КВУП “Бераставіцкая сельгастэхніка”: Тут працуюць прафесіяналы

Лента новостей

Мікалай Русэлік і Пётр Субота

Камунальнае вытворчае ўні­тарнае прадпрыемства “Бера­ставіцкая сельгастэхніка” за 73 гады свайго існавання перацярпела многае: мянялася назва, рэарганізоўваліся вытворчыя ўчасткі, але нязменным складнікам ва ўсе часы быў чалавек – працавіты, адказны.
Пра такіх людзей і пісаць хочацца заўсёды.
Так, нібы прадчуваючы непазбежнасць будучага дыялогу, насустрач мне ішоў трактарыст-машыніст участка механізаваных работ Станіслаў Прэдка.
Мужчына прыйшоў працаваць сюды яшчэ ў 1987 годзе і сёння ў “падпарадкаванні” гэтага спраў­нага працаўніка знаходзяцца дзве адзінкі тэхнікі – пагрузчык Амкадор-342 і трактар МТЗ-1221, на якіх мужчына ажыццяўляе розныя пагрузачна-разгрузачныя работы, вывазку і ўнясенне ў глебу вапнавых матэрыялаў для яе раскіслення, а таксама мінеральных угнаенняў. Да прыкладу, толькі ў гэтым годзе правесці неабходныя мерапрыемствы неабходна на 1300 гектарах зямель па ўсяму раёну.

Станіслаў Прэдка

Наступнага героя публікацыі застаць на месцы адразу і не атрымалася. Слесар-рамонтнік участка дылерскага цэнтра з 34-гадовым працоўным стажам Анатоль Шмыгун тут сапраўды, як кажуць, на расхват. Вось і ў гэты дзень, на так званыя “пошукі” чарговага субяседніка, мы вырушылі ажно ў РСУП “Алекшыцы”. Ведаеце, цікава, калі ты яшчэ не перакінуўся з чалавекам і парачкай слоў, а яго добразычлівы позірк ужо выклікае прыхільнасць. Бывае звычайна гэта рэдка, але трапна, як і ў гэты раз.
— Чым вы займаліся ў гэтым сельгаспрадпрыемстве? – задаю пытанне свайму суразмоўцу.
— Ажыццяўляў тэх­нічнае абслугоў­ванне нумар 1 трактара МТЗ-3022, — заў­важае Анатоль Аляксан­дравіч. – Вось, напрыклад, правялі замену паветранага, масленага і паліўнага фільтраў, замянілі і само масла. Справіліся тут, а зараз накіроўваемся ў аграфірму “Стары Дворац”, каб правесці рамонт трактара “МТЗ-3022”.
За некалькі хвілін размовы акунуліся і ва ўспаміны. Чамусьці ўзгадаў Анатоль Аляксандравіч тыя часы, калі поўны рашучасці і энтузіязму юнак разам з лепшым сябрам ірвануў паступаць у Жыровіцкі тэхнікум. Тады стаць студэнтам не атрымалася і яго на доўгія гады зацягнулі ў свае сілкі працоўныя будні.
З усёй самаадданасцю на ўчастку аўтатранспарту сумленна працуе і Мікалай Русэлік. Вялікага жадання фатаграфавацца ў мужчыны не было, а вось пра спектр сваіх абавязкаў ён расказваў з задавальненнем. На

Анатоль Шмыгун

аўтакране КС-3575А мужчына аказвае неабходныя паслугі ўсім сельгаспрадпрыемствам і арганізацыям раёна, а на бензавозе, для іх жа, ажыццяўляе дастаўку паліва. Прыемныя словы з вуснаў мужчыны гучалі і ў адрас калегі Сяргея Майсака, з якім яны ў свой час разам займаліся мантажом даільнага абсталявання. Па словах галоўнага інжынера Пятра Суботы, Сяргей Аляксандравіч – чалавек адказны, які спраўляецца з усімі даручэннямі.
Сам жа Пётр Сяргеевіч, родам са Свіслачскага раёна, у суседні раён прыехаў у 1989 годзе, дзе працяглы час працаваў намеснікам старшыні ў калгасе “Дружба” (цяпер КСУП “Макараўцы”). І калі сюды на прадпрыемства ён уладкаваўся ў 2000 годзе, то на новай пасадзе мужчына — толькі год, да гэтага быў начальнікам аддзела збыту і забеспячэння. Прызнаецца, што праца не з лёгкіх, але гэта яму і падабаецца.
Кожны з гэтых мужчын уплывае на дзейнасць прадпрыемства сваім розумам, сваёй працаю і сваімі памкненнямі. Магчыма таму многія з іх ужо не першы год з’яўляюцца на Дошцы гонару КВУП “Бераставіцкая сельгастэхніка”. Дык няхай колькасць такіх, адданых сваёй справе, людзей толькі павялічваецца.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ,
фота аўтара

***

Паважаныя работнікі
КВУП “Бераставіцкая сельгастэхніка”!
Напярэдадні прафесійнага свята дазвольце падзякаваць вам за напружаную працу, за самааддачу і той неацэнны ўклад, што вы ўносіце ў развіццё і ўмацаванне не толькі нашага прадпрыемства, але і ўсяго аграпрамысловага комплексу Бераставіччыны.
Бязмежнага вам асабістага шчасця і сямейнага дабрабыту, радасці ў жыцці, цеплыні ў дамах і сем’ях, здароўя і бадзёрасці на доўгія гады.
Адміністрацыя, прафкам



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *