Мой бацька браў Берлін

Лента новостей

3У рэдакцыю працягваюць паступаць званкі і пісьмы, у якіх жыхары раёна зноў і зноў звяртаюцца да тэмы Вялікай Перамогі.
– Наша краіна хутка будзе адзначаць гэты слаўны юбілей, – піша ў сваім пісьме пенсіянерка з вёскі Канюхі Людміла Іванаўна Паўлава. – Да такога вялікага і светлага свята рыхтуецца літаральна кожная сям’я, бо няма ў Беларусі ніводнай хаты, у якую вайна не ўварвалася б вялікім горам. На вялікі жаль, людзей, якія жылі ў тыя страшныя, цяжкія і пераможныя гады і адваявалі свету перамогу, побач з намі ўсё менш і менш. Але памяць пра іх перадаецца з пакалення ў пакаленне, унукі і праўнукі хочуць ведаць пра той час і пра сваіх дзядоў-ветэранаў як мага болей.
– Я спачатку сумнявалася, ці варта пісаць гэтае пісьмо ў рэдакцыю: яно, па вялікім рахунку, пра сваё, асабістае, – прызнаецца Людміла Іванаўна. – Але мой дзесяцігадовы ўнук усё часцей просіць мяне расказаць яму пра вайну і пра дзеда Ваню, і я падумала, што любы ўспамін пра той час і пра ветэранаў, пра землякоў – гэта сёння вельмі важна. Я расказваю ўнуку не толькі пра яго дзядулю, ветэрана вайны Івана Іванавіча Андрушэвіча, але і аб прадзедах. А таксама пра тое, як жылі ў фашысцкую акупацыю нашы землякі ў вёсцы Рудаўляны.
Майго бацькі няма сярод нас ужо амаль дзесяць гадоў. Але мы вельмі шануем і беражэм памяць пра тату і дзядулю. І хочам усё, што ведаем пра яго самі, перадаць будучым пакаленням свайго роду. Таму пра жыццёвы шлях дзядулі ўнучка стварае хатні відэаролік. Вялікае месца ў ім зоймуць ўспаміны пра вайну і тое, як наш дзядуля-артылерыст ішоў франтавымі дарогамі. Памяць пра гэта ў нашай сям’і сапраўды святая.
… Калі пачалася вайна, майму бацьку было пятнаццаць гадоў. Тым нядзельным ранкам, 22 чэрвеня, ён займаўся сваёй любімай справай: вудзіў рыбу. І раптам ў небе страшна загулі самалёты. Недзе непадалёк моцна завухкала, задрыжала зямля. Праз Рудаўляны немцы прайшлі подбегам – спяшаліся хутчэй на ўсход, да Масквы.
Наступілі цяжкія гады акупацыі. Помню, татка расказваў, як рудаўлянскія сяляне хавалі і выхожвалі чырвонаармейцаў, якія з-за ранення не змаглі адступаць разам са сваімі часцямі. Татка паўтараў, што яго землякі і ў самай цяжкай сітуацыі былі людзьмі прыстойнымі, мелі высокае пачуццё ўласнай годнасці, у акупацыю ніхто з іх не прыслужваў немцам.
Падчас вызвалення роднага краю яму, Івану Андрушэвічу, споўнілася васямнаццаць гадоў. Быў мабілізаваны, апынуўся ў вучэбным пункце ў Мінску, дзе прабыў паўгода. За гэты час яго маці, а мая бабуля Алена Сямёнаўна, двойчы пехатой схадзіла да любага, адзінага сыночка. Помню, яна расказвала: “Далей базару ў Бераставіцы і ў Крынках я нідзе не была. Вельмі баялася збіцца са шляху, то ўвесь час ішла ўздоўж чыгункі, нідзе не зварочвала. За тыдзень і заходзіла”. Надта баялася матуля, што сын не вернецца з вайны і хацела нагледзецца на сваю крывіначку…
Ваяваў татка на Першым Беларускім фронце, у восьмай артылерыйскай брыгадзе. Расказваў, што вельмі жорсткімі былі баі за раку Одэр. Там загінула многа нашых байцоў, у тым ліку і яго сяброў. Артылерыст Іван Андрушэвіч, нягле­дзячы на малады ўзрост, быў адважным і кемлівым байцом. Бо за пераправу цераз Одэр яго ўзнагародзілі самым галоўным салдацкім медалём – “За адвагу”, і тата вельмі ганарыўся гэтым.
Свайму ўнуку я расказваю і аб тым, што яго прадзед дайшоў аж да Берліна, удзельнічаў у яго штурме. Хлопчык з цікавасцю слухае, задае многа пытанняў. І кажа, што дзядуля быў адважным, добра змагаўся з фашыстамі – нездарма ж яго ўзнагародзілі за ўзяцце Берліна ордэнам “Чырвонай Зоркі”.
Пасля заканчэння вайны тата яшчэ два гады быў у Германіі, служыў у войску тэрміновую службу. А калі вярнуўся на родную Бераставіччыну, працаваў у рэдакцыі газеты “Ленінец”. Ён вельмі любіў мастацкае слова, многа чытаў, напісаў шмат вершаў. Пісаў іх, калі вучыўся ў Каўнасе ў школе міліцыі, а потым – калі 35 гадоў працаваў у органах аховы правапарадку і меў, зазначу, дваццаць шэсць урадавых узнагарод.
Пра вайну тата пісаў так:
Я мало совсем воевал,
Но помню, что значит война.
В ней горя я много познал
И душу изранил до дна…
***
Почти четыре года
К победе шёл солдат,
Сильнее грома с небосвода
Весна победная пришла!
И счастье принесла
Для всей земли народов!
***
Солдату уже не страшны
Последние залпы орудий,
Что отгремели над Эльбой-
рекой.
Кто там был – никогда не
забудет
Тот завершающий бой!
Марыя Драпеза
На здымку: Іван Іванавіч Андрушэвіч у маладосці.
Фота з сямейнага архіва



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *