Малако – сыравіна стратэгічная

Лента новостей Сельское хозяйство

2439262У нашай краіне дзейнічае Рэспубліканская дзяржаўная праграма развіцця малочнай галіны сельскай гаспадаркі на 2010 – 2015 гады. Яна прызвана павялічыць выпуск каштоўнай сыравіны для задавальнення ўнутраных патрэб і павелічэння экспарту. У перспектыве ставіцца задача – выйсці на еўрапейскі ўзровень па вытворчасці і якасці малака. Дасягнуць гэтага можна толькі пры строгім захаванні сучасных тэхналогій. Не сакрэт, што далёка не ўсім сельгаскааператывам рэспублікі ўдаецца ўнесці свой важкі ўклад у выкананне праграмы. У многіх месцах ёсць праблемы з якаснымі кармамі, у іншых – банальна не захоўваюцца новыя тэхналогіі.
У Беларусі зараз рэалізуюцца цікавыя “малочныя” праекты. Напрыклад, у полі зроку знаходзіцца праблема ўмацавання здароўя дзяцей і далучэння да перспектыўных сусветных праграм. ААН ужо некалькі дзясяткаў гадоў рэалізуе праект “Школьнае малако”. На жаль, дзеці часта ўжываюць прадукты, такія як чыпсы ці газіроўка, якія мала маюць карысці для арганізма. Недахоп кальцыю правакуе захворванні, здароўе за гады вучобы ў хлопчыкаў і дзяўчынак пагаршаецца. І хаця са школьных буфетаў у Беларусі выдалілі шкодныя прадукты, гэтага недастаткова. Трэба вырашаць праблему больш эфектыўна. ААН прапануе прапагандаваць здаровыя прадукты харчавання не праз гучныя заклікі, якія не даюць пажаданага эфекту, а праз фарміраванне адпаведных навыкаў і звычак. Проста школьнікам прапануюць у сталовых больш смачных малочных прадуктаў, такіх як тварог, ёгурт, разнастайныя запяканкі. А ад традыцыйных нацыянальных беларускіх страў дзеці таксама не адмаўляюцца. Простыя “крупнікі” з малаком таксама могуць быць карысныя, і іх спажыванне паступова ўвойдзе ў звычку. У цікавым праекце папулярызацыі малочнай прадукцыі выразілі жаданне прыняць ўдзел нашы айчынныя перапрацоўчыя прадпрыемствы.
У нашым раёне добра развіваецца малочная жывёлагадоўля. Своечасовая мадэрнізацыя такой важнай галіны дае плён. За першы квартал гэтага года рост валавога надою па раёне ў параўнанні з такім жа перыядам мінулага года дасягнуў 106 працэнтаў. У СВП “АграМір” рост склаў 132 працэнты, у СВК “Цецяроўка” – 113, у СВК “Макараўцы” – 107, у СВК “Малабераставіцкі элітгас” – 105, у СВК “Алекшыцы” – 104, у СВК імя Варанецкага і СВК “Пархімаўцы” – 103, у РУСП “Масаляны” і аграфірме “Стары Дворац” – 101 працэнт.
Надой на карову значна павялічылі ў СВП “АграМір”, СВК “Цецяроўка”, СВК “Пархімаўцы” , СВК Алекшыцы” і ў СВК “Макараўцы”.
У нашым раёне ўжо шмат зроблена. Моцным гаспадаркам не так лёгка перавысіць сваю ўласную планку, але ніхто не спыняецца на дасягнутым.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *