Народны ансамбль народнай песні РДК “Бераставіцкія музыкі” пабываў з культурным візітам у Дуброве Беластоцкай

Лента новостей

Народны ансамбль народнай песні РДК “Бераставіцкія музыкі” пабываў у творчай паездцы за мяжой, у нашых польскіх суседзяў. Калектыў у якасці ганаровага госця прыняў удзел у ХVIII Агульнапольскім фестывалі “Беларуская песня-2011”, рэгіянальны тур якога праходзіў 23 студзеня ў Дуброве Беластоцкай.
Запрашэнне на мерапрыемства “Бераставіцкія музыкі” атрымалі ад Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ), з прадстаўнікамі якога ў нашых артыстаў наладжана даўняе культурнае супрацоўніцтва.
Беларускае грамадска-культурнае таварыства—польская арганізацыя беларусаў, якая праводзіць культурна-асветніцкую работу сярод беларускага насельніцтва ў Польшчы. Разнастайных мерапрыемстваў, якія арганізуе таварыства, адбываецца ў год дзесяткі. БГКТ ладзіць агляды фальклорных калектываў. Бо вельмі любяць у Польшчы беларускую народную песню, увогуле, беларускі фальклор. І не толькі беларусы, якія пражываюць у Польшчы, але і карэнныя палякі.
Наш калектыў—часты госць на такіх фальклорных святах. “Бераставіцкія музыкі” за працяглы час супрацоўніцтва ўжо сталі дастаткова вядомымі ў памежных з нашым раёнам польскіх рэгіёнах і маюць сярод мясцовага насельніцтва сваіх прыхільнікаў. Гэта ў чарговы раз па-цвердзіў і сёлетні ўдзел нашых артыстаў у фестывалі “Беларуская песня-2011”—адным з аўтарытэтных конкурсаў выканаўцаў беларускай песні ў Польшчы.
Цёплы прыём, актыўная падтрымка слухачоў, шчырасць і адкрытасць уласцівыя мясцовым жыхарам. — Гэта тыя моманты, якія заўсёды адзначаюць нашы артысты, характарызуючы свае культурныя візіты. Не стала выключэннем і цяперашняя паездка, якая яшчэ больш умацавала сяброўскія сувязі з польскімі суседзямі. Менавіта на такі дыялог і далейшае развіццё культурнага супрацоўніцтва і быў зроблены акцэнт у выступленнях прадстаўнікоў мясцовага самакіравання Дубровы Беластоцкай, грамадскасці горада, супрацоўнікаў Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы і Генеральнага консульства ў Беластоку, якія прысутнічалі на фестывалі.
Святлана Ганчарова



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *