Моцнае звяно Алены Анохінай

Лента новостей

IMG_0012Прыемная неардынарная навіна паклікала мяне ў дарогу. Жаданне хутчэй даведацца пра падрабязнасці прымусіла на мінулым тыдні з’ездзіць у РУСП “Масаляны” і пагутарыць з заатэхнікам-селекцыянерам Аленай Анохінай, маёй добрай знаёмай. За гады яе работы мы шмат разоў сустракаліся, і кожная такая сустрэча пакідала самае цёплае ўражанне ад сціплай жанчыны, якая каля трох дзясяткаў гадоў працуе ў жывёлагадоўлі. Не стала выключэннем і гэтая апошняя гутарка. Я ад душы спачувала Алене Мікалаеўне, калі яна расказвала, як моцна хвалявалася на двух тэарэтычных і адным практычным экзамене на нядаўнім рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства работнікаў па штучным асемяненні жывёлы ў Горках Магілёўскай вобласці, дзе яе звяну выпаў гонар прадстаўляць не толькі ўласную гаспадарку, Бераставіцкі раён, але нават і Гродзеншчыну, і было радасна, што новая высокая планка ўзята.
Лёс сяльчанак у многім незайздросны… Такую выснову прыйшлося зрабіць са значнага шэрагу шчырых размоў з жанчынамі, якія працуюць у сельскай гаспадарцы. Безумоўна, у аграрным сектары зараз укараняюцца новыя тэхналогіі, людзей забяспечваюць камфортным жыллём, у іх неблагія заробкі. Але ўсё ж варта мець немалую сілу волі, памятаць і шанаваць свае карані, любіць сваю справу і вёску, каб звязаць з ёю свой лёс, не “падацца ў горад”. Бывае, расказваюць жанчыны, часам ахоплівае роспач, навошта ўзяліся за такі воз, што і мужчыне не пад сілу, а работы столькі, што “вочы баяцца, рукі робяць”, але якое атрымліваеш маральнае задавальненне, калі задуманае ўдаецца!
Мы вяртаемся з Аленай Мікалаеўнай да пачатку яе, вобразна кажучы, працоўнай біяграфіі. Ён быў звычайны. Дзяўчына з нашага раёна закончыла Гродзенскі сельгасінстытут, вывучылася на заатэхніка, вярнулася на Бераставіччыну. Працавала ў калгасе імя Варанецкага, затым пераехала ў вёску Масаляны і ўладкавалася ў мясцовую гаспадарку.
— Колькі ж тады, амаль 20 гадоў таму, каровы давалі малака? – цікаўлюся.
— Надой ад каровы ў год быў меншы за 3000 кілаграмаў, — адказвае спецыяліст.
— О, як мала, — шкадую. – А прычына была якая? Мусіць, дрэнна кармілі?
— Кармавая база была слабая.
Да нашай размовы актыўна далучаецца намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Уладзімір Вайцюк:
— Тэхніка была старая, тэрміны ўкосу траў парушаліся, траншэя сянажная месяц закладвалася. Якія ж кармы маглі быць?
Але тое было даўно, зараз карціна зусім іншая.
— Тэхніка добрая, — радуюцца мае субяседнікі. – Тэхналогіі захоўваюцца. Кармоў дастаткова, яны якасныя, выкарыстоўваюцца сучасныя кансерванты. У рацыёны ўводзяцца айчынныя і імпартныя вітамінна — мінеральныя дабаўкі, кармленне жывёлы збалансаванае.
— Ну, і які зараз надой на карову?
— За 11 месяцаў гэтага года 7667 кілаграмаў, на 167 кілаграмаў больш, чым за такі ж час мінулага года, — расказвае Алена Мікалаеўна. – Не толькі “вал” хвалюе нас, але адначасова і якасць малака.
— Колькі ж сыравіны прадалі вышэйшым гатункам і “экстрай”? – пытаюся.
— З пачатку года 98,2 працэнта малака, за такі ж леташні перыяд 97,5 працэнта.
— Малайцы! Як вам гэта ўдалося?
Заатэхнік — селекцыянер падрабязна расказвае мне, што ў іх калектыўнай працы важны ўклад кожнага чалавека на сваім месцы. Сакрэт добрых паказчыкаў, аб якіх яшчэ толькі мараць у многіх гаспадарках у рэспубліцы, просты – працаўнікі павінны быць моцнай камандай, падтрымліваць і дапамагаць адзін аднаму. Старая ісціна “адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго” тут папаўняе малочныя рэкі, дае людзям упэўненасць у сваіх сілах і заўтрашнім дні. Добра арганізаваная вытворчасць – залог стабільнасці.
— Магчымая патэнцыяльная прадуктыўнасць статка ў нас пры, скажам так, ідэальнай працы кожнага – звыш 10000 кілаграмаў малака ад каровы ў год, — гаворыць Алена Мікалаеўна. — Жывёла ў нас падзелена на групы і ўтрымліваецца ў асобных секцыях. Да кожнай – асобны падыход з улікам фізіялогіі і прадуктыўнасці. Для кароў у цэху сухастойных на малочнатаварным комплексе арганізаваны мацыён. Наша звяно – заатэхнік-селекцыянер, ветурач-гінеколаг Дзмітрый Іваноўскі і тэхнік па штучным асемяненні Анатолій Курстак, працуе ў цесным кантакце з іншымі спецыялістамі і работнікамі. Ад таго, як добра выконвае кожны свае абавязкі, залежыць прадуктыўнасць усяго статка. Звяно праводзіць абследаванне кароў і іншыя неабходныя мерапрыемствы. Не заўсёды ўсё бывае гладка, як і ва ўсіх, у нас таксама бываюць няўдачы і праблемы. Кожны месяц сітуацыя аналізуецца, недахопы выкараняюцца. Каб асемяненне было выніковым, а цяляты здаровымі, праводзіцца дыспансерызацыя. Тэхналагічныя параметры захоўваюцца – цялушкі асемяняюцца вагой 390 – 400 кілаграмаў ва ўзросце 15 – 16 месяцаў.
У РУСП “Масаляны” з пачатку гэтага года атрымана 1110 цялят, на 144 больш, чым за такі ж час мінулага года. Каб у перспектыве павялічыць дойны статак, больш асемянілі цялушак.
Звяно шмат разоў перамагала на раённых конкурсах, была перамога і на абласным.
— А мужчыны з Вашага звяна на экзаменах таксама хваляваліся, ці толькі Вы, Алена Мікалаеўна? – жартую на заканчэнне размовы.
— Вельмі! – шчыра адказвае субяседніца. – Усе хваляваліся, хаця і загадзя рыхтаваліся да конкурсу, чыталі падручнікі, успаміналі тэорыю. Экзамены прымалі вучоныя Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага аб’яднання па племянной жывёлагадоўлі. Камісія была строгая. Мы прайшлі тэсціраванне і практычны экзамен лепш за ўсіх у сваёй намінацыі. У нас не было ні адной памылкі…
А ў скарбонку дасягненняў на роднай зямлі дадалася яшчэ адна значная перамога.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *