Макараўскія школьнікі адпачывалі з карысцю

Лента новостей Образование

DSC00430 DSC00449 DSC00495 DSC00500За плячыма тры вучэбныя чвэрці. Хоць вясеннія канікулы і кароткія, але і іх у вучняў Макараўскага ясляў- сада – сярэдняй школы была магчымасць правесці паўнацэнна, правільна арганізаваўшы свой адпачынак на вясенняй аздараўленчай пляцоўцы “Праменьчыкі”.
Кожны дзень быў насычаны і, па-свойму, цікавы. Гульні, забавы, свабода ў выбары заняткаў садзейнічалі ўмацаванню здароўя, добраму адпачынку і творчаму развіццю дзяцей. Надвор’е таксама гэтаму спрыяла. Сонечныя дні дазволілі дастаткова часу правесці на вуліцы, на свежым паветры,пабываць на экскурсіі ў вясеннім лесе. Колькі хараства тут чакала дзяцей: блакітныя палянкі пралесак, прыемны пах хвоі, барабанны стук дзятла, распушчаныя каташкі арэшніку і прыгажуня–вольха з карычневымі завушніцамі. Убачылі яны і як снуюць туды-сюды, спяшаюцца працавітыя мурашы. Роўненькім радком паўзуць яны па клёніку ўверх, відаць, адчуваюць пах соку і спяшаюцца ім паласавацца. Мы аказалі гэтым санітарам лесу сваю дапамогу: абнеслі агароджай мурашнік, каб яго не растаптаў няўважлівы прахожы. А яшчэ вучні прыбралі смецце на ўскрайку лесу, якое так і кідалася ў вочы. Гэтай акцыяй і распачаўся “Тыдзень лесу-2015” у нашай установе адукацыі.
А 25 сакавіка запомніўся тым, што ў гэты дзень школьнікі наведалі “Музей Вавёркі” і пажарную часць у раённым цэнтры. У час экскурсіі ў музеі мы даведаліся, што маем шчасце аглядаць адзін з нямногіх музеяў, прысвечаных вавёрцы. Вавёрку даводзілася ўсім бачыць і ў заапарку, і ў нашым макараўскім лесе. А тут, у музеі, дзеці пачарпнулі столькі цікавых звестак пра гэтага звярка, даведаліся пра сямейства вавёрак не толькі ў Беларусі, але і ў цэлым свеце, пабачылі прыродных ворагаў вавёркі. А як цікава было пазнаць гістарычнае мінулае Бераставіччыны, пазнаёміцца з прадметамі побыту мясцовых жыхароў.
Наведванне пажарнай часці выклікала асаблівую цікавасць у хлопчыкаў. З якім захапленнем аглядалі яны тэхніку, з дапамогай якой выратавальнікі здольныя хутка даехаць у самую далёкую кропку раёна і ліквідаваць пажар. А самыя вялікія эмоцыі атрымалі дзеці, калі ім дзволілі падняцца ў кабіну аўтамабіля. На развітанне хлопчыкі сказалі, што пасля заканчэння школы яны стануць толькі выратавальнікамі і будуць кіраваць такімі магутнымі сучаснымі машынамі.
Марыя Курстак, настаўніца пачатковых класаў Макараўскага ясляў-сада –
сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *