“Каралева палёў” у СВК “Пархімаўцы” апраўдала чаканні

Лента новостей

IMG_0037У апошнія дзесяцігоддзі экзатычная госця, радзімай якой лічыцца Паўднёвая Амерыка, значна ўмацавала свае пазіцыі ў нашай краіне. Змены клімату ў бок пацяплення вельмі паспрыялі гэтаму. Павышэнні ўраджайнасці кукурузы таксама спрыяюць сучасныя перспектыўныя адаптаваныя гатункі. Без такой выгаднай і запатрабаванай культуры сапраўды ўжо немагчыма ўявіць айчынную сельскую гаспадарку. Насычаная энергіяй, багатая каштоўнымі вітамінамі і мінераламі, кукуруза незаменная ў жывёлагадоўлі.
У СВК “Пархімаўцы” ў гэтым годзе пад яе было адведзена 615 гектараў, з іх на зерне 315. Насенне куплялі, таму што яно ўсё гібрыднае. Гатункі выбралі замежнай і айчыннай селекцыі. На зерне пайшло насенне замежнай селекцыі, але і з айчынным не прагадалі. Перад сяўбой узбагацілі глебу каліем, фосфарам і азотам, затым правялі падкормку кукурузы вадкім мінеральным угнаеннем – карбамідаміячнай сумессю, і адну хімпраполку. Шкоднікаў, напрыклад, лугавога матылька, які ўжо з’явіўся на кукурузных палетках вобласці, у нас не было. Багаты ўраджай апраўдаў чаканні. Ураджайнасць кукурузы ў гэтай гаспадарцы – 80 цэнтнераў з гектара. Вільготнасць зерня ў норме, на сушку шмат энергетычных рэсурсаў выдаткоўваць не трэба.
Галоўны аграном гаспадаркі Вольга Гурская пайшла ў агранамію па “закліку сэрца” і не шкадуе аб сваім выбары, таму што работа ў яе цікавая і ёй па душы. Калі пастарацца разам з калектывам, будзе шчодрая аддача. Вольга задаволена вынікамі ў гэтым годзе. Спрыяла шчодраму ўраджаю надвор’е, на ўзроўні быў і догляд па сучасных тэхналогіях.
Парадавала аграрыяў “бабіна лета”, для ўборкі кукурузы стаяла доўгі час самае прыдатнае надвор’е. Яшчэ тыдзень таму у сонечны і прыемны кастрычніцкі дзень на ўборцы кукурузы на зерне ў СВК “Пархімаўцы” працаваў вопытны механізатар Сяргей Бычкоўскі. Вольга вельмі станоўча адзываецца аб гэтым чалавеку. Рукі ў яго залатыя, да любой работы ён здатны. Кожны год Сяргей сярод лідараў і на касавіцы, і на жніве, давяраюць яму самыя адказныя ўчасткі. Такія людзі – сапраўднае багацце Бераставіччыны. Да зямлі і занятку на ёй чалавек адносіцца з любоўю, работа гарыць у яго руках. Менавіта дзякуючы такім сумленным працаўнікам і строгаму захаванню тэхналогій развіваецца наш аграрны сектар, умацоўваецца эканоміка раёна.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *