Малако найлепшай якасці — у СВП “АграМір”

Лента новостей

IMG_4798
СВП “АграМір” на Бераставіччыне паказвае добры прыклад іншым гаспадаркам у вытворчасці малака гатунку “экстра”. Гаспадарка вылучаецца стабільнай работай у гэтым кірунку.
Сучасная малочная жывёлагадоўля ў краіне ўся павінна быць арыентавана на вытворчасць малака “экстра”. Для гэтага вялікія сродкі ўкладзены ў будаўніцтва новых малочнатаварных комплексаў у рэспубліцы. Яны акупныя менавіта пры стараннай рабоце, накіраванай на аптымальныя вынікі. Арыентавацца нам трэба на развітыя краіны, дзе патрабаванні да якасці вельмі высокія. Малако, якое не адпавядае “экстры” там проста не купляюць! Кожнаму нашаму вытворцу трэба думаць пра будучае. А будучае, як кажуць, гэта добра арганізаванае “сёння”. У СВП “АграМір” пра сваю будучыню ўжо паклапаціліся.
Лабарант малочнатаварнай фермы “Галава” Наталля Дораш знайшла на Бераставіччыне сваю другую радзіму. Прыехала яна сюды з Кустанайскай вобласці Казахстана. Наталля па прыездзе закончыла каледж у Ваўкавыску, працавала на свінаферме ў Кашанцах тэхнікам-асеменатарам, затым прыбіральшчыцай на малочнатаварнай ферме “Галава”. Жанчына расказвае, якая пільная ўвага надаецца на гэтым жывёлагадоўчым аб’екце санітарыі і парадку. Менавіта належны санітарны стан – адна з кардынальных умоў вытворчасці высакаякаснага малака. Зараз Наталля працуе лабарантам, кантралюе якасць малака з дапамогай сучасных прыбораў. Каровы дояцца два разы, і ўся сыравіна пад яе строгім кантролем. У полі зроку лабаранта – утрыманне антыбіётыкаў у малацэ, саматычных клетак і многае іншае. Наталля гаворыць, што антыбіётыкаў у сыравіне не выяўлялася, таму што моцная ветэрынарная служба сочыць за захаваннем адпаведных правіл. Хворыя на мастыт каровы дояцца асобна, пасля лячэння вызначаны тэрмін ад іх нельга здаваць малако.
Аператары машыннага даення ўносяць свой важкі ўклад у сучасную вытворчасць. Першыя пырскі малака здойваюцца ў спецыяльныя кубкі. Вопытная даярка ўжо па знешнім выглядзе сыравіны можа вызначыць мастыт у рагулі, прыме своечасовыя меры. Вялікая ўвага надаецца тут збалансаванаму кармленню рагуль, догляду за імі. Як правіла, здаровая карміцелька дае выдатнае якаснае малако.
Наталля любіць сваю работу, разумее сваю вялікую адказнасць. Малако пасля даення ахалоджваецца, каб захаваць добрую якасць. Жанчына задаволена, што працуе на такой сучаснай ферме. Яна руплівая гаспадыня, дома любіць гатаваць розныя нацыянальныя стравы, якія ёй нагадваюць далёкі Казахстан, напрыклад, манты. Любіць яна і беларускія стравы.
А пра малако гатунку “экстра” можна дадаць, што вылучаецца яно не толькі “чысцінёй”, але і далікатным прыемным смакам, які дае асалоду. Няхай яго ў гаспадарках Бераставіччыны будзе ўсё больш і больш, і каб гэтак жа рос прыбытак ад яго!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *