Культурнае жыццё на Бераставіччыне ў 60-ыя — 90-ыя гады

105 лет БССР 75 лет Гродненской области Лента новостей

agitbrigada Chor agitbrigada TVЗ 1961 года дырэктарам Бераставіцкага Дома культуры быў Віктар Губіч (у 1970-1971 гадах – загадчык аддзела культуры Бераставіцкага райвыканкама, потым – намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама, у 1980 годзе яму прысвоена званне “Заслужаны работнік культуры Беларусі”), які, дарэчы, кіраваў і агітацыйна-мастацкай брыгадай РДК. У 1967 годзе калектыў яе быў узнагароджаны Дыпломам ІІ ступені і медалём лаўрэата Усесаюзнага фестывалю самадзейнага мастацтва. Вось, што пісала пра гэта раённая газета «За камунізм» (28.04.1967 г.):
“Фестываль тэатральнага мастацтва, прысвечаны 50-годдзю Вялікага Кастрычніка, адбыўся ў Мінску. Удзел у ім прынялі 2 ты­сячы калектываў. Сярод іх агітбрыгада Бераставіцкага раённага Дома культуры, якая падрыхтавала да агляду тэатралізаванае прадстаўленне “Мы будуем новы дом”. Праз месяц брыгада выступіла па абласным і рэспубліканскім тэлебачанні з гадзіннай перадачай. Паспяховае выступленне на абласным агля­дзе тэатральнай самадзейнасці прадаставіла нашым артыстам права абараняць гонар вобласці на рэспубліканскім аглядзе. Усесаюзнае журы на рэспубліканскім аглядзе тэатральнай мастацкай самадзейнасці, прагледзеўшы і абмеркаваўшы 45 спектакляў народных тэатраў, драматычных калектываў, тэатраў юнага гледача, лялечных тэатраў, агіттэатраў і агітацыйна-мастацкіх брыгад Беларускай ССР, пастанавіла прысудзіць 2-ое месца агітбрыгадзе Бераставіцкага раённага Дома культуры за тэатралізаванае прадстаўленне “Мы будуем новы дом” (кіраўнік Віктар Аляксандравіч Губіч).
Рэспубліканскі Аргкамітэт па правядзенні фестывалю самадзейнага тэатралізаванага мастацтва ўзнагародзіў Бераставіцкую агітбрыгаду Дыпломам ІІ ступені. Вялікая колькасць удзельнікаў агітбрыгады ўзнагароджана Ганаровымі граматамі і дыпломамі. Сярод іх жаночы вакальны квартэт (кіраўнік В.Юрэчка), адзначаны танцавальны калектыў, а таксама многія асобныя выканаўцы”.
У творчай біяграфіі гэтага калектыву шмат сустрэч з насельніцтвам раёна, вобласці, рэспублікі. У 1980 годзе яму прысвоена ганаровае званне народнага. Рэжысёрам агітбрыгады, якая насіла ўжо назву “Сонейка”, быў тады выпускнік Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута Аляксандр Барысевіч, які шмат зрабіў для ўдасканалення майстэрства самадзейных артыстаў. Яны часта выступалі ў калгасах раёна, вобласці, былі на гастролях у Сібіры ў будаўнікоў БАМа.
У 1973 годзе быў пабудаваны новы РДК у г.п. В.Бераставіца, на сродкі калгасаў імя Леніна і імя Варанецкага – Дамы культуры ў вёсках Алекшыцы і Вялікія Эйсманты, многія Дамы культуры, сельскія клубы і бібліятэкі ўпарадкаваны. Для раённай дарослай і дзіцячай бібліятэк адрамантавалі і абсталявалі будынак былой сярэдняй школы ў Бераставіцы.
У 1976 годзе 28 сельскіх біб­лія­тэк аб’ядналіся ў адзіную цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму. Такім чынам, пачынаўся новы этап у развіцці бібліятэчнай справы: фарміраванне дасканалага адзінага кніжнага фонду, адзінага каталога кніг, картатэк перыядычных выданняў і г.д.
У 1974 годзе была адкрыта Эйсман­таўская музычная школа (калгас імя Варанецкага), а ў 1988 годзе з’явілася ДМШ у Пагранічным. На базе Кватарскай, Макараўскай, Малабераставіцкай, Старадварэцкай, Масалянскай агульна­адукацыйных школ былі створаны філіялы музычных школ.
Двойчы (у 1981 і 1983 гадах) раён выходзіў пераможцам у рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве за лепшую пастаноўку работы культурна-асветніцкіх устаноў і ўзнагароджваўся пераходным Чырвоным сцягам Міністэрства культуры БССР і галіновага прафсаюза работнікаў культуры.
У 1989 годзе хор Старадварэцкага ЦДК (калгас “Перамога”) атрымаў званне народнага. Дарэчы, хор гэты ўзнік з лёгкай рукі хормайстара РДК Івана Іванавіча Кухарскага і пры актыўным удзеле старшыні калгаса Аляксандра Міхайлавіча Маханько на аснове старадварэцкай вакальна-харэаграфічнай групы, якой кіравалі Ніна Пятроўна і Сяргей Іванавіч Лазарчыкі. І ў першым сваім саставе, і пазней, калі кіраўніком стаў Дзмітрый Васільевіч Макроў, хор «грымеў» не толькі ў раёне, але і ў вобласці, і нават за межамі краіны.
На 1980-90-я гады прыпадае час узнікнення большасці творчых калектываў, якія сёння носяць званні “народных” і “ўзорных”. Напрыклад, з 1993 года дзейнічае народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” РДК, з 1992 года – народны жаночы вакальны ансамбль “Канцона” Бераставіцкай ДШМ і г.д.
Цікавасць у жыхароў пасёлка выклікалі сустрэчы чытачоў з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі, якія ў той час наведвалі Бераставіччыну дастаткова часта. З вялікім задавальненнем бераставічане сустракалі Сяргея Грахоўскага, Васіля Быкава, Рыму Казакову, Рыгора Барадуліна, Паўла Місько, Яўгенію Янішчыц, Аляксея Карпюка, Генадзя Дзмітрыева, Леаніда Дайнэку, Анатоля Клышку, Юрку Голуба, Уладзіміра Скарынкіна, Вольгу Іпатаву, Марыю Шаўчонак і інш.
Бясспрэчна, культурнае жыццё Бераставіччыны ў 1960-1990 гады было на ўздыме. У гэты перыяд самааддана, плённа працавалі В.У.Юрэчка, І.І.Кухарскі, С.С.Шырко, А.С.Са­каленка, А.А.Барысевіч, Г.Н.Ге­да, М.П.Юшкевіч, Н.І.Тоў­кач, Г.М.Тышкевіч, В.У.Суха­дольская, Т.І.Сцепавая, А.Н.Кузі­кевіч, В.П.Валевіч, Г.А.Ігна­цюк, А.С.Занеўская, М.І.Богдан, Л.А.Мотыль, Л.П.Ва­лейка, Т.М.Пермякова, М.І.Плікус, Г.А.Журко, Ж.Б.Жых, Ч.В.Іядкоўская і многія іншыя. Сёння тыя слаўныя традыцыя працягваюць сучасныя культ­асветработнікі.

Агітбрыгада “Сонейка”

Хор райбальніцы

Выступленне агітбрыгады на тэлебачанні

 

Мікалай Пацэнка,
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *