Нашы продкі чакаюць малітваў

Лента новостей

IMG_0007Справядліва кажуць, што культура і вера людзей пазнаецца па іх адносінах да памерлых. Чым большае падзенне культуры, тым большая пагарда да продкаў і могілак. Чым больш высокая культура, тым большая пашана да продкаў. І менавіта дні ўспамінаў памерлых, з’яўляюцца выдатнай нагодай праверыць узровень культуры і веры хрысціянаў.
Нашыя могілкі адсланяюць шмат як добрай, так і смутнай праўды пра сучаснае пакаленне. Яны паказваюць і наш узровень культуры, і тое, у што і як мы верым.
Забабоннасць і празмерная зацыкленасць многіх людзей на знешнім гаворыць аб адсутнасці элементарных ведаў аб лёсе чалавека пасля смерці. Хрысціянства адрозніваецца ад навукі і магіі тым, што нашыя веды аб паслясмяротным лёсе чалавека асноўваюцца не на чалавечых здагадках, але на Божым Аб’яўленні. Пан Бог сам увайшоў у гісторыю людзей, адкупіў іх ад вечнага пакарання за грахі. Бог даў нам магчымасць пазнаваць праўду праз Аб’яўленне, запісанае ў Бібліі, а таксама праз святую традыцыю Касцёла, якая тлумачыць Пісанне і адлюстроўвае досвед веры шматлікіх пакаленняў. Адтуль мы даведваемся пра лёс чалавека пасля смерці.
Хрысціянскае веравучэнне падрабязна тлумачыць нам, што адбываецца з чалавекам пасля таго, як яго душа разлучаецца з целам. Па другі бок смерці чалавека чакае спачатку Божы Суд. Кожны становіцца перад абліччам праўды аб тым, што зрабіў з дарам свайго зямнога жыцця. Асоба, якая памерла ў стане святасці, без граху, пасля смерці адразу становіцца годнай жыць у Валадарстве Святых – ідзе ў Неба, рай. Той, хто змарнаваў Божыя дары і не пакаяўся за свае грахі нават у момант смерці – ідзе ў валадарства вечнага асуджэння і пакутаў – у пекла. Але ёсць шмат людзей, якія перайшлі на другі бок жыцця заплямленыя нейкай правінай. Яны жадаюць быць з Богам, але нейкі грэх стаіць паміж імі і Небам. Бог у сваёй бясконцай любові і міласэрнасці дае магчымасць усім, хто жадае, быць разам з Ім. Таму такім асобам, жадаючым быць у Нябесным валадарстве чыстых душ, неабходна спачатку ачысціцца. Гэты пераходны стан душы каталіцкая традыцыя назвала “чысцец” — стан ачышчэння для тых, хто жадае быць у Небе, але не поўнасцю чыстым закончыў зямны шлях.
Для тых, хто застаўся на зямлі, далейшы лёс іх памерлых блізкіх невядомы. Можна толькі здагадвацца, спадзявацца на Божую Міласэрнасць і верыць, што яны не ў пекле. А ўлічваючы чалавечую падатлівасць на грэх, найбольшая верагоднасць – гэта тое, што блізкая нам асоба перажывае цяпер мукі ачышчэння. І ў гэтым мы можам ім дапамагчы, просячы святара аб ахвяры св. Імшы за іх, а таксама ахвяруючы малітвы, пост, учынкі любові да бліжняга.
Усведамленне таго, як моцна мы на зямлі можам дапамагчы душам нашых памерлых, змяняе поўнасцю наш падыход да смерці і месца пахавання. Сапраўдныя хрысціянскія могілкі – гэта святое месца, дзе ўсё засяроджана на малітве. Бо ні колькасць кветак і якасць мармуровых помнікаў і агароджаў дапамагаюць нашым памерлым знайсці вечны супакой з Богам, але толькі нашая малітва за іх. Таму хрысціянская магіла заўсёды задбаная, але сціплая. Цэнтральнае месца на ёй павінен займаць не вянок і фотаздымак, але Хрыстовы крыж, абраз або сімвал, які скіруе думкі кожнага наведвальніка на тое, каб узнесці да Бога словы збаўленнай малітвы: “Вечны адпачынак дай ім, Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць. Няхай адпачываюць у супакоі вечным. Амэн”.
Паводле grodnensis.by.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *