Каталікі распачалі Адвэнт: чакаем Збавіцеля

Лента новостей

Каталіцкі касцёл распачаў новы літургічны год і адначасова новы, першы яго перыяд — Адвэнт.

Слова “адвэнт” паходзіць ад лацінскага “аdventus” і азначае “прыход”.

Традыцыя Адвенту

Першыя сляды Адвэнту як часу чакання на прыход Збавіцеля адносяцца да IV V стст. У IV стагоддзі гэты перыяд пачынаўся за два тыдні перад Божым Нараджэннем. Не заўсёды гэты час быў строга акрэсленым і не заўсёды ён насіў характар пакаяння. Рымскі Папа Рыгор Вялікі (540 – 604) настаяў на чатырохтыднёвай літургічнай падрыхтоўцы да прышэсця Пана. І толькі з VIII ст. Адвэнту нададзены быў характар пакаяння, гэта выражалася ў фіялетавым колеры літургічнага ўбрання, у святынях не спяваўся радасны гімн “Хвала Богу”, абмежавана іх аздабленне і гучанне музыкі.

Пасля рэформы літургічнага года ў 1969 г. гэты перыяд мае характар пабожнага і радаснага чакання, калі мы просім Бога: “Прыйдзі, не марудзь! Прыйдзі і асвятлі нас! Навучы нас на дарогах сваіх!”

Нагаданыя абяцанні

Гісторыю іудзейскага народу мы вызначаем як дзеянні людзей, якія чакалі прыходу Месіі: ад варот раю аж да Віфлеемскай пячоры. Настаўнікамі і апекунамі святога чакання былі прарокі. Адзін з іх, Міхей, так выразіў свае і народныя памкненні:” Я буду выглядаць Пана, спадзявацца на Бога – майго Збавіцеля” (Мі 7, 7), прарок Ісаак усклікаў: “Каб Ты разадраў нябёсы і сышоў” (Іс. 63,19).

Стагоддзі гісторыі астудзілі гэты жар, і выбраны народ перастаў чакаць, не заўважыў выкананага Богам абяцання. Таму сёння Касцёл заклікае вернікаў: Будзьце пільнымі! Чакайце! Гэта напамін і заклік увайшоў у літургію Касцёла. Бо менавіта ён прывёў першых манахаў у пустыню, каб там чакаць прыходу Пана.

Заклік “Будзьце пільнымі!” быў блізкім і людзям Сярэднявечча. Пастаянная гатоўнасць і думка аб Божым Судзе, звязаным з другім прыходам Хрыста, загадвалі тагачасным людзям прытрымлівацца строгага аскетызму і ісці на многія ахвяры.

Сёння Адвэнт мае дваісты характар. Гэта час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння, калі Касцёл шануе першае прышэсце Божага Сына да людзей, але таксама гэта перыяд, у якім мы, успамінаючы гэты прыход, чакаем другога, які прыйдзе ў канцы чалавечай гісторыі.

Літургія Адвэнту паказвае нам дзве вялікія постаці: прарока Ісаака і Святога Яна Хрысціцеля.

Першы, які ўвасабляе Стары Запавет, з’яўляецца прарокам, які пакінуў нам найбольш прароцтваў, звязаных з Месіяй. Ян Хрысціцель не столькі прадказваў, колькі ўказваў на Хрыста як Збавіцеля і Адкупіцеля, які прыйшоў і зараз пачне сваю місію. Святы Ян Хрысціцель сваім жыццём і словам вучыць вернікаў, як падрыхтавацца да прыходу Пана: праз пакаянне, адмаўленне ад граху пераўтварыцца ў новага чалавека, на ўзор самога Хрыста.

Усё наша жыццё – чаканне

Святы час Адвэнту з’яўляецца напамінам пра праўду, якая ахоплівае ўсю гісторыю чалавецтва, што Хрыстос прыйдзе зноў, каб у хвале паўстання з мёртвых закончыць гісторыю свету. Ён абвяшчаў: “Прыйду паўторна і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я” (Ян 14,3).

Калі ён адышоў, апосталы пачулі пацвярджэнне гэтых слоў: “Гэты Езус, што ўзнёсся ад вас на неба, прыйдзе такім жа чынам, як вы бачылі Яго, калі ўзносіўся на неба (Дзеі 1,11).

Такім чынам, Ён прыйдзе, таму жыццё ўсяго свету, жыццё кожнага з нас з’яўляецца чаканнем Яго прыходу.

З цемры у святло Перажыванне Адвенту павінна нас мабілізаваць да ўпарадкавання свайго ўнутранага жыцця, каб прывітаць Пана чыстым сэрцам. Кожны Адвэнт — гэта час навяртання, каб яшчэ раз, але ўжо глыбей і паўней, прайсці дарогай Езуса, якая з’яўляецца дарогай Касцёла. Гэта чаканне ў сімвалічнай цемры, калі чалавек, які ўвяз у граху, шукае ратунку і святла. Гэтым святлом для нас з’яўляецца Маці Езуса, якая праводзіць тых, што заблудзіліся, да неба, да збаўлення. Яе асабліва славім у Адвенце праз раратнае набажэнства. Яна, выбраная на Маці Збавіцеля, аб’яўляе канец ночы чакання і блізкасць святла Яго прыходу. Яна ў ноч Віфлеемскага цуду падае нам з ясляў свайго Сына, каб мы, напоўненыя Яго ласкамі, ішлі праз жыццё да вечнага шчасця.

Мы перажываем цяпер Год веры, у якім Святы Айцец заахвочвае кожнага з нас даваць сведчанне веры. Сёння ў супольнасці нашых парафій шмат людзей, нават ахрышчаных, якія не чакаюць прыходу Хрыста, жывуць без Бога. Вось для іх і патрэбна будзе наша сведчанне веры праз чаканне Хрыста. У дамах можна зрабіць адвэнтавы вянок ці размясціць проста яловую галінку са свечкай. Старайцеся менш глядзець тэлевізар, сядзець за камп’ютарам, не слухаць гучнай музыкі, а перш за ўсё прыйсці да споведзі, штодзённа наведваць рараты – адным словам, браць прыклад з Марыі ў яе чаканні Нараджэння Пана Езуса.

Адвэнт павінен распачацца перш за ўсё ў нашых думках і сэрцах, яго мы павінны паказваць у нашых учынках і ўсюды, дзе мы знаходзімся: на працы, у навучальных установах і на вуліцах. Наш выгляд павінен даваць зразумець, што пачаўся Адвэнт, і наша жыццё з’яўляецца малітвенным заклікам Хрыста, каб Ён быў сярод нас, падрыхтоўваў дарогі на Сваё прышэсце. Такі наш хрысціянскі абавязак і такая місія ў свеце – людзей, якія жывуць Хрыстом і абвяшчаюць Хрыста.

а.Вальдэмар Слота, дэкан, настаяцель касцёла Перамянення Пана г.п.Вялікая Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *