Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы аг. Пагранічны Тамара Андрушка абуджае ў сэрцах сваіх вучняў любоў да роднага слова

Лента новостей Образование Человек и его дело

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны  дзень роднай мовы. Ён спрыяе прыцягненню ўвагі да кожнай нацыянальнай мовы, каб захаваць культурную разнастайнасць на планеце.

У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, і на жаль, тытульная мова нацыі – беларуская – не з`яўляецца пастаянным сродкам зносін для большасці грамадзян нашай краіны. Але не трэба забываць, што мова жывая, пакуль на ёй гавораць. І Дзень роднай мовы – добрая нагода задумацца пра лёс беларускай мовы, якую мы часта называем матчынай, і паспрабаваць вярнуць яе ў сваё карыстанне, напачатку хаця б у гэты дзень.

Сярод тых, хто ўжывае родную мову пастаянна, безумоўна, знаходзяцца настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, бо менавіта яны вучаць размаўляць на ёй сваіх выхаванцаў, знаёмяць з лепшымі творамі беларускай літаратуры, прывіваюць любоў да беларускай культуры і традыцый, тым самым закладваюць падмурак для фарміравання нацыі.

Ужо амаль 28 гадоў любоў да роднага слова абуджае ў сэрцах сваіх вучняў і настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны Тамара Андрушка.

Тамара Міхайлаўна – вопытны і адданы сваёй справе педагог, які ўмее знайсці падыход да кожнага вучня і зацікавіць сваім прадметам. І хоць школа, у якой яна працуе, рускамоўная, беларускую мову тут дзеці ведаюць і шануюць. І немалая заслуга ў гэтым менавіта настаўніцы. Нават кабінет беларускай мовы і літаратуры ў яе аформлены так, што тут адразу адчуваецца павага да роднага слова. Дарэчы, за гэта ён быў і адзначаны на раённым конкурсе кабінетаў.

Тамара Міхайлаўна жартуе, што ў школе яна старажыл, тут вучылася сама, цяпер тут вучыць сваіх вучняў, гэта адзінае месца яе працы.

— Нарадзілася я ў Свіслацкім раёне, але мае бацькі былі мясцовымі і вярнуліся на Бераставіччыну, калі мне трэба было ісці ў першы клас, — расказвае Тамара Міхайлаўна. – Мая мама, Раіса Васільеўна Гайдучэня,  працавала спачатку ў дзіцячым садзе, а потым настаўніцай пачатковых класаў тут, у школе. Пасля заканчэння 10 класа я папрабавала паступіць у Брэсцкі ўніверсітэт, але трохі не хапіла балаў, таму пайшла працаваць піянерважатай у школу, а потым завочна паступіла ў Гродзенскі ўніверсітэт.

Я цікаўлюся, чаму яна выбрала менавіта  прафесію настаўніка беларускай мовы?

— Я, можна сказаць, і не ведала другіх прафесій, акрамя як настаўніка, — усміхаецца Тамара Міхайлаўна. – Я дапамагала маме рыхтаваць дыдактычны матэрыял да ўрокаў, нешта выразала, клеіла, малявала. І так атрымалася, што другой прафесіі ўжо і не хацела. А чаму  выбрала  беларускую мову? Напэўна таму, што мне падабалася наша настаўніца беларускай мовы і літаратуры, у 9 і 10 класе ў нас працавала Ірына Антонаўна Лігер, яна была нашым класным кіраўніком і выкладала беларускую мову. Яна была вельмі маладая, цікавая, блізкая па ўзросту з намі, старшакласнікамі, я ёй таксама часта дапамагала.

Тамара Міхайлаўна працавала піянерважатай і завочна вучылася, а праз пару гадоў, калі ўжо была на старэйшых курсах, ёй далі і некалькі гадзін беларускай мовы і літаратуры.

— Так з 1993 года я ўжо стала працаваць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, — удакладняе Тамара Міхайлаўна. – З гэтага часу пачаўся мой прафесійны шлях, па якім я іду і цяпер. З дзецьмі мне заўсёды падабалася працаваць, я лічу, што калі дзеці любяць настаўніка, то яны будуць любіць і прадмет, які ён выкладае. Але трэба заўсёды падаграваць гэты інтарэс, кожны раз нешта цікавае прапаноўваць дзецям. Я больш люблю ўрокі літаратуры, бо мова – яна як матэматыка, тут трэба ведаць і прымяняць правілы правапісу, а на ўроках літаратуры можна паразважаць, выхоўваць дзяцей, прывіваць ім маральныя каштоўнасці і высокія маральныя якасці. Сваіх вучняў стараюся крыху  інтрыгаваць, расказваю, што прачытала цікавую кнігу, прыводжу займальныя факты з сюжэту, а потым кажу, што не памятаю, чым закончылася, пачытайце самі. І многія дзеці адразу просяць яшчэ раз назваць назву і аўтара кнігі, каб знайсці яе і прачытаць. Вядома, часам прыходзіцца і пераконваць, і прымушаць чытаць кнігі, бо я заўсёды кажу вучням, што калі вы не будзеце ведаць зместу твора, то нам няма аб чым і гаварыць з вамі на ўроку літаратуры.

У нас рускамоўная школа, тут заўсёды вучылася шмат дзяцей ваенных,  для некаторых  вучняў і сёння беларуская мова амаль як замежная, яны прыходзяць у пяты клас і не могуць добра чытаць па-беларуску. Але калі мы падыходзім да  старэйшых класаў, то ў нас заўсёды ёсць дзеці, якія выбіраюць вывучэнне беларускай мовы на павышаным узроўні, здаюць экзамен і тэсціраванне па беларускай мове і паказваюць нядрэнныя вынікі.

Дарэчы, вучні Тамары Андрушка пастаянна ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах, яе былая вучаніца Карына Леваненя была пераможцам раённай і удзельніцай абласной алімпіяды па беларускай мове, Анжэла Савіцкая і Кацярына Мармыш таксама паказвалі добрыя вынікі на алімпіядах, а таксама займаліся  навукова-даследчай дзейнасцю.

Тамара Міхайлаўна ўсе гады працы ў школе была і класным кіраўніком, у яе тры  сямігадовыя выпускі, ад 5 да 11 класа,   у гэтым навучальным годзе  яна зноў узяла пяцікласнікаў.

— І на класных гадзінах мы таксама часта гаворым на беларускай мове, праводзім тэматычныя мерапрыемствы, якія папулярызуюць роднае слова, — адзначае настаўніца. – У мінулым годзе, калі была франтальная праверка,  прысутнічалі ў мяне на ўроку літаратуры ў 11 класе. І першая заўвага, якую я атрымала, была:  “Мы не думалі, што ў Пагранічнай школе дзеці могуць так добра гаварыць па-беларуску”. Напэўна, для мяне гэта самая вялікая пахвала.

Тамара Міхайлаўна кажа, што ў яе ёсць паслядоўнікі, на факультэце беларускай мовы вучыліся яе былыя вучаніцы Вольга Карпуць і Галіна Ігнацюк, праўда, цяпер яны не працуюць ужо ў школе.

— А адзін мой вучань паступіў вучыцца ў Мінск, і аднойчы прыйшоў да мяне і расказаў, што яны ў сваёй групе ва ўніверсітэце размаўляюць толькі па-беларуску, — дзеліцца сваёй радасцю настаўніца. – І мне было прыемна, што ён сказаў:  “Тамара Міхайлаўна,  ведаеце, у мяне нядрэнна атрымліваецца, можаце мною ганарыцца!”

Вядома, у абыходзе цяпер усюды руская мова, і гэта не спрыяе таму, каб людзі добра   валодалі беларускай. Трэба паказваць асабісты прыклад, тлумачыць, што гэта наша  родная мова, што калі мы яе страцім, страцім сваю культуру, традыцыі. Але я лічу, што да мовы, як і да Бога, звернуцца ўсе, каму гэта будзе патрэбна і цікава. Вельмі хачу, каб дзеці ведалі і шанавалі традыцыі і культуру нашага народа. Мару, каб мова наша гучала не толькі на ўроках у школе, але і ў доме кожнага беларуса, каб нашы ўнукі і праўнукі таксама змаглі пазнаць  духоўныя скарбы, назапашаныя  на беларускай зямлі вякамі.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *