Канюхоўскія школьнікі падарожнічаюць па экалагічнай сцежцы

Лента новостей Образование

 Аграгарадок Канюхі, што на Бераставіччыне, знаходзіцца ўбаку ад бойкіх дарог. Але перавага вёскі перад іншымі населенымі пунктамі відавочная. І хаваецца яна ў геаграфічным становішчы: размясцілася мястэчка ў акружэнні амаль не парушанай чалавекам прыроды. З аднаго боку – лес з самай высокай кропкай Бераставіцкага раёна – Магілянскімі  гарамі. З другога боку – рукой падаць – не кранутае рукой чалавека поймавае асаковае балота (падобных амаль няма ў Еўропе) з іх біялагічным заказнікам «Гарадзенская Свіслач», плошча яго складае тры тысячы гектараў. Нічым не прыкметны на першы погляд, ён тоіць у сабе мноства таямніц і прыгажосці.

Дзецям нашага аграгарадка пашанцавала: на невялікім кавалачку зямлі можна ўбачыць прыроду Беларусі ў мініяцюры. На гэту асабівасць не магла не звярнуць асаблівай увагі Марына Раманаўна Бурая, настаўнік біялогіі і хіміі Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы, — чалавек, неабыякавы да лёсу заказніка, які кожны дзень вучыць сваіх выхаванцаў любіць і берагчы прыроду роднага краю.

– Выхоўваць культуру ў чалавеку трэба з малых гадоў. Дзяцей прасцей навучыць не толькі глядзець, але і бачыць жывое. Безумоўна, гэта няпросты, паступовы працэс, – упэўнена настаўніца. – Калі дзеці зацікавяцца прыродай яшчэ ў школе, то, стаўшы дарослымі, будуць да яе ставіцца беражліва і адказна.

На уроках вучні вывучаюць біялогію не толькі па падручніках, веды пра флору і фауну яны атрымліваюць «на прыродзе». Цяпер яны ведаюць у твар рэдкія і ахоўныя віды нашай мясцовасці, могуць шмат расказаць пра іх. І не толькі расказаць, але і падоўгу назіраць за ўнікальнымі відамі, якіх, на жаль, многія дзеці нашай краіны больш не сустрэнуць у жывой прыродзе.

– Безумоўна, распазнаць расліны, вызначаць птушку па колеры апярэння, форме дзюбы ці паслухаць галасы дзікай прыроды можна і з дапамогай мабільных дадаткаў. Сучасныя дзеці любяць працаваць з гаджэтамі. Але ж назіраць за жыццём насельнікаў заказніка ўжывую, здымаць фота і відэа дзеці любяць больш, – гаворыць Марына Раманаўна.

Наяўнасць шэрагу каштоўных элементаў рэльефу, багацця расліннага і жывёльнага свету робяць нашу мясцовасць своеасаблівым прыродным музеем, таму на тэрыторыі заказніка «Гарадзенская Свіслач» створана экалагічная сцежка.

Пад кіраўніцтвам Бурай Марыны Раманаўны групай вучняў праведзена апісанне расліннага покрыва на працягу ўсёй сцежкі і адзначана шэсць апорных пунктаў, якія дазваляюць убачыць разнастайнасць тутэйшых раслінных формаў падчас пешых экскурсій.

Станцыя «Сведка ледніковага перыяду» знаёміць наведвальнікаў з велізарным камнем-валуном, сведкам старажытнасці. Наогул, ледніковыя камяні-валуны – частка прыроды нашай мясцовасці. На тэрыторыі Канюхоўскага сельскага Савета сапраўды шмат камянёў незвычайнай формы, якія вядуць за сабой чароды гісторый. Няма амаль ніводнага вялікага каменя, які б не меў свайго ўласнага імя. Вялізны валун «Буры камень», акрамя сваёй адзіноты, захоўвае ў сабе таямніцу, якая належыць толькі яму аднаму. Мясцовая пагалоска прыпісвала яму таямнічыя і чароўныя ўласцівасці.

Захавалася і адна з самых цікавых рэліквій – «Слёзкін след». Гэта валун, на якім бачныя сляды, падобныя на ступню чалавека, – «дзівы», «Божыя ступні». Ніхто не памятае, з якіх часоў з’явіўся тут гэты камень. Ніхто не ведае, якім чынам апынуўся ён на гэтым месцы. Самыя старыя людзі расказваюць, што яшчэ дзяды і прадзеды памятаюць яго. Чаму ён так называецца? Калісьці Бог раззлаваўся, што людзі не выконваюць запаведзі і вырашыў іх знішчыць, каб нарадзілася новыя, бязгрэшныя. У пакаранне на людзей ён наслаў патоп. Але няшчасных пашкадавала Маці Божая. Спусцілася з неба і таму, што ўсюды была вада, ішла па камянях, якія тырчалі з вады. Там, дзе яна ступала, засталіся сляды. Такое паданне захавалася ў вёсцы Канюхі.

Вызначылася прыкметная каляіна, якая паказвае на ўзрослую папулярнасць культавага каменя «Дзядок», здольнага выконваць жаданні і вылечваць хваробы, які таксама стаў турыстычным аб’ектам. Сюды прыязджаюць краязнаўцы з мэтай вывучэння валуна. Калі яшчэ некалькі гадоў таму да каменя вяла ледзь прыкметная сцежка, а сам ён быў схаваны сярод зараснікаў травы, то цяпер ён ляжыць на невялікай палянцы, да якой вядзе экалагічная сцежка. Буйны валун прыцягвае да сябе ўвагу краязнаўцаў з розных куткоў Беларусі.

Унікальная прырода нашага краю стала домам для многіх раслін-чырванакніжнікаў. На балоце выяўлена другое для Беларусі месца, дзе яшчэ захаваўся і расце знікаючы ў Еўропе від раслін – дуднік балотны. Яго вывучэннем і зацікавіліся вучні. Самая прыгожая кветка ў нашай флоры – вадзяная лілея, а па-навуковаму – німфея альба, гарлачык белы. Сустракаецца маленькая расліна, падобная на маленькі «плыцік» з адным ці некалькімі звісаючымі ў ваду каранямі-якарамі. Немцы яго называюць воднай чачавічкай, ангельцы − качынай травой, а мы − раскай. Звычайныя, на першы погляд, расліны ўразілі юных даследчыкаў тым, што яны зיִяўляюцца ахоўнымі не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі.

У межах балотнага масіва і па перыферыі адзначаны амаль усе буйныя капытныя: лось, кабан, казуля, алень. А вось у госці да жывых баброў наведвальнікі адпраўляюцца з задавальненнем. Тут можна паназіраць за імі, даведацца шмат цікавых фактаў пра іх  жыццё.

– Часцей за ўсё яны імкнуцца схавацца, з грызуноў бабры самыя асцярожныя, амаль як ваўкі, але бывае, паводзяць сябе самаўпэўнена, могуць побач пасядзець, папрыхарашвацца, – расказвае Марына Раманаўна, – але ж зрабіць сэлфі з «каралём грызуноў» наўрад у каго атрымаецца.

Наша мясцовасць багата не толькі бабрамі. Падчас невялікай інспекцыі  нашымі юнымі даследчыкамі былі выяўленыя і зафіксаваныя на камеру даволі рэдкія віды птушак. «Гарадзенская Свіслач» – важнае месца для адпачынку і кармлення мігруючых відаў птушак. Тут знайшлі дом каля ста відаў птушак з двухсот сарака адзначаных на гняздоўі ў Беларусі, мала таго, трыццаць чатыры віды птушак уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Акрамя вяртлявай чаротаўкі – экалагічнага сімвала Гарадзеншчыны – тут можна сустрэць драча, вялікага вераценніка, лебедзя-шыпуна, лебедзя-клікуна, серабрыстую і шызую азёрную чайку, белашчокую рыбачку. На крутых берагах ракі Свіслач гняздзіцца вельмі прыгожая ахоўная птушка – шчурка залацістая. Падобнай разнастайнасцю можа пахваліцца хіба толькі Палессе. Некаторыя птушкі жывуць тут пастаянна, для іншых заказнік – перавалачны пункт: адпачнулі, набраліся сілы і паляцелі далей. Даліна Свіслачы стала для чырванакніжных раслін апошнім прыдатным для жыцця месцам.

Некаторыя з птушак вядомыя на Гродзеншчыне па гнездаванні толькі тут (вяртлявая чаротаўка, шчурка-пчалаедка, белашчокая рыбачка). На адной з чарговых экскурсій вучням пашчасціла сустрэць вяртлявую чаротаўку (біноклі і палявыя вызначальнікі дазваляюць бліжэй пазнаёміцца з крылатымі жыхарамі). Гэта была маленькая птушка, памерам з вераб’я, зелянява-бурая, з няяснымі стракацінамі на крылах, двума выразнымі жоўтымі палосамі на цемені. Яна юрка пераляцела з аднаго сцябла трыснёга на другі. Даведаўшыся, што самцы вяртлявай чаротаўкі дзіўныя спевакі і пачынаюць свае канцэрты з прыходам змяркання, здзейснілі і вячэрнюю экскурсію.

Рэдкая пявучая птушка Еўропы, якая захавалася толькі ў Беларусі, Польшчы, Літве і Украіне, знаходзіцца пад пагрозай татальнага знішчэння, таму ў школе было вырашана падрабязней вывучыць асаблівасці жыцця вяртлявай чаротаўкі і інфармаваць насельніцтва з мэтай захавання ўнікальнай мясцовасці і яе насельнікаў.

У супрацоўніцтве з арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” школьнікі разам з Марынай Раманаўнай  праводзяць актыўную даследчую працу па вывучэнні гнездавання птушак ў заказніку. Дзіцячыя даследаванні многа гадоў запар аказваюцца ў ліку лепшых на раённых і абласных конкурсах і навуковых канферэнцыях. Удзельнікі даследавання правялі даследчую працу «Вяртлявая чаротаўка», прымалі ўдзел у канферэнцыях у Мастах, у Слоніме, у абласным конкурсе «Па старонках Чырвонай кнігі». Даследчыкі ўзнагароджаны дыпломам III ступені ў абласным злёце юных эколагаў у намінацыі “Арніталогія”, дыпломам III ступені ў XIV адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі “Ступени к науке», дыпломам за паспяховы ўдзел у абласной краязнаўчай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”. У абласным аглядзе-конкурсе «Экалагічная сцежка» яны занялі 2-ае месца, 3-е месца ў абласной экалагічнай экспедыцыі «Старонкамі Чырвонай кнігі Гродзеншчыны», 2-е месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёная школа” у намінацыі “Зялёны дзень” (2018/2019 н.г.).

Ахова ўнікальнай флоры і фауны – справа не толькі дзяржавы, але перш за ўсё кожнага чалавека. Уздоўж ракі Свіслач устаноўлены інфармацыйныя стэнды, якія расказваюць аб унікальнасці птушак, якія насяляюць пойму ракі. Вынік ужо ёсць: дзеці назіраюць, слухаюць птушыны канцэрт.

На думку Марыны Раманаўны, экалагічная сцежка не павінна нагадваць музей. Разам з групай ініцыятыўных вучняў настаўніца стварае маршруты ў выглядзе квэста на тэму жывой прыроды “Край свой родной в сердце храни, потомкам своим его сохрани!” Атрад эколагаў-біёлагаў здзеўсніў этнаграфічную экспедыцыю. У сваім праекце вучні  апісалі тапанімічнае значэнне некаторых геаграфічных назваў. Зараз праца ў гэтым накірунку працягваецца.

– Мы плануем і далей працягваць вывучэнне прыроды роднага краю, інфармаваць насельніцтва аб унікальнасці нашай мясцовасці. У перспектыве  таксама стварыць атлас жывёл, якія сустракаюцца ў нас, – дзеліцца планамі Марына Раманаўна. – Дзеці, якія ўмеюць назіраць прыроду, кім бы яны ні сталі, у будучыні вырастуць актыўнымі грамадзянамі і будуць беражліва ставіцца да прыроды.

Марыя Коўшык, настаўнік рускай мовы і літаратуры

Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *