Культурнае жыццё на Бераставіччыне ў 40-ыя — 60-ыя гады мінулага стагоддзя

75 лет Гродненской области Из истории земли Берестовицкой Культура Лента новостей

Chor 1962-1964 gruppe Babyli Chor Naumovich 15.08.1967 KurmelРаённы аддзел культурна-асветніцкай работы быў утвораны ў кастрычніку 1945 года. У красавіку 1946 года камсамольцы і моладзь Рудавы прыступілі да рамонту і абсталявання пад клуб аднаго з памяшканняў былога маёнтка. Такая ж работа пачалася і ў Бераставічанах.
У ліпені 1946 года адбыўся І раённы агляд мастацкай самадзейнасці. Лепшымі былі прызнаны самадзейныя артысты Хамантоўскага сельсавета (у склад яго ў той час уваходзілі вёскі Цецяроўка, Рудаўляны, стан­цыя Бераставіца, Хамантоўцы, Баб­роўнікі (цяпер Польшча). Гэты ж калектыў (мастацкі кіраўнік Мікуць) заняў першае месца і на абласным аглядзе.
У кастрычніку 1947 года адбыўся чарговы раённы агляд мастацкай самадзейнасці. Адзначана высокае мастацкае выкананне нумароў самадзейных калектываў з райцэнтра, Данілкаўскай, Сямё­наўскай, Малабераставіцкай і Вайцехаўшчынскай хатаў-чыталь­няў. Большасць гэтых нумароў дэманстравалася на абласным агля­дзе, і членам журы спадабалася выступленне сама­дзейных артыстаў з Вайцехаўшчыны (калгас “1-га мая”). Яны разам з іншымі прадстаўнікамі Гродзеншчыны ўдзельнічалі ў рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасці.
У пасляваенны час людзі цягнуліся адзін да аднаго, да грамадства, імкнуліся быць разам не толькі ў працы, але і ў творчасці. У гэтым ім дапамагалі работнікі клубаў, хатаў-чытальняў і бібліятэк, а яшчэ так званыя “чырвоныя куткі”, якія ствараліся ў прыватных хатах і грамадскіх памяшканнях (часцей за ўсё ў школах). У прыватнасці, такі “чырвоны куток” дзейнічаў у хаце Веры Ядэйкі з в.Жабры, дзе па вечарах збіралася моладзь, разам слухалі радыё і ўголас чыталі газеты, спявалі песні.
У 1948 годзе ў раёне былоі 12 хатаў-чытальняў (у 1945 годзе іх было 8), 2 сельскія клубы: у Вялікіх Эйсмантах і Малой Бераставіцы, 25 “чырвоных куткоў”. У раённай бібліятэцы налічвалася 5 тысяч кніг і 3630 чытачоў. Працавалі кінатэатр і раённы Дом сацыялістычнай культуры, які знаходзіўся ў будынку былой сінагогі.
Самадзейныя артысты Бераста­віччыны неаднойчы і дастаткова паспяхова прадстаўлялі раён на абласных аглядах мастацай самадзейнасці і нават на рэспубліканскіх, як, напрыклад, у снежні 1948 года гэта пачэсная місія была даверана калектыву Малабераставіцкага сельскага клуба. А ў 1949 годзе 15 вырабаў народнай творчасці, у тым ліку тканы дыван А.Д.Леванчук з в.Калеснікі і работа вучня 5-га класа Макараўскай школы І.Ігнатовіча “Партрэт Сталіна”, удзельнічалі ў абласной выставе.
Можа і дзіўна сёння, але ў пас­ля­ваенныя, у прыватнасці, у 1947-1958 гады, у час жніва перад сельскімі працаўнікамі выступала агітбрыгада раённага Дома культуры. Выступала яна і ў час палітычных кампаній. Так, у студзені-лютым 1950 года ў час падрыхтоўкі да выбараў дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР гэты калектыў (11 чалавек) выступіў з канцэртамі ў вёсках Алекшыцы, Глебавічы, Вялікія Ёдкавічы, Макараўцы, Малая Бераставіца. Канцэртная праграма ўключала ў сябе п’есу М.Разоўскага “С небольшим опозданием”, а таксама песні савецкіх кампазітараў, народныя песні і танцы.
Папулярнасцю сярод жыхароў райцэнтра і вёсак карысталіся драматычныя гурткі. Так, у ліпені 1948 года ў кінатэатры пасёлка на вечары, прысвечаным 44-й гадавіне з дня смерці А.П.Чэхава, паказаны яго п’есы “Мядзведзь” і “Спатканне хоць і адбылося, але…” у пастаноўцы драмгурткоў Дома культуры і раённай бібліятэкі. У Эйсмантаўскім СДК драматычны калектыў за тры месяцы паказаў вяскоўцам дзве п’есы беларускіх аўтараў “Блакада” і “Глыбокае ворыва”. Актыўна выступалі і ўдзельнікі драмгуртка Эймінаўскай хаты-чытальні (загадчыца В.Бабонька).
У 1964 годзе на сцэне Бера­ставіцкага Дома культуры быў пастаўлены спектакль “Паўлінка”. Галоўныя ролі выконвалі Віктар Губіч (Якім Сарока) і Канстанцін Богуш (Пранцысь Пустарэвіч). А ў другой палове 1960-х гадоў у Бераставіцы была пастаўлена аперэта А.Аляксандрава “Вяселле ў Малінаўцы” (рэжысёр-пастаноўшчык Віктар Губіч). Адну з галоўных роляў у спектаклі выконваў настаўнік Уладзімір Генадзьевіч Гаховіч.
Як сведчыць раённая кніга “Памяць”, са слоў аднаго з першых загадчыкаў раённага аддзела культасветработы М.Я.Мешчані, у 1955 годзе наш раён заняў прызавое месца ў рэспубліканскім фестывалі самадзейнай творчасці працоўных. Дарэчы, у гэтым жа годзе вялікімі намаганнямі быў створаны і першы аркестр духавых інструментаў, якім кіраваў настаўнік А.Р.Дробат. Пачынальнікамі куль­турна-асветніцкай работы ў раёне былі загадчык раённай бібліятэкі І.І.Палуянчык, загадчык Жукевіцкага сельскага клуба Л.М.Лазарчык, за­гадчыца Бераставічанскага сель­скага клуба Л.Я.Мешчаня, бібліятэкар раённай дзіцячай бібліятэкі Н.І.Рамушэвіч і інш.
На 1960-1970-я гады прыпадае будаўніцтва тыпавых дамоў культуры ў вёсках Пархімаўцы, Стары Дворац, Карпаўцы, Бераставічаны, а таксама спецыяльных будынкаў для сельскіх клубаў у вёсках Шаляпкі, Цецяроўка, Мацеевічы, Грыцавічы, Паўлюшкі, Макараўцы, Вішнеўка, Пачобуты. Хаты-чытальні былі пераўтвораны ў сельскія бібліятэкі.
У 1963 годзе ў кінатэатры была ўстаноўлена новая апаратура, якая дала магчымасць бераставічанам, на роўных з жыхарамі Гродна і Мінска, глядзець шырокаэкранныя фільмы. У сярэдзіне 60-х на прэм’еру фільма “Альпійская балада” ў наш пасёлак прыехаў аўтар сцэнарыя і аднайменнай аповесці Васіль Быкаў, які тады яшчэ жыў у Гродне. А на прэм’еры кінастужкі “Крыніцы” адбылася сустрэча бераставічан з аўтарам экранізаванага рамана Іванам Шамякіным, а таксама з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Іосіфам Шульманам. Гэтыя мерапрыемствы арганізоўвалі аддзел прапаганды райкама партыі і раённая бібліятэка.
У 1967 годзе у Бераставіцы адкрылася першая ў раёне дзіцячая музычная школа, якую ўзначаліў выпускнік Гродзенскага музычнага вучылішча М.М.Кароль.
У першы дзень 1967 года пасля чатырохгадовага перапынку падпісчыкі атрымалі першы нумар новай раённай газеты “За камунізм”. Яна з’яўлялася прадаўжальніцай былой бераставіцкай газеты “Знамя Саветаў”, якая выдавалася ў пасляваенны час да 1 мая 1962 года. Рэдактарам газеты “За камунізм” зацверджаны Іван Станіслававіч Граблеўскі.
(Заканчэнне будзе)

Мікалай Пацэнка,
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *