Навучальны працэс – па-беларуску

Лента новостей

Яшчэ Францішак Багушэвіч у свой час час казаў: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” І хоць з таго часу мінула ўжо больш за стагоддзе, праблема выкарыстання беларускай мовы застаецца па-ранейшаму актуальнай. Ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя беларуская мова не вытрымлівае канкурэнцыі з рускай і застаецца, як кажуць, на задворках. Але ж нам заўсёды неабходна памятаць, што мова – гэта непаўторная асаблівасць кожнага народа, падмурак нацыянальнай самасвядомасці, фактар захавання гісторыі і культуры. І калі мова знікне з ужытку, пад пагрозай знікнення акажацца і ўвесь народ. Разумеючы гэта, асаблівую ўвагу трэба надаваць папулярызацыі беларускай мовы ва ўстановах адукацыі і прывіццю любові да яе ў падрастаючага пакалення беларусаў.
Аб тым, як будзе выка­рыстоўвацца беларуская мова ў арганізацыі навучальнага працэсу ва ўстановах адукацыі Бераставіччыны, я паціка­вілася ў намесніка начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Святланы Сунэлік.

— Святлана Віктараўна, колькі юных бераставічан у надыходзячым навучальным годзе будуць навучацца па-беларуску?
— У 2018/2019 навучальным годзе ва ўстановах дашкольнай адукацыі Бераставіцкага раёна плануецца адкрыццё 17 беларускамоўных груп, дзе будуць навучацца 215 выхаванцаў. Навучанне будзе арганізавана ў двух установах дашкольнай адукацыі (Малабераставіцкі і Алекшыцкі яслі-сад) і сямі вучэбна-метадычных комплексах (Старадварэцкі яслі-сад — базавая школа, Канюхоўскі яслі-сад — сярэдняя школа, Кватарскі яслі-сад — базавая школа, Макараўскі яслі-сад — сярэдняя школа, Пархімаўскі яслі-сад — базавая школа, Масалянскі яслі-сад — пачатковая школа, Паплаўскі яслі-сад – пачатковая школа (2 групы).
Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі навучальны працэс на беларускай мове будзе арганізаваны для 574 вучняў у 9 установах з 12 (рускамоўныя школы – Вялікабераставіцкая СШ, Вялікаэйсмантаўская СШ, СШ аг.Пагранічны).
— Як адбываецца знаёмства дзяцей з беларускай мовай у тых установах дашкольнай адукацыі, дзе навучальны працэс ажыццяўляецца на рускай мове?
— Ва ўстановах адукацыі, дзе адукацыйны працэс ажыццяўляецца на рускай мове, у практыку ўводзіцца правядзенне адзінага дня маўлення па-беларуску, калі з раніцы і да вечара дзеці чуюць беларускую мову і самі спрабуюць на ёй размаўляць. Акрамя таго, праводзяцца фальклорныя святы (“Каляды”, “Вячоркі”, “Масленіца”,“Саракі”, “Гуканне вясны”, “Вялікдзень”, “Дажынкі”), на якіх да­школьнікаў знаёмяць з культурай беларускага народу, яго мовай, традыцыямі, абрадамі, рамёствамі.
— А якія яшчэ мерапрыемствы па папулярызацыі роднай мовы праводзяцца ва ўстановах адукацыі?
— У верасні, на пачатку кожнага навучальнага года, ва ўстановах адукацыі раёна абавязкова праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускай пісьменнасці і друку.
Штогод у лютым аргані­зуецца шэраг мера­прыем­стваў да Міжнарод­нага дня роднай мовы. Гэта і беларускія вячоркі, і акцыі пад дэвізам “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”, і тэматычныя выхаваўчыя гадзіны, і выставы мастацкай літаратуры на беларускай мове.
Бераставіцкія школьнікі прымаюць удзел у конкурсе буктрэйлераў па творчасці беларускіх пісьменнікаў, ва ўстановах адукацыі традыцыйна праходзяць тыдні беларускай мовы і літаратуры.
Акрамя таго наладжана супрацоўніцтва з Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым му­зеем, у межах якога арга­ні­зоўваюцца сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі і дзеячамі культуры. Вы­клікаюць цікавасць у школь­нікаў літаратурныя вечарыны і гасцёўні, прысвечаныя пісьменнікам-юбілярам.
Гэтымі мерапрыемствамі педагогі не толькі раскрываюць перад школьнікамі прыгажосць роднай мовы, але і прывіваюць ім любоў да роднага краю, да яго гісторыі і культуры. А гэта адзін з галоўных шляхоў выхавання сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы. Таму настаўнікі імкнуцца матываваць вучняў да авалодвання роднай мовай. Бо беларуская мова – гэта мова нашых продкаў, гэта неацэнны скарб, які трэба берагчы, шанаваць і развіваць.
Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *