Мікракланальнае размнажэнне бульбы ў КСУП “Малабераставіцкі элітгас”

Лента новостей

Сёння колькасць сельгас­прад­прыемстваў, якія займаюцца вытворчасцю насеннага матэрыялу бульбы ў нашым рэгіёне ды ў краіне можна пералічыць на пальцах. Лабараторыя па мікракланальнаму вырошчванню бульбы, што ў КСУП “Малабераставіцкі элітгас”, — месца, якое сапраўды выклікае непадробную цікавасць. Першае, што заўважаеш, трапляючы на “тэрыторыю” гэтага аб’екту, – адсутнасць рэзкіх медычных пахаў, якія звычайна напаўняюць памяшканні лабараторый. Аднак аб тым, што ты знаходзішся ў зоне асаблівай стэрыльнасці, адразу сігналізуе выгляд яе працаўнікоў. Халат і бахілы – умова, абавязковая для кожнага.

Пра ажыццяўленне ўсіх пра­цэсаў за зачыненымі дзвярыма з надпісамі “пакой падрыхтоўкі асяроддзяў”, “пакой чаранкавання раслін” і “пакой культывавання раслін” дэталёва ведае аграном-бульбавод сельгаспрадпрыемства Валянціна Сяледчык. Працоўны шлях гэтай жанчыны ў КСУП “Малабераставіцкі элітгас” пачаўся 36 гадоў таму. Спачатку займала пасаду агранома-аграхіміка, а пасля адкрыцця ў 1989 годзе лабараторыі была пераведзена на “новае” месца працы, папярэдне прайшоўшы месячныя курсы на базе Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, што ў Шчучыне.
— Інфармацыя аб тым, што з гадамі ў насенным матэрыяле назапашваецца інфекцыя, а ў выніку зніжаецца ўраджайнасць і якасць клубняў, для большасці не новая, — адразу зазначае Валянціна Аркадзьеўна. – Таму дзейнасць усіх шасці лабарантаў, што працуюць тут, накіравана на атрыманне здаровага бязвіруснага пасадачнага матэрыялу, выгадаванага ў стэрыльным штучным пажыўным асяроддзі ў прабірках спосабам мікракланавання ці, іншымі словамі, шляхам звычайнага чаранкавання. Так, толькі ў гэтым годзе ў Інстытуце бульбаводства было набыта 450 прабірак з ужо гатовым матэрыялам для далейшага чаранкавання.
Па словах маёй субяседніцы, гэты працэс нагадвае сабой са­праўдную ювелірную работу. Ва ўмовах поўнай стэрыльнасці спачатку расліны вымаюць пінцэтам з прабіркі, пасля разразаюць іх скальпелем на чаранкі, якія павінны ўяўляць сабой верхавіну расліны і лісцік з часткай сцябла зверху ці знізу ад яго. Затым кожны новы атрыманы чаранок садзяць у прабірку са своеасаблівай глебай – спецыяльным пажыўным асяроддзем.
— Іонаабменныя субстраты або іанітныя глебы з’яўляюцца адносна новым поўнавартасным відам пажыўных асяроддзяў для вырошчвання раслін, — удакладняе Валянціна Аркадзьеўна. – Яны базуюцца на выкарыстанні сінтэтычных і прыродных іанітаў – рэчываў, нерастваральных у ва­дзе, — для ўтрымання мінеральных пажыўных элементаў, што неабходныя раслінам для іх развіцця. Яшчэ адной не менш важнай акалічнасцю такога субстрату з’яўляецца тое, што ён не здатны прычыніць каранёвай сістэме расліны так званы каранёвы апёк.
Прыгатаваннем жа спецыяльнага пажыўнага асяроддзя, якое ўтрымлівае 22 хімічныя элементы, займаецца выключна адзін лабарант. Зразумець усе нюансы працэсу неспецыялісту складана, таму, не ўдаючыся ў падрабязнасці, адзначу: спачатку асяроддзе вадкае, потым застывае і становіцца больш шчыльным, што і дазваляе пасадзіць туды чаранок. Для нармальнага развіцця расліны дастаткова і шасці мілілітраў (гэта прыкладна адна пятая частка прабіркі) названага рэчыва.
Далейшы рост і раз­віццё прабірачнага матэрыялу адбываецца ў спецыяльна адве­дзеным для гэтых мэт памяшканні – пакоі культывавання раслін, дзе падтрымліваюцца неабходныя ўмовы мікраклімату – тэмпература (ад плюс 18 да 23 градусаў), вільготнасць, шаснаццацігадзінны светлавы рэжым. Тут, на стэлажах, у ярка асветленым люмінесцэнтнымі лямпамі памяшканні, на працягу 30-40 дзён будуць пабліскваць тысячы прабірак са здаровымі мініяцюрнымі зялёнымі раслінкамі. Па заканчэнні названага тэрміну можна будзе зноў прыступаць да чаранкавання. І так толькі тры разы, бо далейшае чаранкаванне будзе садзейнічаць назапашванню розных інфекцый.
Як далей расказала Валянціна Аркадзьеўна, чаранкаванне адной расліны дае ад 5 да 12 адзінак. Такім чынам, з 450 прабірачных раслін бульбы ў выніку можна атрымаць каля 70-80 тысяч новых, пазбаўленых вірусаў і бактэрый.
У пачатку мая ўсё атрыманае мноства раслін высаджваецца ў рулоны, што размяшчаюцца ў цяпліцах і напаўняюцца насычаным макра- і мікраэлементамі торфам.
Дарошчванне расады бульбы працягваецца яшчэ месяц, у чэрвені яна гатовая да высадкі ў поле, а ў верасні – даць першае клубневае пакаленне. Набыць жа насенныя клубні можна будзе толькі на чацвёрты год.
Зараз ў лабараторыі вырошчваюць толькі чатыры гатункі бульбы – “скарб”, “янка”, “маніфест”, “палац”. Раней жа, па ўспамінах маёй суразмоўцы, колькасць гатункаў магла дасягаць і васьмі, і дваццаці трох. Недарагой альтэрнатывай мікракланальнага размнажэння і добрым новаўвядзеннем для лабараторыі ў свой час стала і тэхналогія вырошчвання бульбы ў нестэрыльных умовах.

Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *