КСУП “Варанецкі”: Аплот – вопытныя, надзея – на маладых

Лента новостей Сельское хозяйство

Арцём Расько, Паліна Кашлявік і Ігар Сабалеўскі

Гэтыя апошнія восеньскія дні, калі аграрыі падводзяць вынікі сельскагаспадарчага года і рыхтуюцца да свайго прафесійнага свята, сталі добрай нагодай, каб завітаць у гаспадаркі і напісаць пра лепшых працаўнікоў. У КСУП “Варанецкі” мне адразу зрабілі акцэнт на тым, што трэба абавязкова не забыць пра маладых работнікаў сельгаспрадпрыемства, якія не пабаяліся цяжкасцей і абралі працу на зямлі.
— Маладым у нас заўсёды “зялёнае святло”, і гэта не проста словы, а рэальны факт, — гаворыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аліна Янушка. – Вядома, вопытныя і высока прафесійныя спецыялісты – гэта аснова гаспадаркі, але і на моладзь мы ўскладаем вялікія надзеі, бо праз некаторы час менавіта яны будуць трымаць у сваіх руках наша сельгаспрадпрыемства. Таму сёння кіраўніцтва КСУП “Варанецкі” вельмі зацікаўлена ў тым, каб маладыя, энергічныя, з новымі ідэямі спецыялісты затрымліваліся ў гаспадарцы, для гэтага ім ствараюцца неабходныя жыллёвыя і бытавыя ўмовы, даюцца магчымасці для кар’ернага росту.
Толькі ў гэтым годзе гаспадарка папоўнілася на 6 маладых спецыялістаў, а ўсяго тут працуе 78 маладых людзей ва ўзросце да 31 года, гэта нават больш, чым кожны чацвёрты працаўнік КСУП “Варанецкі”.
І нават той факт, што першымі мы пайшлі фатаграфаваць маладых працаўнікоў СТК “Рымуцеўцы”, сведчыць аб тым, што моладзь тут падтрымліваюць.
Пацвердзілі гэта і самі маладыя людзі. Яны аднагалосна выказаліся аб тым, што задаволены ўмовамі працы, заробкамі і адносінамі да іх кіраўніцтва гаспадаркі.
У прыватнасці, ветфельдшар Арцём Расько прыехаў у гаспадарку ў 2014 годзе на адпрацоўку пасля вучобы, потым адслужыў у арміі, вярнуўся сюды ж і застаўся працаваць далей. Ён лічыць, што тут у яго добрыя перспектывы.
Ветфельдшар Паліна Кашлявік яшчэ толькі паўгода ў КСУП “Варанецкі”, пакуль прыехала на адпрацоўку пасля заканчэння Ваўкавыскага аграрнага каледжа, але думае заставацца і надалей.
— Тут прыгожы аграгарадок, побач дзіцячы сад, школа, а ў мяне падрастае сын, так што гэта важна, — усміхаецца дзяўчына.
Ветэрынарны ўрач Ігар Саба­леўскі на СТК “Рымуцеўцы” ўжо больш як два гады, прыехаў у Вялікія Эйсманты

Аператары сушыльнага комплексу Ігар Папоў, Уладзіслаў Маціеўскі, Станіслаў Эйсмант і Анатолій Лісоўскі

разам з жонкай, яна таксама ветурач. Маладая сям’я адразу атрымала кватэру, цяпер жонка ў дэкрэтным адпачынку, выхоўвае дзіця.
— Умовы ў гаспадарцы выдатныя, таму і засталіся пасля адпрацоўкі, — гаворыць Ігар. – Тут і клуб, і ФОК, маладым людзям ёсць дзе праводзіць вольны час.
Многа ў гаспадарцы моладзі з тых, хто нарадзіўся і вырас у Вялікіх Эйсмантах, чыя бацькі тут працуюць, але і многія з тых, хто прыехаў здалёк, застаюцца тут назаўсёды.

Пётр Губанаў

Вось і механізатар Пётр Губанаў прыехаў у КСУП “Варанецкі” 8 гадоў таму з Казахстана: вырашылі з жонкай вярнуцца да яе на радзіму. Прадпрыемства выдзеліла сям’і новы дом, жонка працуе ў бухгалтэрыі.
— Гаспадарка моцная, умовы працы добрыя, скардзіцца няма на што, — гаворыць Пётр Аляксандравіч, – таму і прыжыліся мы ўжо ў Вялікіх Эйсмантах, трое дзетак падрастае ў нас.
“Наш бураковы герой” — называе механізатара Аліна Аляксандраўна, і гэта нездарма: усе вырашчаныя ў гаспадарцы цукровыя буракі – а гэта больш за 32 тысячы тон – ён адзін пагрузіў на сваім пагрузчыку “Kleine”. А наогул, Пётр Губанаў — універсальны механізатар, за сезон змяняе некалькі відаў тэхнікі: працуе і на экскаватары, і трактары, і на камбайне, і на пагрузчыку.
Дарэчы, у гаспадарцы шмат такіх працаўнікоў, якія умацоўваюць яе эканамічны патэнцыял сваёй нястомнай штодзённай працай. Менавіта дзякуючы ім і дасягнуты высокія вытворчыя паказчыкі.

Бухгалтары Марыя Барысюк, Марына Губанава, сакратар прыёмнай Марына Мацееўская, бухгалтар Марына Талочка, эканаміст Вераніка Антанюк, юрысконсульт Ала Станеўская

— Чакаем тэмп росту валавой прадукцыі 104,6% пры заданні 103%, — гаворыць галоўны эканаміст Людміла Рыжэўская. — Валавы збор зерневых і зернебабовых у гэтым годзе павялічыўся амаль на 16% і склаў больш за 14 тысяч тон пры ўраджайнасці 81,3 ц/га. Больш чым у два разы павялічылася вытворчасць рапсу і дасягнула ў вазе пасля дапрацоўкі 834 тоны пры ўраджайнасці 48,5 ц/га. Гэта вельмі добры паказчык. У гэтым годзе ў структуры зерневых 160 га займалі кармавыя бабы, якія ў КСУП “Варанецкі” сеюць ужо другі год і яны даюць добры ўраджай, дзякуючы гэтаму ў нас практычна вырашана праблема кармавога бялку і як вынік – рост эканамічнай эфектыўнасці жывёлагадоўчай галіны. На да­дзены момант нарыхтавана 30 цэнтнераў кармавых адзінак травя­ністых кар­моў на адну ўмоўную галаву, што поўнасцю забяспечвае патрэ­­бу жывёлы ў гэтых кармах, так­­сама маем 100-працэнтную забяспечанасць зернефуражом.

Вадзіцелі Станіслаў Грыневіч, Уладзімір Война, Віктар Паноў, Уладзімір Рыжко, Васілій Легашчоў, Станіслаў Іадкоўскі, Андрэй Каспшак, Юзэф Ярэміч разам з загадчыкам аўтагаража Артурам Эйсмантам (трэці злева)

У структуры таварнай прадукцыі КСУП “Варанецкі” 74 % займае жывёлагадоўля.
Валавая вытворчасць малака за 10 месяцаў гэтага года дасягнула 8866 тон, тэмп росту да аналагічнага перыяду мінулага года склаў 110%. Увесь дойны статак гаспадаркі пераведзены на круглагадовае стойлавае бяспрывязнае ўтрыманне і даенне ў даільнай зале на даільнай устаноўцы “Вестфалія”. Эканамічная выгада пры новай тэхналогіі вытворчасці малака ў першую чаргу ў тым, што значна вырасла прадукцыйнасць працы, інтэнсіўныя тэхналогіі забяспечваюць эканомнае выкарыстанне кармоў за кошт прыгатавання і дазіраванай іх раздачы, а таксама садзейнічаюць рэалізацыі малака класам “экстра”. У прыватнасці, за 10 месяцаў гэтага года па МТФ “Валотынь” усё малако рэалізавана класам “экстра”.
Павялічылася ў гаспадарцы і вытворчасць мяса, яго прадалі за гэты перыяд больш за 2950 тон.

Упраўляючы вытворчым участкам “Рымуцеўцы” Зянон Стацкевіч, вядучы аграном па ахове раслін Аляксандр Рыжэўскі, вядучы аграном-насеннявод Вольга Талочка і ўпраўляючы вытворчым участкам “Эйсманты” Станіслаў Шчасюк

— Разлікі паказваюць, што ў гэтым годзе ўсе асноўныя паказчыкі праграмы па жывёлагадоўлі будуць выкананы як па малаку, так і па мясе, — адзначыла галоўны эканаміст.
Вядома, умацаванне экана­мічных паказчыкаў садзей­нічае росту заработнай платы, у мэтах матэрыяльнага стыму­ля­вання ў КСУП “Варанецкі” выка­рыстоўваецца і натуральная аплата прадукцыяй. Кіраўніцтва гаспадаркі імкнецца стварыць неабходныя ўмовы для працы і адпачынку кожнага працаўніка, вырашаць узнікаючыя бытавыя праблемы, бо менавіта людзі з’яўляюцца галоўнай каштоўнасцю сельгаспрадпрыемства і менавіта дзякуючы іх нястомнай працы КСУП “Варанецкі” застаецца адной з вядучых гаспадарак раёна.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара

***

Паважаныя працаўнікі і ветэраны працы КСУП “Варанецкі”!
Сардэчна віншуем вас з прафесійным святам – Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці!
Вашымі працавітымі рукамі ўмацоўваецца дабрабыт гаспадаркі, забяспечваецца харчовая бяспека краіны. Дзякуем вам за адданую працу, за сумленнасць і прафесіяналізм. Жадаем вам і вашым сем’ям моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту! Няхай у вашых дамах заўсёды будзе мір і дастатак, растуць шчаслівымі вашы дзеці! Няхай кожны дзень будзе напоўнены радасцю і новымі дасягненнямі!
Са святам!
Адміністрацыя і прафкам



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *