На месцы рынка ў Вялікай Бераставіцы быў басейн

Из истории земли Берестовицкой Культура

Сёння ўсе жыхары Вялікай Бераставіцы ведаюць, дзе размяшчаецца ў пасёлку рэчавы рынак, але не кожны можа адказаць, што было на гэтым месцы ў міжваенны (польскі) перыяд і ў савецкія часы.
Пасля вайны на згаданай мясцовасці абсталявалі адкрыты спартыўны басейн, у якім час ад часу праводзіліся спаборніцтвы плаўцоў. Побач з ім для ба­лельшчыкаў нават паставілі драўляныя лаўкі.
З цягам часу басейн прыйшоў у запусценне. Памятаю, у 70-я гады мінулага стагоддзя ад яго ўжо нічога не засталося, акрамя неглыбокага катлавана з зарослымі кустоўем палогімі берагамі. У тыя часы на тэрыторыі побач з былым басейнам яшчэ стаяла на высокім пастаменце фігура, зробленая ў стылі тыповага сацрэалізму, здаецца, дзяўчына з вяслом.
У 90-я гады рэшткі басейна канчаткова зліквідавалі. Катлаван засыпалі, а пляцоўку выраўнялі і заасфальтавалі. На ёй і паўстаў сучасны рэчавы рынак пасёлка.
А вось у даваенныя гады (2-я палова 30-х) на гэтым месцы быў штучны вадаём, у якім гадавалі рыбу. Знаходзіўся ён ва ўласнасці Касакоўскіх. Гэты вадаём размяшчаўся ніжэй узроўня возера і лічыўся “ніжнім” ставам. У народзе ж яго называлі проста “сажалкай Касакоўскіх”. Аддзяляўся ён ад “верхняга” праточнага вадаёма (возера) высокім насыпам з пясчанай гліны (“гробляй”) па якім ішла дарога. Вада з возера паступала туды па драўлянаму рынштоку пад мастом, падобнаму да таго, які быў пры вадзяным млыне. Такім чынам, уся гідрасістэма ў мястэчку складалася з “верхняга” і “ніжняга” вадаёмаў, двух рукавоў ракі, якія выцякалі з возера і потым злучаліся ў адно рэчышча, і двух млыноў – паравога і вадзянога. Падобная гідрасістэма з двума вадаёмамі была характэрнай для многіх заможных прысядзібных гаспадарак тагачаснай Польшчы.
Бераставіцкі “ніжні” стаў адно­сіўся да тыпу “ставаў-рочнікаў“, якія існавалі менш за год. Увесну яго запаўнялі вадой і запускалі рыбу (карпа), а позняй восенню асушвалі, пры гэтым вада з яго па спецыяльнаму адводу сыходзіла ў галоўнае рэчышча Бераставічанкі.
Свежаадлоўленую рыбу змяш­чалі ў драўляных бочках альбо скрынях і перакладвалі саломай. Пэўная колькасць рыбы ішла на патрэбы маёнтка. Але большая яе частка – на продаж. Пастаяннымі кліентамі тут былі мясцовыя яўрэі.
На зіму дно асушанага вадаёма пасыпалі негашанай вапнай і злёгку баранавалі.
Дарэчы, рыбу разводзілі і ў во­зеры (верхнім праточным ставе). Цікава, што ў тыя часы на такіх вадаёмах у самым глыбокім іх месцы (пры дамбе) забівалі ў дно металічныя штыры з шыпамі, каб злодзеі не маглі “папрацаваць” уначы невадам. Тым не менш рыбу ў Касакоўскіх умудраліся красці, асабліва гэта датычылася мясцовай дзетвары.
У Касакоўскіх быў чалавек, які цалкам адказваў за гадоўлю рыбы ў графскай гаспадарцы. Звалі яго Мар’ян Міхаляк. Кармілі рыбу ў тыя часы зернем. Акрамя мястэчка, Касакоўскія вырошчвалі карпа і на шматлікіх ставах у ваколіцах Бераставіцы.

Сяргей Лушчык



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *