З любоўю да дзяцей. Выхавацель Вялікабераставіцкага ясляў-сада Жанна Акудовіч

Лента новостей Человек и его дело

IMG_4088Напісаць пра Жанну Акудовіч, выхавацеля дашкольнай адукацыі Вялікабераставіцкага ясляў-сада, мяне папрасілі бацькі выхаванцаў старэйшай групы №10, з якімі Жанна Мікалаеўна працавала на працягу чатырох гадоў іх знахо­джання ў дашкольнай установе. За гэты час і дзеці, і бацькі вельмі палюбілі Жанну Мікалаеўну, паколькі яна сама заўсёды з любоўю і цеплынёй адносіцца да кожнага дзіцяці, і за гэтыя гады стала для іх сапраўднай другой мамай. Цяпер, калі яе выхаванцы заканчваюць яслі-сад, з асаблівым шкадаваннем і яны, і іх бацькі развітваюцца са сваім любімым выхавацелем.

У 1988 годзе, пасля заканчэння Гродзенскага педагагічнага вучылішча, Жанна Акудовіч прыйшла працаваць у Вялікабе­раставіцкі яслі-сад, і па сённяшні дзень гэта адзінае месца яе працы. За ўсе гэтыя гады ў яе нават і не ўзнікала думкі аб тым, каб змяніць прафесійную дзейнасць.
— Проста я вельмі люблю дзяцей, — гаворыць Жанна Міка­лаеўна, — і не ўяўляю свайго жыцця без іх гарэзлівых усмешак, адкрытых сэрцаў і пастаяннага імкнення пазнаваць навакольны свет. Цяпер іх у мяне ў групе 28. Усе дзеці вельмі розныя, непаўторныя і своеасаблівыя, і трэба знайсці індывідуальны падыход да кожнага. Я стараюся думаць так, як яны, імкнуся стаць ім сябрам і дарадчыкам, якому яны давяраюць. У кожнага дзіцяці ёсць нешта сваё, і задача выхавацеля – знайсці гэта, убачыць, падабраць ключык да дзіцячага сэрца. Ведаеце, дзеці вельмі тонка адчуваюць, як да іх адносяцца, яны, як тыя кветкі, патрабуюць асаблівай увагі, любові і клопату, і адказваюць шчырай любоўю на любоў да сябе.
За 28 гадоў працы ў Жанны Мікалаеўны было шмат выпускаў, многія яе выхаванцы ўжо самі сталі бацькамі, а сёлетнюю выпускную групу нават наведвала дачка яе былой выпускніцы з самага першага набору.
І праз гады былыя выхаванцы не забываюць свайго выхавацеля, заўсёды з радасцю сустракаюцца з ёю, з цеплынёй успамінаюць свае дзіцячыя гады і саму Жанну Мікалаеўну.
Жанна Акудовіч любіць рабіць усё сваімі рукамі, у яе нядрэнна атрымліваецца маляваць, ляпіць, і гэтаму яна імкнецца навучыць сваіх выхаванцаў. У яе групе часта арганізоўваюцца выставы і дзіцячых работ, і падрыхтаваных сумесных з бацькамі.
На працягу чатырох гадоў, калі хлопчыкі і дзяўчынкі наведваюць дзіцячы сад, усе дзіцячыя работы выхавацель збірае ў спецыяльную папку, якую потым аддае на памяць кожнаму дзіцяці.
Знаходзіць Жанна Мікалаеўна агульную мову і з бацькамі сваіх выхаванцаў, пастаянна знаёміць матуль і татаў з асаблівасцямі развіцця іх дзетак, вучыць правільна будаваць адносіны з сынам або дачкой, дзеліцца педагагічным вопытам. Бацькі паважаюць яе за прафесіяналізм і ахвотна прыслухоўваюцца да парад.
Пакуль мы размаўлялі, у групу зайшла Наталля Савіцкая, мама адной з выхаванак Жанны Мікалаеўны. Яна таксама з цеплынёй і ўдзячнасцю выказалася пра свайго выхавацеля, адзначыўшы, што Жанна Мікалаеўна была другой мамай не толькі для іх дзетак, але нават для бацькоў сваіх выхаванцаў.
— Мая дачка Каця адразу палюбіла Жанну Мікалаеўну і ахвотна хадзіла ў дзіцячы садок з першага дня, — пацвердзіла Наталля Мікалаеўна, — і я думаю, што гэта могуць сказаць усе астатнія бацькі, бо для нашых дзетак у Жанны Мікалаеўны заўсёды знойдзецца добрае і пяшчотнае слова, яна і прытуліць іх, і пашкадуе.
У Жанны Мікалаеўны двое сваіх дзяцей, сын і дачка, яны ўжо дарослыя. У свой час сын мог бы пайсці ў групу да мамы, але яна вырашыла, што лепей будзе, калі ён будзе займацца ў іншага выхавацеля, каб не было дзіцячай рэўнасці, што мама абдымае і садзіць на калені іншых дзяцей.
— І ведаеце, — прызнаецца Жанна Мікалаеўна, — калі дзеці выраслі і паехалі вучыцца, у мяне нават было такое адчуванне, што я трохі недалюбіла ўласных дзяцей, недадала ім той любові і пяшчоты, якой адорвала сваіх выхаванцаў. Бо калі ты цэлы дзень займаешся з іншымі дзецьмі, то вечарам часта ўжо на сваіх дзяцей сілаў не хапае, тым больш, што і спраў па дому шмат.
Да сваёй прафесіі Жанна Акудовіч падыходзіць з усёй адказнасцю, падкрэслівае, што асновы выхавання кожнага дзіцяці закладваюцца ў раннім дзяцінстве, калі дзіця – як чысты ліст паперы, і што першапачаткова на ім напішаш, тое і застанецца на ўсё жыццё. Таму яна штодзённа адорвае сваіх выхаванцаў цеплынёй, клопатам і пяшчотай і робіць усё магчымае, каб у дзіцячым садзе малышы адчувалі сябе як дома.
Ірына Міклаш,  фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *