Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы: адзін з самых маладых і незвычайных

Лента новостей

Чацвёрты год у райцэнтры працуе музей Вавёркі. Названая ў гонар сімвала Бераставіччыны – вавёркі, установа знаёміць як з жыццём пухнатых рыжых звяркоў, так і, безумоўна, з гісторыяй Бераставіцкага раёна. За час сваёй дзейнасці музей набыў папулярнасць далёка за межамі Бераставіччыны, а звесткі пра яго ўнесены ў энцыклапедыю выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» пад назвай «Самыя незвычайныя музеі Беларусі», дзе гаворка ідзе пра 34 музеі нашай рэспублікі, якія адрозніваюцца незвычайнасцю сваіх экспазіцый і сваіх назваў.

Вядома ж, асаблівую папулярнасць музею прынесла вавёрка, якая не проста фігуруе ў назве, але і жыве ў вальеры, штодзень вітаючы наведвальнікаў. Але і дзейнасць калектыву ўстановы – творчага, ініцыятыўнага, па-сапраўднаму любячага  сваю справу – дае свае вынікі, павышае аўтарытэт і рэйтынг музея Вавёркі сярод сабе падобных. Нашы музейныя супрацоўнікі – асобы неардынарныя. Гэта людзі, якія па-сапраўднаму захоплены вывучэннем гісторыі роднага краю, знаходзяцца ў навуковым і творчым пошуку. Разам яны ўяўляюць сабой удалы тандэм мудрасці, вопыту і крэатыўнага мыслення, што выліваецца ў цікавыя для нас, наведвальнікаў, праекты, мерапрыемствы, выставы. Дырэктар музея Яўген Волкаў, мастак Наталля Галавач, навуковыя супрацоўнікі Мікалай Пацэнка і Андрэй Самкоў (на здымку справа налева) – сапраўдныя энтузіясты сваёй справы, а экскурсіі, якія яны праводзяць заўсёды цікавыя і займальныя.

Калі гаварыць пра статыстыку, то ў мінулым годзе  музей наведалі 4209 чалавек пры плане 2579, было праведзена 237 экскурсій. У школах, ліцэі і культурна-асветніцкіх установах раёна праведзена 16 сустрэч і лекцыйных выступленняў. Музейны фонд папоўніўся на 104 музейныя прадметы, і ў ім цяпер налічваецца 1570 экспанатаў асноўнага фонду і 770 навукова-дапаможнага. Было арганізавана 14 стацыянарных выставак з фондаў музея, а таксама з асабістых калекцый. Самыя адметныя з іх – гэта “Святло ікон”(выстава работ маладзечанскай мастачкі Ядзвігі Сянько), “З гісторыі дзіцячай цацкі”, фотавыстава “Птушкі Бацькаўшчыны”,  “Мая Бераставіччына” (выстава работ мастака Мікалая Жлабовіча), “Жорны” (выстава аднаго прадмета), “Ад “Псалтыра” – да сучаснай кнігі” (да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання),  “Позірк праз стагоддзе” (да 100-годдзя ЗАГСа Рэспублікі Беларусь).

Найбольш значныя мерапрыемствы – провады зімы “Масленічныя забавы” і свята «Музей запрашае гасцей» – прайшлі маштабна, з выстаўкамі, кінапраглядамі, канцэртамі, творчымі майстар-класамі, фота-кропкамі і гульнямі.

Што датычыцца  навукова-даследчай дзейнасці, то супрацоўнікамі музея вядзецца збор, апрацоўка і рэдагаванне архіўных матэрыялаў для “Летапіснай хронікі Бераставіччыны” і “Хронікі падзей культурнага жыцця Бераставіччыны ў XVIII – ХХ стст.” Разам з работнікамі райкама ГА “БРСМ” збіраюцца і апрацоўваюцца матэрыялы па гісторыі раённай камсамольскай арганізацыі ў сувязі са 100-гадовым юбілеем ВЛКСМ, які будзе адзначацца ў кастрычніку гэтага года.

Вывучаліся гістарычныя звесткі аб вёсцы Кватары. На іх аснове выдадзена брашура “Святая, как хлеб, деревенька моя…”. Аналізаваліся дадзеныя па гісторыі калгасаў на тэрыторыі КСУП “Макараўцы”. Сабраныя матэрыялы апрацаваны і занесены на сайт прадпрыемства, дзе кожны жадаючы можа пазнаёміцца з імі. Было распрацавана пяць лекцый на краязнаўчую тэматыку.

Калектыў прыняў удзел у арганізацыі музея гісторыі КСУП “Варанецкі” пад назвай “Зямля і людзі”. Цяпер вядзецца работа па афармленні і пабудове экспазіцый у КСУП “Макараўцы” і Бераставіцкай ЦРБ.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *