Нарыхтоўка кармоў пачалася ў Бераставіцкім раёне

Лента новостей

Хто шчыруе ў маі, той і мае… Касавіца кожны год у сельгаскааператывах раёна – не менш важная сельскагаспадарчая кампанія, чым сяўба. Для гэтага ўсе яны загадзя падрыхтавалі адпаведную тэхніку, а ў РУСП “Масаляны”, напрыклад, яшчэ і купілі новыя імпартныя “граблі”. Захопліваюць яны аж 12 метраў. Таму работа будзе спорыцца. І хаця вясна ў гэтым годзе не лашчыць пастаянным цяплом, добры дожджык таксама на карысць травам. Іх у РУСП “Масаляны” своечасова падкармілі. Дзякуючы моцнай агранамічнай службе і працаўнікам, летась добрых кармоў тут нарыхтавалі з запасам, а зараз спадзяюцца, што і ў гэтым годзе ўсё атрымаецца, як запланавалі. Папрацаваць, вядома, прыйдзецца нямала.
Зараз рацыён жывёлы ўзбагацілі зялёнай масай. Выкарыстоўваецца для гэтага сурэпіца, люцэрна. Сена ў РУСП “Масаляны” ў гэтым годзе трэба назапасіць 510 тон, сенажу 9 тысяч і сіласу 12 тысяч тон. Залог поспеху – строгае захаванне сучасных тэхналогій.
Нарыхтоўка кармоў – сапраўдны канвеер, усё трэба рабіць своечасова, ды яшчэ даводзіцца турбавацца, каб зменлівае надвор’е не падвяло. У РУСП “Масаляны” на сенажацях будуць працаваць дзве айчынныя і дзве імпартныя касілкі. Тут зладжанае “моцнае звяно” механізатараў. Гэта Аляксандр Сак, Юрый Калюта (на здымку), браты Войцех і Іосіф Пляўгі, Іван Канеўскі, Алег Гольцаў, Аляксандр Максімік. На трамбоўцы будуць задзейнічаны Аляксандр Якімовіч і Валерый Буйко. Усе яны – людзі адказныя, таму і падтрымліваецца тут з году ў год добрае імя гаспадаркі, аб поспехах якой вядома не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *