прызнаваную, сучасная генетыка пацвярджае бясспрэчнымі доказамі. Яна даказала, што ад першага моманту зачацця існуе дакладная праграма таго, кім будзе гэтая істота: чалавекам, тым канкрэтным чалавекам, фізічныя і псіхалагічныя ўласцівасці якога ўжо акрэслены. Ад зачацця пачынаецца асабістая гісторыя чалавека, хоць патрэбен час, каб кожная з яго патэнцыяльных здольнасцяў была цалкам сфармавана і магла быць выкарыстана”.
Святая Маці Тэрэза выказала моцныя словы: “Найбольшай небяспекай, якая пагражае сёння свету, з’яўляецца аборт. Калі маці можна забіць сваё ўласнае дзіця, то што можа спыніць цябе і мяне, каб мы не пазабівалі адзін аднаго?”
Доктар Бернард Натансон, былы заўзяты прыхільнік абортаў, які сам выканаў іх вельмі многа, у нейкі момант свайго жыцця зразумеў свой грэх і крывадушнасць: “Я сабраў вынікі навуковых дадзеных, якія пераканалі мяне, што чалавечае жыццё пачынаецца ў момант зачацця, апладнення, і з гэтага моманту зачатая асоба з’яўляецца чалавечай істотай. Няма такога месца ў матцы, у якім магла б адбыцца замена таго, што пакуль што не ёсць асобай, у чалавечую асобу. Няма ніякай рэзкай змены ў часе ўнутры вантробнага развіцця і таму жыццё з’яўляецца бесперапыннай паслядоўнасцю ад свайго пачатку да канца. Чалавечы плод з’яўляецца безабаронным чалавекам, якога трэба аберагаць. Я зразумеў, што жыццё – гэта не матэрыял, і мы не з’яўляемся распарадчыкамі жыцця”.
Такіх выказванняў можна прачытаць вельмі многа, але важна прыняць праўду, што аборт на любой стадыі цяжарнасці – гэта забойства зачатага, але яшчэ не народжанага дзіцяці. Хачу вам таксама ўсвядоміць, што Каталіцкі Касцёл накладае за гэтае злачынства кару экскамунікі (гэта кара касцельная, якая выключае з супольнасці Касцёла, забараняе прымаць сакрамэнты, у тым ліку і Святую Камунію). Касцёл не мае замеру за гэтае дзеянне скарачаць перыяд міласэрнасці. Ён паказвае ўвесь цяжар выкананага злачынства, шкоду, якую нельга паправіць, ні нявінна забітаму дзіцяці, ні яго бацькам, ні цэламу грамадству.
Паважаныя! Беражыце жыццё і маліцеся за жанчын, якія знаходзяцца ў благаславёным стане, і за тых, якія думаюць аб забойстве свайго ненароджанага дзіцяці, каб да гэтага не дайшло.
а.Анджэй Іадкоўскі,
місіянер, вікарый касцёла Перамянення Гасподняга г.п.В.Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *