У час другога ўкосу працаўнікі сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюць кожную прыдатную гадзіну, каб своечасова паспець скасіць травы, добра напоўніць траншэі.
У СВК “Цецяроўка”, як і ў іншых сельгаскааператывах Бераставіччыны, робяць стаўку на далейшае эфектыўнае развіццё жывёлагадоўлі. Другім укосам трэба ўбраць 742 гектары траў.
Малады механік Мікалай Гардзейка, які зараз сеў за штурвал магутнага трактара з дзевяцімятровай касілкай, нядаўні выпускнік Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага каледжа. Першыя крокі ў любімую прафесію ён зрабіў у Бераставіцкім ліцэі, але на гэтым не спыніўся і ўдасканаліў свае веды ў сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе. Праца з тэхнікай яму падабаецца. А касавіца – адна з любімых работ хлопца.
— Каб не падабалася, не працаваў бы, — гаворыць ён.
Чуць такія словы ад маладога чалавека вельмі прыемна, значыць, справа яму па душы, а ў старэйшых вопытных аграрыяў ёсць дастойная змена. Самае галоўнае, каб была схільнасць да выбранай прафесіі, тады яна шчодра аддзячыць за старанне.
Ніна Наддэ, фота аўтара