Канюхоўскі сельскі Савет: У цесным супрацоўніцтве

Лента новостей Местная власть

У паўночна-заходняй частцы Бераставіцкага раёна,
у 34 кіламетрах ад раённага цэнтра размешчаны Канюхоўскі сельскі Савет. У яго склад уваходзяць 10 населеных пунктаў,
дзе пражывае каля 640 чалавек. Сярод іх: дзеці да 15 год – 110 чалавек, працаздольнае насельніцтва – 283 чалавекі, 245 пенсіянераў, 182 адзінокіх і адзінока пражываючых, 2 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, 52 інваліды І і ІІ групы, 14 мнагадзетных сямей. З чэрвеня 2001 года Канюхоўскі сельскі Савет узначальвае Сяргей Леанідавіч Варчэня.

Работа сельвыканкама, і асабліва яго старшыні, накіравана на тое, каб палепшыць жыццё людзей, якія тут пражываюць. З гэтай мэтай на пасяджэннях сельвыканкамаў і сесій Савета дэпутатаў у павесткі дня ўносяцца найбольш актуальныя пытанні, якія датычацца сацыяльна — эканамічнага і культурнага жыцця, рацыянальнага выкарыстання зямель, умацавання дысцыпліны і грамадскага правапарадку, стану работы па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, мер па паляпшэнні гандлёвага абслугоўвання насельніцтва і інш. Па ўсіх пытаннях, якія абмяркоўваюцца, прымаюцца неабходныя меры па іх выкананні. Як адзначае старшыня сельвыканкама С.Л.Варчэня, у абмеркаванні злабадзённых пытанняў заўсёды прымаюць актыўны ўдзел члены выканкама Алеся Мікалаеўна Капіца, намеснік старшыні СВК “Макараўцы” па ідэалагічнай рабоце, Грыгорый Іванавіч Сілко, намеснік старшыні сельгаскааператыва, Уладзімір Іванавіч Дубовік, старшы ўчастковы РАУС у адстаўцы, Аляксандр Вітальевіч Ляусік, настаўнік Канюхоўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы. Гэта людзі аўтарытэтныя, нераўнадушныя да ўсіх праяўленняў безгаспадарчасці і безадказнасці.
Існуе тут і сістэма ўзаемадзеяння сельвыканкама са старастамі вёсак. Кожны месяц старасты прымаюць удзел у пасяджэннях сельвыканкама і кожны квартал – у рабоце сесій. І амаль што кожны дзень яны звяртаюцца да старшыні сельвыканкама па тэлефоне або асабіста з надзённымі праблемамі жыхароў вёсак, што дапамагае валодаць сітуацыяй па сельсавету і аператыўна рашаць усе хвалюючыя пытанні.А пытанні гэтыя самыя розныя. Гэта і добраўпарадкаванне тэрыторыі, і забеспячэнне палівам, і няспраўнасць электраправодкі, і рамонт гаспадарчых пабудоў і іншыя. Старасты вёсак удзельнічаюць у падворных абходах, удакладняюць звесткі аб грамадзянах, што заносяцца ў пагаспадарчыя кнігі, актыўна прымаюць удзел у падрыхтоўцы і правядзенні сходаў грамадзян, даводзяць неабходную інфармацыю да насельніцтва. Дарэчы, для гэтага існуюць інфармацыйныя стэнды ў кожным населеным пункце, матэрыялы на якіх своечасова аднаўляюцца. Нельга не адзначыць работу такіх стараст, як былой настаўніцы Валянціны Міхайлаўны Коўшык (в.Казлы), былой супрацоўніцы сельвыканкама Ганны Віктараўны Ганчарук (в.Канюхі), былых калгаснікаў Вольгі Антонаўны Савонь (в.Водла) і Казіміра Францавіча Глябовіча (в.Глебавічы). Яны ветэраны сваёй справы, добра ведаюць людзей, уважлівыя да іх праблем.
На належным узроўні наладжана ў сельвыканкаме работа са зваротамі грамадзян. Тут аформлены інфармацыйныя стэнды і матэрыялы па зваротах, у поўным аб’ёме прадстаўлена інфармацыя па пранцыпу “адно акно” з указаннем пераліку аказваемых паслуг. За 6 месяцаў бягучага года ў сельвыканкам звярнулася 22 грамадзяніна (тры звароты пісьмовыя), што на пяць зваротаў менш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. За 5 месяцаў было выдадзена 67 даведак па зваротах грамадзян па прынцыпу “адно акно” і 27– па запытах іншых арганізацый. Па аддзелу ЗАГС зарэгістравана 14 даведак.
З мэтай спрашчэння працэдуры атрымання даведак наладжаны абмен інфармацыяй з арганізацыямі раёна: землеўпарадкавальнай службай, Бераставіцкім бюро Ваўкавыскага філіяла РУП “Гродзенскае агенства дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру”, натарыяльнай канторай, падатковай інспекцыяй, РАУС і інш. Таксама практыкуюцца выязныя прыёмы грамадзян, сустрэчы з насельніцтвам па месцы жыхарства, падчас якіх уздымаюцца злабадзённыя пытанні, якія хвалююць людзей.
У сельвыканкаме ўведзены камп’ютэрныя праграмы “ЗАГС” і “Сельскі Савет”, якія вельмі дапамагаюць у рабоце.
Канюхоўскі сельскі Савет ажыццяўляе сістэму дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва ў адпаведнасці з устаноўленым пералікам. Аформлены пашпарт сацыяльных стандартаў, які змешчаны на стэндзе. Ён утрым-лівае 26 нарматываў, якія ўсе выконваюцца. А для гэтага супрацоўнікі сельвыканкама працягваюць работу з адказнымі за выкананне нарматываў арганізацыямі па далейшаму іх развіццю.
Вялікая ўвага надаецца рабоце савета грамадскага пункта аховы правапарадку (ГПАП), які створаны з мэтай прафілактыкі правапарушэнняў. У сельвыканкаме ёсць банк дадзеных людзей, якія стаяць на ўліку ў нарколага, якія з’яўляюцца абавязанымі асобамі і ўхіляюцца ад выхавання дзяцей, злоўжываюць алкаголем, раней судзімых і нідзе не працуючых. Раённы аддзел унутраных спраў райвыканкама рэгулярна падае звесткі аб правапарушэннях на тэрыторыі вобласці. Ёсць сярод іх і выпадкі з удзелам жыхароў Канюхоўскага сельсавета. Усе гэтыя катэгорыі людзей патрабуюць індывідуальнай работы.
Савет грамадскага пункта аховы правапарадку і, у цэлым, сельвыканкам цесна ўзаемадзейнічае з СВК “Макараўцы”. Амаль што ні адна праблема не рашаецца без удзелу спецыялістаў гаспадаркі. Як былы старшыня Антон Мечыслававіч Вярышка, так і цяперашні Мікалай Іосіфавіч Лохман заўсёды з паразуменнем адносіцца да ўсіх пытанняў, з якімі звяртаецца С.Л.Варчэня і садзейнічае іх вырашэнню. “Такія адносіны склаліся ўжо даўно”,—адзначае старшыня сельвыканкама,—спадзяецца, што так яно будзе і далей”.
Аб рабоце сельвыканкама можна гаварыць і пісаць бясконца, але хочацца адзначыць, што хоць і працуюць тут толькі два супрацоўнікі: старшыня Сяргей Леанідавіч Варчэня і кіруючы справамі Людміла Мікалаеўна Занеўская (у адрозненні ад іншых сельвыканкамаў раёна), але работу сваю яны выконваюць добрасумленна і з адказнасцю. Людзі іх паважаюць, бо ведаюць: тут іх уважліва выслухаюць, параяць і, па магчымасці, дапамогуць вырашыць тую ці іншую праблему.

Зінаіда Самкова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *