З любоўю ў сэрцы да роднай зямлі

Лента новостей Общество

Ужо 8 гадоў жыве ў Вялікай Бераставіцы ў сваёй дачкі Галіны Аляксей Дзмітрыевіч Саковіч. У мінулы чацвер яму споўнілася 90 гадоў. А нарадзіўся Аляксей Дзмітрыевіч у Шчучынскім раёне ў вёсцы Замошша. Але абставіны склаліся так, што ў сталым узросце яму прыйшлося змяніць месца жыхарства і пераехаць да дачкі. Цяпер Бераставіччына стала яго другой малой радзімай.

— Мой бацька, — кажа дачка Галіна Казлоўская, — нягледзячы на такі шаноўны ўзрост вядзе даволі актыўны лад жыцця. Ён стараецца яшчэ дапамагчы мне па хатняй гаспадарцы, сходзіць курэй пакарміць. А бывала і ў агарод выйдзе каб градкі прапалоць пакуль я на рабоце, прыходзілася нават матыку хаваць. Яшчэ да мінулага года разам на канцэрты ў летнім амфітэатры па нядзелях хадзілі. Да возера на прагулку наведваліся.

Шмат чаго давялося перажыць 90-гадоваму юбіляру у сваім жыцці. Як і ўсе вясковыя дзеці Аляксей з малых гадоў прызвычаіўся да працы на сваёй гаспадарцы: пасвіў кароў і коней, дапамагаў бацькам у поле. Там, на сваёй радзіме, ён ведаў кожны вугалок.

І вось раптам яму разам з усёй сям’ёй прыйшлося пакінуць гэтыя родныя мясціны. Малому вясковаму хлопцу у 11-гадовым узросце было незразумелым, чаму яны павінны пераязджаць адсюль у далёкую Сібір, пра якую ён дагэтуль нічога не чуў. Хіба ж мог ён зразумець, што яго бацька за сваю гаспадарлівасць і руплівасць на зямлі,  пападзе ў разрад кулакоў.

А яшчэ ў дадатак да гэтага ён жыў некаторы час далёка за акіянам. Многія нашы землякі выязджалі ў пачатку мінулага стагоддзя ў пошуках лепшай долі ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Вось так апынуўся далёка за межамі роднай краіны і Змітрук Саковіч разам з жонкай, бацька Аляксея. Там нарадзілася і іх першае дзіця – сын Якуб, старэйшы брат Аляксея. Але неўзабаве настальгія ўсё болей і болей давала знаць пра сябе, і вырашылі Саковічы вярнуцца на сваю радзіму. У той час тут была Польшча. Дарэчы, пазней, Якуб ужо ў паўналетнім узросце вярнуўся назад у Амерыку. Усяго ў сям’і Саковічаў нарадзілася 10 дзяцей, Аляксей быў самым малодшым з іх.

Між тым, з усталяваннем савецкай улады ў 1939 годзе, пачалася кампанія супраць багатых гаспадароў, якіх называлі кулакамі. Не мінула гэта доля і Саковічаў. Перад самым пачаткам вайны гаспадара адправілі ў турму, а сям’ю вывезлі ў далёкі Краснаярскі край.

— Мы апынуліся пасля шматдзённага пераезда непадалёку ад горада Абакан, — кажа Аляксей Дзмітрыевіч. – Там у той час паўсюдна былі калгасы, і якраз ішла нарыхтоўка сена. Дзеці таксама працавалі разам з дарослымі. Хлопцы майго ўзросту верхам на конях падцягвалі да стога копы з сенам. Жылі мы спачатку на кватэры ў мясцовых жыхароў, а потым нас перасялілі ў летні домік, які быў спецыяльна пабудаваны для чабаноў. Яны прыязджалі туды на лета пасвіць авечак. Пакуль на вуліцы было цяпло, рыхтаваліся да зімы, насілі гліну ў мяшках за плячыма, каб зрабіць печку. Але зімой і яна не вельмі выручала, нават вада замярзала ў хаце.

Пяць гадоў пражыла на чужыне беларуская сям’я Саковічаў. Аляксей пайшоў там у школу і скончыў амаль тры класы. А неўзабаве яны даведаліся, што бацьку выпусцілі з турмы ў Тамбове. Пасля адпаведных захадаў ім дазволілі таксама пераехаць у Тамбоў. Але доўга там ужо не затрымаліся.

— Прыехалі на Сёмуху, — удакладняе мой субяседнік, — а на “куцю” (Каляды ад рэд.) усе разам вярнуліся ў родныя мясціны. Хата стаяла цэлая, толькі вокнаў не было і ад печкі нічога не засталося.

Аднак у параўнанні з тым, што давялося перажыць на чужыне, гэта былі дробязі. Хутка разжыліся матэрыяламі, уставілі новыя вокны, адрамантавалі хату.

— Зямля у нас была самая горшая, — працягвае Аляксей Дзмітрыевіч. — Дзед быў паляўнічым, ён мог набыць у свой час і лепшую зямлю, але яму надта хацелася мець яе пры лесе. Да таго ж яшчэ 30 гектараў лесу мы мелі. Спачатку з апрацоўкай дапамагалі суседзі, а з цягам часу купілі жарабя і выгадавалі свайго каня.

Потым пачалася калектывізацыя. Не адразу пайшлі ў калгас Саковічы, але ж у рэшце вымушаны былі зрабіць гэта. Прыйшла эра калектыўнай працы. І ўсё сваё астатняе жыццё звязаў з той пары з працай у сельскай гаспадарцы Аляксей Саковіч. Яго сёстры, а было іх аж сем, павыходзілі замуж і разышліся па суседніх вёсках. Ажаніўся і Аляксей. Сваю другую палову ён знайшоў у суседняй літоўскай вёсцы. Маладая жонка пераехала жыць у Замошша. Хата была вялікая, і месца усім тут хапала. У маладой сям’і Саковічаў нарадзілася трое дзяцей. Бацьку Аляксея ўсе ведалі ў акрузе як знахара Змітрука Барадатага. Гэту клічку яму далі з-за густой барады, з якой ён ніколі не расставаўся. Нават у турме, калі хацелі яго пабрыць, нарабіў столькі шуму, што выклікалі начальніка і той урэшце дазволіў яму насіць бараду пры ўмове належнага догляду за ёю. Дарэчы, не толькі мясцовыя жыхары звярталіся да знахара з рознымі праблемамі, нават здалёк часам прыязджалі да яго.

За доўгія гады работы ў калгасе Аляксей Саковіч быў і паляводам, і на жывёлагадоўчай ферме працаваў, і кароў пасвіў. Нягледзячы на пенсійны ўзрост, яшчэ на працягу сямі гадоў хадзіў на працу. А калі стагі саломы клалі, ён быў проста незаменным работнікам. Нават наручны гадзіннік у падарунак атрымаў за гэта.

Між тым, унукі адшукалі праз інтэрнэт радню брата Якуба ў Амерыцы. Яго чатыры дачкі і сын жывуць там і вельмі хацелі б пабачыць роднага дзядзьку-юбіляра. Вось толькі каранцін пакуль перашкаджае. Рыхтуецца да візіту гасцей і дачка Галіна, якая працуе дарэчы ў цэнтральнай раённай бальніцы. Усе спадзяюцца, што гэтая навала хутка скончыцца, і сустрэча патомкаў двух братоў, самага старэйшага і самага малодшага усё ж адбудзецца. А пакуль віншаванні з нагоды юбілею ад заакіянскіх сваякоў у адрас Аляксея Дзмітрыевіча прагучалі ў дзень яго нараджэння праз інтэрнэт.

Сяргей Хілюта, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *