Малабераставіцкія школьнікі наведалі музей у Гудзевічах

Образование Общество

Адным з накірункаў выхаваўчай работы па фарміраванні нацыянальнай свядомасці і грамадзянскай пазіцыі  школьнікаў з’яўляецца арганізацыя і правядзенне экскурсій. 28 сакавіка ў чарговы раз вучні 6 — 10 класаў Малабераставіцкай СШ адправіліся на экскурсію.
Экскурсійны маршрут прывёў нас у Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Нас гасцінна сустрэлі работнікі музея. Прыветлівы экскурсавод правяла ўводную гутарку, з якой вучні даведаліся, што Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей створаны на базе школьнага літаратурна-краязнаўчага музея, які ў сваю чаргу стварыў былы настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алесь Мікалаевіч Белакоз, заслужаны дзеяч культуры Беларусі. Школьны музей прыняў сваіх першых наведвальнікаў 2 лютага 1968 года. Яго адкрыццё было прымеркавана да 130-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. Першыя экспанаты датуюцца 1965 годам.
Далей мы даведваемся пра разнастайныя ў плане нацыянальнай культуры экспазіцыі музея, якія размешчаны ў дзесяці залах. Усе калекцыі складзены ў ходзе шматгадовай краязнаўчай дзейнасці А.М. Белакоза і яго вучняў. Вялікая частка экспанатаў падорана знакамітымі наведвальнікамі музея. У адной з залаў размешчана фенаменальная калекцыя рукапісаў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў другой паловы ХХ ст., якая паўстала дзякуючы актыўнаму ліставанню з дзеячамі беларускай культуры.
Ідзем далей за экскурсаводам, і нашай увазе прапануюцца экспанаты з калекцыі ткацкіх вырабаў, сярод якіх узоры знакамітага падвойнага ткацтва (зала “Практычнае ткацтва”), зацікавілі вучняў цыклы апрацоўкі лёну (зала “Лён і народнае ткацтва). У зале “Практычнае ткацтва” экскурасвод распавядае пра дзеючыя вялікія кросны, на якіх супрацоўніцы музея ткуць падвойныя дываны, посцілкі, абрусы, ручнікі, сурвэткі. Было прыемна ўбачыць сярод экспанатаў вырабы (ручнік і абрус), вытканыя рукамі малабераставіцкіх майстрых у першай палове мінулага стагоддзя.
Матэрыялы залаў “Гісторыя Гудзевіч у дакументах і фотаздымках” і “Гудзевічы ў мастацтве” дазволілі вучням скласці цэласнае ўяўленне пра адметнасці гудзевіцкага краю ад старажытнасці да найноўшага часу.
У зале “Народная медыцына”, дарэчы, яе калекцыя сфармавалася з дапамогаю збораў Зоські Верас, вучні задаюць шмат пытанняў пра зёлкі, асабліва іх цікавілі назвы траў.
Вучні з захапленнем слухалі экскурсавода, якая змястоўна распавядала пра асноўныя вехі гісторыі нацыянальнай культуры, у якую арганічна ўплецены постаці мясцовых рупліўцаў духоўнай спадчыны.
Асобную частку складае этнаграфічная экспазіцыя “Сялянская хата канца XVIII ст.” – адзіны на Гродзеншчыне прыклад аўтэнтычнага захаванага жылля двухсотгадовай даўніны. Вучні мелі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца са штодзённым жыццём беларускага селяніна, даведацца пра значэнне розных прыладаў і прыстасаванняў сялянскай працы і побыту. Зэдаль, услончык, рагачы, чапяла, цэп, мухалоўка, гаршчок… Багатая калекцыя прыладаў працы выклікае шмат пытанняў у ўважлівых і кемлівых вучняў. Гутарка з экскурсаводам дае магчымасць істотна паглыбіць уласныя веды пра дабрабыт селяніна.
Музей мае непаўторную аўру, якая народжана з такіх складнікаў, як арыгінальнасць усіх экспанатаў, асабістая духоўная блізкасць аўтараў мастацкіх твораў да музея і яго стваральнікаў.
Мы былі ўдзячны экскурсаводу за такі змястоўны аповед і шчыры прыём. Прыемна было пачуць, што нашы вучні паводзілі сябе карэктна і пакінулі добрае ўражанне ў супрацоўнікаў музея.
На памяць вучні з ахвотай набылі вытканыя закладкі-паяскі са сваімі імёнамі або са словам “Гудзевічы”.
Задаволеныя і шчаслівыя мы павярнулі назад дадому, ловячы сябе на думцы, што ўсё прыемнае заканчваецца вельмі хутка. І калі вучні пыталіся, калі мы паедзем зноў на экскурсію, настаўнікі ўсміхаліся і былі ўпэўнены ў тым, што робяць неабходную і патрэбную справу – далучаюць да гістрачнага мінулага Бацькаўшчыны.
Жанна Козел, настаўнік Малабераставіцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *