“Напеў зямлі маёй”

Лента новостей

У адпаведнасці з планам работы раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці, у рамках абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва і рэспубліканскай акцыі “Беларусь—гэта мы” быў праведзены раённы агляд-конкурс дарослых і дзіцячых аматарскіх калектываў, якія дзейнічаюць ва ўстановах культуры, асобных выканаўцаў-носьбітаў фальклорнай спадчыны.

Агляд-конкурс праводзіўся з мэтай захавання, развіцця і прапаганды традыцыйнай народнай творчасці, павышэння ўвагі да вывучэння нацыянальных традыцый песенна-танцавальнага жанру, гульнёва-абрадавай спадчыны, выяўлення самабытных носьбітаў беларускага фальклору, папулярызацыі іх творчасці.
Праводзячы агляд-конкурс, мы пераканаліся, што бераставіцкая зямля славіцца сваёй багатай народнай спадчынай: прозай, малымі фальклорнымі жанрамі, народнымі рамёствамі і промысламі, а перш за ўсё — народна-песеннай творчасцю. Яе старадаўнія традыцыйныя ўзоры дажылі да нашых дзён разам са святамі і абрадамі, з якімі яны складаюць адзінае цэлае.
Усе гэтыя віды народнай творчасці былі выкарыстаны ў праграмах выступленняў удзельнікаў агляду-конкурсу. За трыццаць хвілін, якія адводзіліся на кожнае выступленне, калектывам удалося прадставіць членам журы розныя жанры фальклору:абрадавы, гульнёвы, песенны, танцавальны, размоўны. Выступленні праходзілі на сцэнах, аформленых у фальклорна-этнаграфічным стылі ці, увогуле, у музейных краязнаўчых пакоях. Дадаткова былі прадстаўлены выставы ўзораў народнай творчасці, прадметаў мясцовага сялянскага побыту і вырабаў майстроў.
Шэраг устаноў культуры, асабліва тыя, у якіх дзейнічаюць уласныя фальклорныя калектывы, прадэманстравалі цікавыя, па-свойму адметныя праграмы. Малабераставіцкі калектыў “Вясёлка” паказаў абрад “На Вялікдзень”. Алекшыцкі ЦДК падрыхтаваў “Вячоркі”, у якіх былі задзейнічаны ўдзельнікі дарослага фальклорнага калектыву “Вясёлая бяседачка” і дзіцячага аматарскага калектыву “Валошкі”. У форме папулярных у народзе “вячорак” былі падрыхтаваны таксама конкурсныя праграмы і некаторых іншых Дамоў культуры і клубаў раёна. Так, прыемна ўразілі членаў журы “Капусныя вячоркі” Пархімаўскага Дома культуры і вольнага часу. Мясцовы фальклорны калектыў “Весялухі” прадэманстраваў абрад крышэння капусты з адпаведным песенным суправаджэннем. Таксама быў паказаны цікавы і карысны відэаматэрыял. Старадварэцкі Дом культуры і народнай творчасці разам са сваім фальклорным калектывам “Сяброўкі” запрасіў на “Старадварэцкія вячоркі”. На эйсмантаўскіх “вячорках” чаго толькі не было: гучалі і легенды, і паданні, і прыпеўкі, праводзіліся гульні. І ўсё гэта дзейства праходзіла ў музейным этнаграфічным пакоі, што стварала асаблівую “фальклорную” атмасферу. А ў “Масалян-скай святліцы” — так называлася фальклорна-этнаграфічная замалёўка Масалянскага СК—была прадэманстравана сувязь пакаленняў: адна са старэйшых жыхароў Л.І.Смалей расказала пра колішні побыт і адпачынак вяскоўцаў. А моладзь, у сваю чаргу, паказала, як сёння яна бавіць свой вольны час.
Пагранічны ЦДК таксама падрыхтаваў фальклорную замалёўку. А загадчыца Бераставічанскага клуба-бібліятэкі В.І.Акуліч расказала прыгожую легенду пра пахо-джанне назвы сваёй вёскі.
Амаль усе каляндарна- ці сямейна-абрадавыя святы ў той ці іншай ступені і ў рознай падачы былі прадэманстраваны падчас агляду-конкурсу. “Хрэсьбіны” паказвалі ўдзельніцы фальклорнага калектыву “Прамень” Пыхоўчыцкага Дома сацыяльна-культурных паслуг, “Багач”—Кватарскі Дом культуры і вольнага часу і Канюхоўскі СДК, “Калядкі”—раённы Дом культуры, “Пакроўскія гульні”—Макараўскі Дом нацыянальных культур.
У цэлым, работнікі клубных устаноў раёна адказна аднесліся да падрыхтоўкі і правядзення агляду-конкурсу, многія канкурсанты паказалі добры прафесійны ўзровень, падабралі ўдалыя тэмы для сваіх выступленняў. Лепшыя з іх прымуць удзел у абласным фестывалі фальклорнага мастацтва, які пройдзе ў наступным годзе.
Марыя Юшкевіч,
метадыст па этнаграфіі і фальклору РМЦ НТ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *