Майстар-клас па роспісу камянёў прайшоў на базе Малабераставіцкай СШ

Лента новостей

28 студзеня на базе Малабераставіцкай СШ прайшоў майстар-клас настаўніка працоўнага навучання Наталлі Мядзелка.

Наталля Вячаславаўна працуе ў школе першы год, аднак нават за такі кароткі тэрмін змагла паказаць сябе як здольны, таленавіты настаўнік, хутка знайшла падыход да сэрцаў вучняў. Маладая настаўніца валодае адметным мастацкім талентам, які з задавальненнем раскрывае сваім вучням на ўроках выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання, і імкнецца адкрыць і развіць мастацкія здольнасці ў дзяцей. Валодае Наталля Вячаславаўна і нетрадыцыйнымі тэхнікамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Тэхніцы “Роспіс па камені” быў прысвечаны і майстар-клас, у якім прынялі ўдзел метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі І.В.Сайко і настаўнікі абслугоўваючай працы раёна. Удзельнікі майстар-класа не толькі пазнаёміліся з асновамі нетрадыцыйнага мастацтва, але і на практыцы навучыліся распісваць камяні.
Пасля кароткай уступнай гутаркі Наталля Мядзелка прапанавала ўдзельнікам мерапрыемства ажывіць камень вобразам ката. Настаўнікі з вялікім энтузіязмам узяліся за справу. Кожны ўбачыў у прапанаваным прыродным матэрыяле вобраз ката з асаблівымі рысамі характару і афарбоўкай. Першыя крокі ў творчым працэсе былі нясмелыя. Аднак на здзіўленне настаўнікаў-творцаў праз гадзіну работы кожны мог парадаваць сябе і калег цудоўным творам.
Выстава работ, якая была арганізавана ў канцы мерапрыемства, выклікала радасную ўсмешку, задавальненне ад выніку работы. Настаўнікі забралі з сабой свае работы, атрыманыя навыкі і добры творчы настрой, які яны гатовы перадаць вучням сваёй школы.
Словы ўдзячнасці за праведзены майстар-клас, атрыманыя новыя веды і практычныя ўменні, выказаныя ў адрас Н.В.Мядзелка, несумненна, будуць натхняць маладога настаўніка на новыя творчыя пошукі і жаданне дзяліцца імі з вучнямі і калегамі.
Вікторыя Кісялеўская, дырэктар Малабераставіцкай СШ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *