Неабыякавыя нататкі да Дня роднай мовы. Словам лічбаў і фактаў, цытаты вялікіх

Лента новостей Тема недели

“Ніякае багацце людзей  не бывае даражэйшым за іх родную мову”. Якуб Колас

Пра  мову за мінулыя стагоддзі напісана многа кніг, прац, даследаванняў, манаграфій. Для мяне мова – гэта заўсёднае свята душы і сэрца, на ёй лёгка думаецца, душа адразу прагне адкрыццяў. Аднак аднаго дня свята для дзяржаўнай мовы надта мала. Мне як грамадзяніну Беларусі вельмі хочацца, каб матчына слова гучала з вуснаў суайчыннікаў  штодня. А таму я сабраў найбольш красамоўныя “прычыны”, чаму  мову трэба вучыць, любіць,  паважаць, шанаваць,  прапагандаваць.

НАПРЫПАЧАТКУ

*Гісторыя беларускага пісьменства налічвае каля 10 стагоддзяў.

*Мова  пачала складацца ў 14 -16 ст.,  была  аформлена  напрыканцы 19 – пачатку 20 ст.

*У перыяд знаходжання беларускіх земляў у  Вялікім княстве Літоўскім афіцыйнай мовай была  старабеларуская: на ёй вялі афіцыйнае і прыватнае ліставанне, судовую практыку,  перакладалі творы, размаўлялі.

  *Беларускі першадрукар, ураджэнец гераічнага Полацка Францішак Скарына сцвярджаў: “Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў”. 6 жніўня 1517 г. ён  выдаў першую друкаваную беларускую кнігу “Псалтыр”.

*Сучасная  літаратурная мова пачала стварацца з 1850-х гг. на аснове мінскай гаворкі  сярэднебеларускай групы дыялектаў, у працэсе  станаўлення здолела  сінтэзаваць характэрныя для многіх   гаворак граматычныя і лексічныя рысы. 

*Беларуская мова прызнана ЮНЕСКА другой у свеце па мілагучнасці пасля італьянскай.

*Беларускі алфавіт складзены на аснове кірыліцы і развіты з алфавіта стараславянскай мовы. Яго сучасная форма была замацавана ў 1918 г. і складаецца з 32 літар.

*Ля вытокаў развіцця літаратурнай мовы стаяла  інтэлігенцыя: ураджэнец фальварка Панюшкавічы Бабруйскага павета, заснавальнік айчыннай драматургіі, нацыянальнага тэатра, першы класік новай беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч,  ураджэнец вёскі Кукавячына Віцебскага павета, паэт, фалькларыст, кнігавыдавец Аляксандр Рыпінскі, ураджэнец вёскі Малюшычы Навагрудскага павета, паэт, мовазнавец, фалькларыст, перакладчык Ян Чачот.

*Сапраўдны росквіт нацыянальнай мовы распачаўся ў 2-й палове 19 ст.: на ёй тварылі   Францішак  Багушэвіч, Максім  Багдановіч, Якуб Колас, Янка Купала.

*Гэта Францішак Багушэвіч дасць запавет нашчадкам: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”. З лёгкай рукі Багушэвіча, пачынаючы з 1891 г., калі ўбачыла свет першае выданне “Дудкі беларускай”, штогод пачалі  з’яўляцца кнігі на мове.  Багушэвіч, акрамя  літаратурных твораў, займаўся  лексікаграфічнай працай. Па даручэнні Яна Карловіча ён ствараў картатэку беларускіх слоў. Францішак даказваў: “Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю”. І сёння не толькі ў Кушлянах Смаргонскага і ў Жупранах Ашмянскага раёнаў жыве святая  памяць пра першага нацыянальнага класічнага паэта.

*Як сцвярджаў вялікі сын зямлі глыбоцкай Вацлаў Ластоўскі: “Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі”. Ён складаў чытанкі для дзяцей, апрацоўваў гістарычныя легенды. У 1924 г. выдаў “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” (у 1990 г. –  факсімільнае перавыданне).  У 1926 г. Ластоўскі выдаў “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі (у 2012 г.  – факсімільнае перавыданне).

*Паэтка, ураджэнка фальварка Пешчын Лідскага павета Цётка пісала: “Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць”. І працягвала: “Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто адзеў чужую апратку – той адышоў ад народу далёка-далёка. Ён чужы ў роднай вёсцы, у сваёй сям’і. І на яго браты глядзяць як на чужынца”. Яна выдала  “Першае чытанне для дзетак беларусаў.

*Сын Стаўбцоўшчыны, ураджэнец  засценка Акінчыцы Якуб Колас казаў: “Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас  свет”.  І дадаваў: “Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валадаць ёю”. Пісьменнік выдаў буквар  “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”, стварыў нацыянальную эпапею, энцыклапедыю жыцця сялянства – паэму “Новая зямля”.  

* Ураджэнец вёскі Сакоўцы Слонімскага павета Піліп Пестрак канстатаваў: “Ігнараваць мову – гэта значыць ігнараваць народ, нацыю”.

*Ураджэнец вёскі Пасадзец Лагойскага раёна Змітрок Бядуля пісаў: “Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць – калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця”. У яго  аповесці-казцы “Сярэбраная табакерка” закадзіравана міфалагема пра лёс Беларусі.

*Слынны сын зямлі аршанскай Уладзімір Караткевіч зробіць выснову: “Мова, прыгожае пісьменства, паэзія, музыка – сродак сувязі між душамі людзей, вышэйшы сродак”. І дадаваў: “Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў”. На мове ён стварыў бессмяротную  прозу: “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі” і інш.

* Яшчэ адзін сын зямлі аршанскай,ураджэнец вёсачкі Зубрэвічы паэт Янка Сіпакоў даказвае: “Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам”.  

НАПРЫКАНЦЫ

*Мова пашырана ў  Беларусі, распаўсюджана ў Польшчы, Украіне, Расіі, Літве, Латвіі і інш.

*На тэрыторыі Польшчы паводле Закона аб нацыянальных і этнічных меншасцях ад 26 студзеня 2005 г.  мова ўведзена ў якасці дапаможнай у зносінах паміж чыноўнікамі магістрата і насельніцтвам на тэрыторыях: Гайнаўка, Орля, Нарэўка, Чыжы. 

*Беларуская мова ўжываецца ў сёлах Ракітнаўскага раёна 

Ровеншчыны. У раёне зафіксавана найвышэйшая ва Украіне доля беларускага насельніцтва.

*Калі ў   літаратурнай мове налічваецца каля 250 — 500 тысяч слоў, то ў дыялектнай – каля двух мільёнаў.

*Дыялектолагі фіксуюць  адрозненні ў гаворках  не толькі суседніх вёсак аднаго раёна, але і  розных канцоў адной вёскі.

*Прыклады пісьмовага прымянення мясцовых гаворак адзначаны на Палессі ўжо ў 16-17 ст.

*У 19 ст. па-палеску піша вершы ўраджэнец вёскі Вяляцічы Пінскага павета Франц Савіч. У 1907 г. з’явіўся першы друкаваны палескі буквар (лемантар). Вялікі паляшук,  сын зямлі хойніцкай, ураджэнец вёсачкі Глінішча Іван Мележ сцвярджаў: “Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ”. Ён стварыў эпапею Палесся – трылогію “Палескую хроніку”.

*Каля сямі мільёнаў чалавек у розным аб’ёме  валодаюць роднай мовай.

*Беларуская мова захавала ў сабе мноства славянскіх элементаў і таму справядліва лічыцца ключом да разумення іншых славянскіх моў.

*Беларусы жывуць і размаўляюць па-беларуску ў Расіі, Украіне, Латвіі, Літве, Польшчы, Чэхіі, ЗША, Канадзе, Казахстане і інш.

*Агульная колькасць беларусаў у свеце каля 10 мільёнаў чалавек.

*У мове ёсць велізарная колькасць слоў, якія нельга перавесці даслоўна: у гэтым  яе ўнікальнасць, непаўторнасць і сэнс існавання. 

*Многія дзеці ў Беларусі растуць ў рускамоўных сем’ях,  у той жа час толькі  мова па-сапраўднаму здольна   пазнаёміць з характарам беларусаў і беларусак,  з айчыннай  гісторыяй, прыродай-матухнай,  традыцыямі і  вераваннямі, увесці ў непаўторны свет народнай паэзіі, казак, песень, легендаў і паданяў.

Канстанцін Карнялюк



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *