Кірыл Кедук і Іван Карызна выступілі ў Бераставіцы

Лента новостей

1На мінулым тыдні на сцэне канцэртнай залы Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў адбылося ўнікальнае выступленне музыкантаў-віртуозаў з сусветна вядомымі імёнамі – піяніста Кірыла Кедука і віяланчэліста Івана Карызны – у рамках іх сумеснага еўрапейскага тура, які распачаўся ў жніўні і працягнецца да канца года.
Сказаць, што канцэрт спадабаўся слухачам, – нічога не сказаць. Выступленне музыкантаў было проста цудоўным! Жывая музыка, якая лілася са сцэны, не толькі закранала самыя патаемныя струны душы кожнага, хто прысутнічаў у зале, – і маленькага, і дарослага, – яна адчувалася на фізічным узроўні, калі ад дасканаласці выканання і хараства гучання віяланчэлі і фартэпіяна па скуры “прабягалі мурашкі”. І не трэба разбірацца ў класічнай музыцы, каб зразумець, што іграюць сапраўдныя віртуозы. Без сумнення, бераставіцкім жыхарам вельмі пашчасціла пачуць і ўбачыць выступленне такіх прафесіяналаў, музыкантаў, вядомых ва ўсім свеце, нягледзячы на іх малады ўзрост.
2 3 4 5 6Дуэт Кедук-Карызна арганізаваўся нядаўна. Маладыя музыканты пазнаёміліся каля двух гадоў таму на першым фестывалі “TysenHouse” ў г.Гродна. Праз некаторы час узнікла ідэя сумеснага гастрольнага тура. Дарэчы, “TyzenHouse” – гэта ўнікальны праект, распачаты па ініцыятыве Кірыла Кедука. Падчас яго правядзення ў Гродна з’язджаюцца і дзеляцца сваім майстэрствам выканаўцы класічнай музыкі сусветнага ўзроўню.
– У праграме канцэрта прагучалі розныя па зместу і стылістыцы творы П.Чайкоўскага, М.Рымскага-Корсакава, А.Глазунова, С.Рахманінава, А.Скрабіна, А.Хачатурана, Дз.Шастаковіча, – расказвае дырэктар Бераставіцкай ДШМ Ірына Баер. – Душэўна, выразна, пранікнёна гучала кантылена (ад аўт. кантылена – напеўная, плаўная мелодыя) у «Вакалізе» і ў рамансе «Не пой, красавица, при мне» С.Рахманінава. Выкананне «Накцюрна» П.Чайкоўскага пакарыла слухачоў шчырасцю і тонкім лірызмам. Шквал эмоцый у публікі выклікала бліскучае, віртуознае выкананне «Полета шмеля» М.Рымскага-Корсакава і «Танца с саблями» А.Хачатурана. Артыстызм, тонкі бездакорны густ, бліскучы гумар прадэманстравалі музыканты, выконваючы знакамітую «Кадриль» Р.Шчадрына. Разам з папулярнай класічнай музыкай у праграме канцэрта прагучалі дзве часткі санаты для віяланчэлі і фартэпіяна Дз.Шастаковіча, пры выкананні якіх былі прадэманстраваны разнастайныя сучасныя прыёмы ігры на віяланчэлі.
На працягу канцэрта слухачы дарылі Кірылу і Івану не толькі гарачыя апладысменты, але і кветкі – як знак удзянасці за іх віртуознае выступленне і прызнання талента выканаўцаў. Кветкі і словы ўдзячнасці музыканты атрымалі і ад адміністрацыі школы. А яшчэ цёпла павіталі маму Кірыла, выкладчыцу Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа Святлану Іванаўну, якая таксама прысутнічала на канцэрце. Жыхарка райцэнтра Маргарыта Фёдарава, якая сябруе са Святланай Кедук і добра ведае яе сям’ю, адзначыла, што гэта жанчына – сапраўды Мама з вялікай літары, паколькі роля яе ў выхаванні сына і як добрага чалавека, і як выдатнага музыканта вельмі значная.
Канцэрт знакамітых беларусаў на бераставіцкай сцэне пакінуў яркія незабыўныя ўражанні ў прыхільнікаў класічнай музыкі. Майстарскае выступленне музыкантаў-віртуозаў, безумоўна, стане для многіх юных музыкантаў цудоўным стымулам на іх шляху авалодання інструментам, прыкладам самаадданай і руплівай работы над сабой.
Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *